Ад рэдакцыі6868

Ціханоўскі і Пятрухін распаўсюдзілі новую лабуду: што палітвязень Папоў атрымаў 16 гадоў турмы з-за публікацыі «НН»

Сяргей Ціханоўскі выступіў з чарговымі абвінавачваннямі ў бок «Нашай Нівы». Паводле Ціханоўскага, наша выданне датычнае да зняволення палітвязня Дзмітрыя Папова. Гэтая інфаспекуляцыя разлічаная на людзей, якія не ўмеюць гугліць. Прыводзім факты. А пасля іх — тое, што мы думаем пра апошнія дзеянні Сяргея Ціханоўскага.

Сяргей Ціханоўскі. Фота: stranadlyazhizni / instagram

«Я ведаю выпадкі, калі публікацыі «Нашай Нівы» фігуравалі ў крымінальных справах як доказы абвінавачвання. На маім судзе такая публікацыя выкарыстоўвалася ў справе Дзмітрыя Папова, якога ў выніку прысудзілі да 16 гадоў», — напісаў Ціханоўскі ў фэйсбуку.

А блогер Сяргей Пятрухін уключыў падчас свайго стрыму галасавое паведамленне, якое яму адправіў Ціханоўскі.

«Сядзяць невінаватыя людзі, недатычныя людзі. Сядзяць праз іх артыкулы. У адным яны напісалі, што Папоў вёў сацсеткі Ціханоўскага. Расіянін такі. Гэта няпраўда, а чалавек сядзіць. А ў другім, што Ціханоўскі з Расіяй звязаны. Вось яны знайшлі адзінага расіяніна не ў маёй камандзе, а знаёмы майго відэааператара. Ён зараз сядзіць, яму 16 гадоў. Гэта з-за публікацыі гэтай інфапамыйкі», — прагучала ў стрыме.

Гэтая інфаспекуляцыя разлічаная на людзей, якія не ўмеюць гугліць і супастаўляць факты. Палітвязень Дзмітрый Папоў — малавядомы, таму што ў Беларусь ён прыехаў з Расіі незадоўга да падзей 2020 года. Папоў быў вядомы ўдзелам у расійскіх праектах «Сканер» (па дэананімізацыі сілавікоў) і «Мужчынская дзяржава». Пра жыццё Папова ў Расіі падрабязна пісала «Медыязона». Калі ён пераехаў у Беларусь — невядома.

На сайце «Наша Ніва» Папоў згадваўся чатыры разы, усе чатыры разы гэта перадрукі: адно паведамленне «Радыё Свабода» і тры кароткія інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна». Вось што пісалася ў тых перадруках.

4 чэрвеня 2020 года пра затрыманне Папова паведаміў карэспандэнту «Радыё Свабода» мазырскі фермер, да якога ў дом уварваліся сілавікі:

«Былі і на берасцейскіх, і на мінскіх нумарах. Аказалася, яны шукалі Дзіму Папова — ён працаваў аператарам у Сяргея Ціханоўскага. Дзіма, праўда, быў у нас, але ён збег. … Выпытвалі, дзе Дзіма Папоў. Перавярнулі ўвесь дом мой, забралі тэхніку».

«Наша Ніва» пераставіла той тэкст: «Наляцелі 18 міліцыянтаў, дом дагары нагамі!» Мазырскі фермер расказаў, як у яго шукалі паплечніка Ціханоўскага.

Наступная згадка Папова на сайце «Нашай Нівы» — 8 ліпеня 2020 года. Тады ў перастаўленым з «Вясны» пераліку затрыманых блогераў і актывістаў называецца і расіянін. Праваабаронцы прадставілі яго як «мадэратара сацсетак «Краіны для жыцця».

10 ліпеня 2020 года вясноўцы даведаліся пра тое, што на Папова завялі крымінальную справу, а 13 ліпеня 2020 года ён быў прызнаны палітвязнем. У гэтых навінах ён па-ранейшаму фігуруе як «мадэратар сацсетак Ціханоўскага».

Ці можна паверыць, што скрыншоты гэтых перадрукаў на сайце «Нашай Нівы» былі асновай абвінавачвання на судзе? Не, гэта дурасць.

29 ліпеня 2020 года ў эфіры АНТ паказалі частку паказанняў, якія даваў Дзмітрый Папоў. Памяшканне, у якім адбывалася здымка, падобнае да кабінета для допытаў СІЗА №1 на Валадарцы. Камера (хутчэй за ўсё, схаваная) ці то ўстаноўленая на стале, ці то прымацаваная да формы кагосьці са следчых.

У гэтым відэа Папоў расказвае пра супрацоўніцтва з камандай Ціханоўскага. Магчыма, паказанні даваліся пад ціскам, але ў любым выпадку сказаныя ім словы дайшлі да суда і ляглі ў абвінавачванне. Нават калі б Папоў на працэсе і казаў бы адваротнае.

Так, у палітычныя крымінальныя справы ў якасці дадатковых элементаў могуць падшываць і матэрыялы незалежных СМІ. Там справы абсурдныя, высмактаныя з пальца. Але гэта не значыць, што Папова пасадзілі ў выніку публікацый СМІ ці праваабаронцаў.

