Парламенцкі камітэт Славеніі па пытаннях бяспекі запатрабаваў ад разведвальнай службы SOVA тэрміновую інфармацыю пра магчымыя сувязі прэзідэнткі краіны Наташы Пірц-Мусар з расійскімі спецслужбамі. Пасяджэнне з прадстаўнікамі разведкі плануюць правесці на наступным тыдні, піша The Moscow Times.

Падставай для праверкі сталі публікацыі пра даўнюю сяброўку прэзідэнткі Вікторыю Крывалуцкую — грамадзянку Славеніі расійскага паходжання. Як высветлілася, раней яна мела рамантычныя адносіны з Раманам Еглічам, былым супрацоўнікам славенскай разведкі, які ў сярэдзіне 1990‑х гадоў збег у Расію.
Дэпутат ад кіроўнай правацэнтрысцкай Славенскай дэмакратычнай партыі Жан Махніч заклікаў урад спыніць перадачу Пірц-Мусар разведвальнай інфармацыі і матэрыялаў, звязаных з пытаннямі бяспекі. Ён заявіў, што асцерагаецца магчымых сувязяў прэзідэнткі з расійскай шпіёнскай сеткай.
Офіс Пірц-Мусар катэгарычна адхіліў падазрэнні ў яе сувязях з расійскімі спецслужбамі.
Цікавасць да гэтай гісторыі ўзнікла пасля аварыі з удзелам аўтамабіля прэзідэнткі. У канцы ліпеня Пірц-Мусар была шпіталізаваная з пераломам ключыцы. Крывалуцкая ў момант аварыі таксама знаходзілася ў машыне.
Славенскія СМІ раней паведамілі пра цесныя сувязі Крывалуцкай з Раманам Еглічам. Яна пацвердзіла, што яны былі ў рамантычных адносінах і некалькі гадоў жылі разам у Расіі. Паводле яе слоў, сувязь з былым разведчыкам яна не падтрымлівае ўжо больш за 15 гадоў.
Славенія заплаціць беларусу амаль 100 тысяч еўра за тое, што на яго навялі пісталет пры затрыманні, а пасля пратрымалі год за кратамі
Прэм'ерам Славеніі стаў нацыяналіст і прыхільнік Трампа
Спікер парламента Славеніі паабяцаў рэферэндум аб выхадзе краіны з НАТА
У Славеніі прарасійскага палітыка абралі спікерам парламента
Каментары