Грамадства33

Экс-чыноўнік, аб'яўлены ў вышук ва Украіне, будуе новае жыццё ў Беларусі. Ужо заняў высокую пасаду і пабываў у Палацы Незалежнасці

Адным з бізнэсменаў, якія прыйшлі на «тымбілдынг» у Палац Незалежнасці, стаў Раман Вяпрыцкі — былы топ-менеджар Украінскай чыгункі, якога абвясцілі ў вышук па карупцыйных артыкулах. З верасня 2022 года на радзіме ён афіцыйна лічыцца зніклым без вестак. Выданне «Люстэрка» высветліла, што былы чыноўнік жыве ў Беларусі: кіруе заводам, звязаны з праўладным фондам і ўжо паспеў паразмаўляць з прэм'ер-міністрам на нядаўняй сустрэчы ў палацы.

Раман Вяпрыцкі. Фота: Facebook/unian.ua

Каркаломная кар'ера і абвінавачанні ў «схемах»

«У адрозненне ад большасці ўкраінскіх палітыкаў і бізнэсменаў, Раман Сяргеевіч мае не адну, а адразу пяць вышэйшых адукацый», — пісаў пра Вяпрыцкага ананімны аўтар. Відаць, у некаторых ВНУ ён вучыўся паралельна — у выніку стаў дыпламаваным дзяржслужбоўцам, менеджарам, землеўпарадкавальнікам, чыгуначнікам і доктарам юрыдычных навук у адной асобе. З 2009 года ён працаваў на дзяржаўных пасадах у Днепрапятроўскай і Харкаўскай абласцях, у 2015‑м стаў дэпутатам абласной рады.

У 2017 годзе Вяпрыцкі перайшоў у рэгіянальнае падраздзяленне Украінскай чыгункі, у хуткім часе ўзначаліў мясцовы філіял. Ужо ў лютым 2020 года вырас да дырэктара па інфраструктуры ў мацярынскай кампаніі, яшчэ праз пару месяцаў стаў членам праўлення. Выданне «Стопкор» называла гэта рашэнне «адным з самых дзіўных за апошнія тыдні», а новапрызначанага кіраўніка — «адным з галоўных аўтараў ценявых схем у чыгуначнай сферы».

Удзельнік мітынгу чыгуначнікаў папраўляе плакат з тварам Рамана Вяпрыцкага, якога абвінавачвалі ў карупцыйных схемах. Кіеў, май 2020 года. Фота: aspi.com.ua

Узлёт скончыўся праз месяц: Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Украіны правяло ператрусы ў Вяпрыцкага дома і на працоўным месцы. Дзяржаўныя аўдытары знайшлі ў яго дзейнасці фінансавыя парушэнні прыкладна на 100 мільёнаў грыўняў (каля 3,8 мільёна даляраў на той момант). Яго спачатку адхілілі ад пасады, а пасля звольнілі.

Сам Вяпрыцкі называў рашэнне перадузятым і сцвярджаў, што дзейнічаў па законе. У сваёй адстаўцы ён бачыў рэакцыю ўплывовых груп на яго публічнасць і спробы змагацца з карупцыйнымі схемамі ўнутры кампаніі.

Чым скончылася тая гісторыя, невядома, украінскія СМІ больш пра яе не пісалі, сам менеджар сышоў з публічнага поля. Аднак праз два гады Нацыянальная паліцыя аб'явіла Вяпрыцкага ў вышук.

Інфармацыя пра вышук Рамана Вяпрыцкага. Скрыншот: services.mvs.gov.ua

У картцы на сайце ведамства пазначана, што яго шукаюць па такіх артыкулах:

  • ч. 5 ст. 191 КК Украіны (Прысваенне, растрата маёмасці або завалоданне ёй шляхам злоўжывання службовым становішчам у асабліва буйных памерах або групай асоб);
  • ч. 2 ст. 366 КК Украіны (Службовая падробка, якая прывяла да цяжкіх наступстваў).

Вяпрыцкага хацелі ўзяць пад варту, але не змаглі знайсці. У выніку прызналі зніклым з верасня 2022 года — у гэтым статусе ён застаецца і цяпер.

Новае жыццё ў Беларусі

Усе вышэйпералічаныя падзеі не перашкодзілі Раману Вяпрыцкаму знайсці працу ў Беларусі ў 2024 годзе. Ён стаў дырэктарам завода «Ізамат-камплект», які вырабляе крапежныя элементы. Сам завод знаходзіцца ў Івацэвічах у Брэсцкай вобласці, а склад і офіс — у Мінску.