«НН» заклікае Сяргея Ціханоўскага спыніць распаўсюд хлуслівай інфармацыі.

* * *

Ціханоўскі і Пятрухін чапляюцца да словаў журналістаў: там не тое слова, там не такі загаловак — а самі распаўсюджваюць поўную лабуду. Разлічваюць, што ніхто не будзе ўдумвацца, а ім — порцыя ўвагі. Магутны ўдар па лукашызме нанесены, казкі расказаныя. І не прыдумалі іншага спосабу прыцягнуць да сябе ўвагу як распачаць вайнушку. Але інфаспекуляцыя сёння дае табе пару клікаў, але доўгатэрмінова — дыскрэдытуе. У Пятрухіна даўно не засталося рэпутацыі, Ціханоўскі гэтымі апошнімі крокамі знішчае астаткі сваёй. 

* * *

Можам мы памыляцца? Бывае. Можам мы ўжыць недакладнае, некарэктнае слова? Бывае. У кожнага тое бывае. Напішыце нам, папраўце, удакладніце, патлумачце, калі мы нешта не так зразумелі — мы выправім, размесцім ваш адказ, ваша ўдакладненне. Мы даём слова і тым, і тым.

«Наша Ніва» мае цвёрдыя прынцыпы. Калі вы сядзелі, мы вас баранілі. Але калі вы на свабодзе, а тым больш прайшоў год, і вы палітык — за дзейнасцю палітыкаў любога колеру мы сачылі і будзем сачыць крытычна.

Палітыкі не дзеці, каб ім у дупу дзьмухалі.

Пісалі і пісаць мы будзем зубаста, а часам і з’едліва, а часам з іроніяй.

Тут мусім зрабіць адступленне і патлумачыць чытачам — асабліва новым чытачам, якія пачалі чытаць «Нашу Ніву» пасля жніўня 2020-га, якія не разумеюць, чаму такая шура-бура. Насамрэч, рахункі даўнейшыя. У Сяргея Ціханоўскага вялікая крыўда на «НН» яшчэ за артыкул 2019 года «Раней фоткаўся з Сабчак, цяпер — з Севярынцам. Хто такі палітычны блогер Сяргей Ціханоўскі?». Мы ведаем пра гэта, бо ў 2025‑м на самай першай пасля вызвалення сустрэчы з журналістамі ў Варшаве нам давялося ад Ціханоўскага выслухаць шмат цёплых слоў пра той даўні артыкул. Але паўторымся: мы пісалі і будзем пісаць пра палітыкаў крытычна. Што было вядома пра Ціханоўскага па стане на той момант — тое і напісалі.

«Наша Ніва» век па сумленні рабіла тое, што лічым сваім абавязкам, што нам здавалася правільным. Мы і ў 2021‑м стаялі на варце да канца. Які абсурд думаць, што нехта сваёй лабудой у фэйсбуку змусіць нас абслугоўваць кагосьці; і якая недалёкасць у разуменні механізма адносін незалежных прыватных СМІ і іх данацёраў, донараў, фундатараў. 

Ціханоўскі сваёй бессэнсоўнай, нікому не патрэбнай вайной сябе дыскрэдытуе, а не нас.

Каментары68

  • Ты гоніш, Сяргей
    01.09.2026
    Сколькі села з-за тваіх стрымаў людзей, навошта адкрываць скрынку пандоры было? Прапаную Нашай Ніве вывучыць архіў матэрыялаў спраў, сколькі было вынесена вендыктаў па скрыншотах са стрымаў Страшны для Жизни і чату., і падаць гэтую сухую статыстыку народу, а не расшарквацца перад абарзеўшым.
  • барадзед
    01.09.2026
    сярожа зусім паплыў, сумна
  • не такі, як ёсць
    01.09.2026
    Мяне насамрэч здзіўляе не тое, што робіць Ціханоўскі, а тое, што нехта чакаў ад яго іншага

Цяпер чытаюць

Зяленскі: Украіна закрывае неба Расіі для цывільнай авіяцыі11

Зяленскі: Украіна закрывае неба Расіі для цывільнай авіяцыі

Усе навіны →
Усе навіны

21‑гадовага хлопца, якога шукалі ў Дзяржынскім раёне, знайшлі мёртвым

У Румыніі, Эстоніі і Латвіі абвяшчалі паветраную трывогу і падымалі знішчальнікі НАТА праз беспілотнікі

На МКАД 22‑гадовы кіроўца BMW збіў асвятляльную мачту5

«Не ведаю, дзе ён жыве і што есць». У беларускай мадэлі ў Канадзе муж забраў сына20

«Колькі за рэкламу заплацілі?» Юнак з мадэльнай знешнасцю робіць топавыя тыктокі з працы на заводзе ліфтоў5

«Чакаем у Мінску +1 славутасць!» Блогераў прывезлі ў былую турму на Валадарскага23

Мінюст пазбавіў ліцэнзіі адваката за дыскрэдытуючыя дзеянні

У Краснаярскім краі Расіі сямікласніца з нажом напала на настаўніцу7

Расіянін у Чарнагорыі расстраляў у ціры трох чалавек7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі: Украіна закрывае неба Расіі для цывільнай авіяцыі11

Зяленскі: Украіна закрывае неба Расіі для цывільнай авіяцыі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць