Спецпрадстаўніка ЗША па Беларусі Джона Коўла ў сацсетцы X спыталі, ці можна чакаць вызвалення палітвязняў у найбліжэйшы час.

Яна Кавалёва — сястра палітвязня Іллі Верамеева, якога затрымалі ў лютым 2022 года і асудзілі на восем гадоў калоніі, спытала Коўла: «Ці можам мы спадзявацца на вызваленне палітвязняў у найбліжэйшай будучыні?»
Коўл адказаў адным словам: «Так».
Раней, у чэрвені, на пытанне ў сацсетцы X, калі яго чакаць у Мінску, амерыканскі спецпрадстаўнік адказаў: «Хутка». Да гэтага Коўл заяўляў, што яшчэ не скончыў працу над вызваленнем палітвязняў, і заклікаў не губляць надзею.
А на пост Святланы Ціханоўскай з падзякамі амерыканскаму боку, Коўл адказаў: «Наперадзе яшчэ больш [вызваленняў]».
На пытанне «Нашай Нівы» падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» Святлана Ціханоўская запэўніла, што гуманітарны трэк працягваецца.
«Гэта не паўза, а абставіны. Мы разумеем, што дамаўляцца з рэжымам цяжка, але мы на пастаяннай сувязі са спадаром Джонам Коўлам і вельмі ўдзячныя яму, спадару Дональду Трампу і Марку Рубіа, што яны спрыяюць гэтаму гуманітарнаму трэку. Сачыце за сацсеткамі спадара Коўла, ён кажа, што чакаюцца добрыя навіны», — сказала яна.
Паводле амерыканскага боку, агулам ЗША паспрыялі вызваленню больш як 500 беларускіх палітвязняў.
Цяпер чытаюць
На Афоне адшукалі тры невядомыя раней асобнікі Астрожскай Бібліі. Для яе стварэння друкар Іван Фёдараў, выхадзец з Беларусі, выкарыстоўваў тэксты Скарыны
Каментары