Раман Вяпрыцкі цісне руку прадстаўніку прафсаюза. Івацэвіцкі раён, кастрычнік 2025 года. Фота: izk.by

Фота на сайце і ў сацсетках прадпрыемства паказваюць: заводам кіруе не проста аднафамілец, а той жа чалавек, якога шукаюць ва Украіне. Сэрвіс Amazon Recognition ацэньвае верагоднасць супадзення ў 99,9%.

Вынік параўнання дзвюх фатаграфій Рамана Вяпрыцкага — апублікаванай ва ўкраінскай арыенціроўцы і зробленай на беларускім заводзе. Скрыншот: Amazon Recognition

Вяпрыцкі таксама звязаны з праўладным Беларускім фондам міру. Яго можна бачыць на мерапрыемствах арганізацыі, у публікацыях яго прадстаўляюць дарадцам старшыні праўлення — то бок Максіма Місько. Пры гэтым на сайце фонда не згадваецца такая пасада.

Раман Вяпрыцкі ўдзельнічае ў сустрэчы актыва Беларускага фонду міру з мітрапалітам Веніямінам. Фота: church.by

Нядаўна Вяпрыцкі прыязджаў у мінскі Палац Незалежнасці на сустрэчу прадпрымальнікаў з прэм'ер-міністрам Аляксандрам Турчыным. Мяркуючы па фотасправаздачы, ён паспеў звярнуцца да чыноўніка з пытаннем (а магчыма — з прапановай).

Раман Вяпрыцкі бярэ ўдзел у сустрэчы з прэм'ер-міністрам Аляксандрам Турчыным. Фота: БелТА

Цікава, што былы чыноўнік прывёз з сабой у Беларусь не толькі цікавасць да бізнэсу і грамадскай дзейнасці, але і хобі. На старонцы Вяпрыцкага ў «Вікіпедыі» хтосьці склаў доўгі спіс яго ўзнагарод і дасягненняў — напрыклад, медаль «Лідары XXI стагоддзя», ордэн «Патрыёт Украіны», першая дзейная копія кіеўскага вакзала.

У гэтым жа спісе — самая вялікая ва Украіне калекцыя фігурак сланоў. Да ад'езду іх было 3700, дэпутат нават уключаў іх у свае штогадовыя дэкларацыі. У Беларусі Вяпрыцкі ўступіў у аб'яднанне калекцыянераў, а гэтым летам атрымаў для сваёй калекцыі спецыяльны сертыфікат. Дарэчы, яна падрасла: фігурак ужо больш за чатыры тысячы.

Каментары3

  • Tyu
    29.08.2026
    Паразіты ўсіх краін яднайцеся
  • Ёсік
    29.08.2026
    Адразу пашпарт атрымаў, што на нейкія пасады ўлез?
  • Спадар
    30.08.2026
    Ёсік, можа і загадзя зрабіў. Бо дырэктарам прадпрыемства можна і з відам на жыхарства стаць.

Цяпер чытаюць

Зяленскі: Украіна закрывае неба Расіі для цывільнай авіяцыі11

Зяленскі: Украіна закрывае неба Расіі для цывільнай авіяцыі

Усе навіны →
Усе навіны

21‑гадовага хлопца, якога шукалі ў Дзяржынскім раёне, знайшлі мёртвым

У Румыніі, Эстоніі і Латвіі абвяшчалі паветраную трывогу і падымалі знішчальнікі НАТА праз беспілотнікі

На МКАД 22‑гадовы кіроўца BMW збіў асвятляльную мачту5

«Не ведаю, дзе ён жыве і што есць». У беларускай мадэлі ў Канадзе муж забраў сына20

«Колькі за рэкламу заплацілі?» Юнак з мадэльнай знешнасцю робіць топавыя тыктокі з працы на заводзе ліфтоў5

«Чакаем у Мінску +1 славутасць!» Блогераў прывезлі ў былую турму на Валадарскага23

Мінюст пазбавіў ліцэнзіі адваката за дыскрэдытуючыя дзеянні

У Краснаярскім краі Расіі сямікласніца з нажом напала на настаўніцу7

Расіянін у Чарнагорыі расстраляў у ціры трох чалавек7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі: Украіна закрывае неба Расіі для цывільнай авіяцыі11

Зяленскі: Украіна закрывае неба Расіі для цывільнай авіяцыі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць