Свет

«Усе былі ў шоку». Беларуская айцішніца расказала, чаму выбрала для жыцця Венесуэлу

Маркетолаг Кацярына (імя змененае) некалькі месяцаў жыла і працавала на Маргарыце — галоўным курорце Венесуэлы і яе найбуйнейшым востраве ў Карыбскім моры, піша выданне Devby.io.

«Венесуэла — гэта мара, але не мая, а маёй сяброўкі»

Венесуэла — гэта мара, але не мая, а маёй сяброўкі. Яна ўжо бывала тут раней, закахалася ў краіну з першага погляду ды імкнулася сюды.

Я проста прыехала ў адпачынак наведаць яе, але на ўсялякі выпадак зрабіла падрыхтоўку, каб падоўжыць візу і пашукаць працу (з папярэдняга досведу мне здавалася, што знайду яе хутка). І ў выніку засталася на некалькі месяцаў.

Я жыла на востраве Маргарыта і магу расказваць толькі пра яго — на мацерыку ўсё можа быць інакш.

Да Венесуэлы я працавала на адну еўрапейскую фірму. Калі паведаміла, што планую нейкі час пажыць у Венесуэле, мне сказалі, што ім гэта нязручна (я не збіралася працаваць паводле еўрапейскага часу, бо я сава, для мяне прачнуцца да  9‑й — гэта пакута). Дарэчы, мая знаёмая працуе з Венесуэлы на Беларусь з другой ночы да  10‑й раніцы.

Тым не менш, на гэту еўрапейскую кампанію я нейкі час працавала і з Венесуэлы: папрасілі на фрылансе дапамагаць з некаторымі заданнямі. У такім фармаце анлайн мы былі адну-дзве гадзіны ў дзень. Складаней было тэрмінова вырашаць нейкія пытанні, але для мяне гэта было некрытычна.

На працы, вядома, усе былі ў шоку ад майго выбару краіны. Але потым паглядзелі фоткі, многім спадабалася.

Прырода на Маргарыце вельмі прыгожая: Карыбскае мора, зялёныя горы, ружовыя салёныя азёры, пляжы як з фота турыстычных сайтаў — усё гэта тут ёсць.

Карга-бюракратыя

Пазнаёмілася з мясцовай карга-бюракратыяй. Захаванне фармальнасцяў практычна гарантуе вынік, ніхто глыбей пададзеных паперак капаць не будзе. З іншага боку, вельмі трэба іспанская мова, хаця б А2: нават у міграцыйнай службе ангельскай не валодаюць.

Затое людзі тут вельмі ветлівыя, праявяць да вас сапраўдную цікавасць, прапануюць дапамогу.

Фота: Unsplash

Святло адключаецца штодня

Нестабільнасць і гіперінфляцыя, з якімі Венесуэла асацыюецца ў навінах, — гэта 100% праўда. Святло адключаецца штодня. Каму пашанцавала з раёнам — электрычнасць можа прапасці проста на 15 хвілін, а хтосьці па некалькі гадзін сядзіць без яе і чакае. Каму з мясцовых трэба — ва ўсіх ёсць бесперабойнікі. А ў вакансіях ёсць нават патрабаванне зрабіць скрыншот хуткасці асноўнага інтэрнэт-падключэння і бэкап-падключэння (я раздаю з мабільнага, але ў мяне ловіць не вельмі).

Хатні інтэрнэт на Маргарыце хуткі, мабільны не вельмі (але ў мяне быў адзін з самых танных мабільных тарыфаў), 65 і 15 Мбіт/с адпаведна. Калі новы ноўт, то блэкаўт на гадзіну не страшны, асабіста мне гэта не замінала. Але могуць быць непрыемныя моманты, калі электрычнасць прападзе падчас відэазванка. Цэны на інтэрнэт даражэйшыя, чым у Беларусі.

Водазабеспячэнне спецыфічнае

Водазабеспячэнне спецыфічнае: у кожнай кватэры і ў дамах ёсць бакі, якія напаўняюцца вадой. У кватэры ваду падаюць двойчы на тыдзень, але не заўсёды паводле раскладу, у дамы — могуць і раз на месяц. Апошнім часам з вадой стала не вельмі стабільна, людзі пратэставалі ўжо некалькі разоў.

Даўжэй за ўсё я прызвычайвалася тут менавіта да гэтага водазабеспячэння і да цыклаў падачы вады. Для мяне ўсё гэта не выглядае асабліва гігіенічна — усё роўна як мыць посуд у рацэ ў паходзе. У мяне былі прышчэпкі ад двух гепатытаў і слупняку, таму я старалася моцна не думаць пра гэта — жывуць жа тут людзі неяк.

Цэны як беларускія, але часам «як беларускія, толькі ў далярах»

Цэны ў супермаркетах на некаторыя прадукты прыкладна як беларускія, а на іншыя — як беларускія, але ў далярах (гэта значыць тое, што каштуе ў нас тры рублі, тут абыдзецца ў $3). Калі ўзяць у сярэднім, выходзіць крыху даражэй. Квіткі на гарадскі аўтобус, пакуль я жыла на Маргарыце, падаражэлі ўтрая.

Адзенне каштуе плюс-мінус як у Беларусі, а вось бытавая тэхніка і мэбля страшэнна дарагія. Ноўтбук, які ў ЗША можна купіць за $600, тут будзе ўдвая даражэйшы.

