«Не марнуйце час». Кампанія праехала 22 кіламетры ў рэстаран пад Гроднам, заплаціла за ўваход у яго, але засталася галоднай
Кампанія з Гродна адмыслова паехала ў рэстаран «Свяцкі бровар» у Свяцку, але ўсё пайшло не па плане. Чаканага задавальнення яны не атрымалі, а павячэралі смажаным хлебам з супам.

Сваімі ўражаннямі ад наведвання рэстарана жанчына падзялілася ў Threads.
«Ніколі не думала, што буду вячэраць смажаным хлебам у рэстаране, дзеля якога наша кампанія праехала 22 кіламетры з Гродна. Але «Свяцкі бровар» у Свяцку здолеў здзівіць», — напісала яна.
Паводле жанчыны, каб трапіць у рэстаран, кожнаму наведніку спачатку давялося заплаціць па сем рублёў за ўваход на тэрыторыю комплексу.
Пры гэтым кампанія па комплексе не збіралася гуляць, а ехала спецыяльна па фірмовыя рабрынкі.
«Добра, заплацілі. Але ўнутры пачаўся сапраўдны гастранамічны квэст пад назвай «Адгадай, чаго яшчэ ў нас няма». Рабрынкі? Скончыліся. Карпача? Таксама няма. Мясны сэт? Адсутнічае. Гарачая салата з ялавічынай? Прабачце, няма. Афіцыянтка тройчы вярталася з адмовамі», — расказала наведніца.
Таму давялося замовіць смажаны хлеб, суп і каву.
«Паважанае кіраўніцтва, калі ў вас пустыя халадзільнікі і кухня не спраўляецца з пастаўкамі, можа, не варта браць з людзей грошы за ўваход, каб яны проста пасядзелі ў пустой зале? Прыгожае месца, але сэрвіс абсалютна пусты. Не марнуйце час на дарогу і грошы на бензін — яно таго не варта», — падсумавала жанчына.
У каментарыях іншыя наведнікі падзяліліся падобным досведам.
«У нас таксама паловы страў не было. Спісалі гэта на вечар нядзелі, але, відаць, там так пастаянна. Яшчэ і давялося пабегаць за афіцыянтам, каб нехта падышоў, хоць у зале былі занятыя ўсяго тры-чатыры столікі».
«Усё акуратна і чыста, гатуюць смачна — тут не прычэпішся. Але сама арганізацыя працэсу нулявая. Трэба як мінімум паставіць менеджарам чалавека з досведам».
«Заварушацца, калі кліентаў не стане. А пакуль зала поўная — і так сыдзе!»
Каментары
Гэта ж не Мінск, дзе кухар можа збегаць у гіпермаркет па мяса, калі яго не хапіла.
"А пакуль зала поўная...", - поўная, значыць астатнім наведвальнікам падабаецца.
А што не закупляюць лішняе, гэта каб свежае ўсё было.
Не бачу праблемы.
"Пры гэтым кампанія па комплексе не збіралася гуляць", ага, усе так кажуць, а потым панапіваюцца і гуляюць.
Раю рэстарану ўключыць у меню бясплатны напой з мяты і валерыяны для такіх нервовых наведвальнікаў.