Людзей з еўрапейскай знешнасцю не крыўдзяць (на востраве)

З пункту гледжання бяспекі на востраве, падаецца, спакайней, чым у кантынентальнай частцы краіны. Як мне расказвалі, людзей з еўрапейскай знешнасцю тут ніхто не будзе крыўдзіць. З практыкі магу сказаць, што людзі добразычлівыя, вітаюцца, нешта гавораць. У мяне на гэты выпадак была прызапашана дзяжурная фраза perdón, no hablo español («выбачайце, я не гавару па-іспанску»). Маёй іспанскай хапала, каб зразумець прывітанні і адказаць, адкуль я. Звычайна спачатку венесуэльцы думалі, што я немка, потым прымалі за рускую. Але пра Беларусь і пра беларусаў яны ведаюць, большасць разумее розніцу.

Арэнда — можна пашыкаваць за $500

Арэнда жылля на Маргарыце абыходзіцца танней, чым у Мінску: за $300 можна знайсці прыстойную аднапакаёўку, а за $500 можна наогул пашыкаваць. Планіроўкі жылля там не беларускія — на наш густ у кватэрах будзе шмат прасторы. Цэны на камуналку — як паглядзець. З аднаго боку, рахунак за электрычнасць $5 у месяц. Але ў любым шматкватэрным доме будзе так званы «адміністрацыйны плацеж», роўны месячнай арэндзе. Пры гэтым звычайна ён плаціцца адразу за ўвесь перыяд кантракту (3- 6‑12 месяцаў). Дарэчы, у некаторых кандамініумаў ёсць памесячная аплата.

Базіліка Нуэстра-Сеньора-дэль-Валье на востраве Маргарыта ў Венесуэле. Фота: Béria L. Rodríguez, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Карткі, кэш, крыпта

Наяўныя ў Венесуэле можна зняць пад вялікі адсотак і толькі да $1000 у месяц. Таму я проста прывезла на Маргарыту з сабой наяўныя грошы і па меры неабходнасці іх выдаткоўвала. Тут у ходзе Binance, праз яго амаль усё можна аплаціць. Беларускія Visa/Mastercard таксама ўсюды працавалі. На Маргарыце ў ходзе даляры. Мясцовая валюта мне была патрэбная хіба ў аўтобусе, але і там можна было аплаціць далярамі.

З замежнымі пераводамі і наяўнымі ёсць варыянты, але пра іх і доўга расказваць, і сітуацыя пастаянна мяняецца. Праз паўгода яна ўжо дакладна будзе неактуальнай.

Я патраціла два месяцы на разборкі з Payoneer, а цяпер там наогул беларускія рахункі забанілі. Шкада, раней ён быў добрым аргументам для найму (патэнцыйным супрацоўнікам з Payoneer працадаўцы давяраюць больш, чым тым, хто просіць заробак у крыпце).

Від на ўзбярэжжа вострава Маргарыта ў Венесуэле. Фота: Jorge Campos, Unsplash

Венесуэла — гэта няпростая краіна для жыцця. Цяпер яна ў цяжкім становішчы. Мясцовыя мяне запэўнівалі, што ўжо хутка сітуацыя палепшыцца. Але мая эканамічная адукацыя не дазваляе ў гэта верыць. Гадоў праз 5‑10 прыязджайце, тут будзе добра. Але цяпер не трэба. Для сябе я вырашыла, што, калі дазволіць заробак, я лепш паспрабую суседнюю Калумбію. Але ў Венесуэлу таксама яшчэ вярнуся.

Калі вы ўсё ж сур’ёзна прыглядаецеся да гэтага рэгіёну для пераезду, рупліва ўзважце ўсё.

Такое рашэнне будзе каштаваць дорага. Пералёты дарагія, асабліва калі ў вас няма шэнгену або візы ЗША. Жыллё ў Лацінскай Амерыцы таксама не ўсюды таннае. Мясцовыя заробкі бываюць нядрэнныя, але не ў Венесуэле. Не забывайцеся пра прышчэпкі, нават мясцовы грып можа вас напалохаць. Будзьце гатовыя сустрэць скалапендраў, скарпіёнаў і тараканаў (калі «пашанцуе» — проста ў вашым жыллі). Будзе ўвесь час горача, пот ліцца ручаямі.

Каментары

Цяпер чытаюць

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў24

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Як жыхары вёскі пад Маладзечнам змагаюцца за чыстую ваду ўжо 15 гадоў

Трамп расказаў, калі сустрэнецца з Пуціным3

24‑гадовага хлопца з Асіповічаў, які хацеў увайсці ў IT, асудзілі па палітычным артыкуле, хоць ён нічога не зрабіў11

Расія закрые культурныя цэнтры нямецкага Інстытута Гётэ1

Сайман Шустэр: Гэта яна. Зяленскі афіцыйна запусціў аперацыю M&Ms, каб паралізаваць маскоўскія аэрапорты21

Заўтра ў Беларусі магчымы тарнада

Статкевіч заклікаў «глыбокапаважаную Нашу Ніву» не выкарыстоўваць слова «лабуда», а Ціханоўскага — не наракаць на СМІ36

Букмекеры абнавілі спіс фаварытаў на Нобелеўскую прэмію па літаратуры1

У Магілёве адкрылі шыльду губернатару Дэмбавецкаму. Дату смерці яму напісалі на гады ранейшую за спробу ўцячы з Савецкай Расіі9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў24

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць