Назад да ручкі і забарона на смартфоны: універсітэты вымушаныя змяняць фармат заняткаў і кантрольных, інакш ШІ не дае ні вучыць, ні праверыць
Штучны інтэлект прымушае вядучыя ўніверсітэты свету пераглядаць звыклыя формы навучання і кантролю. Яны пачынаюць адмаўляцца ад эсэ, «хатніх праектаў» ды іншых работ, якія студэнт выконвае па-за аўдыторыяй. Выкладчыкі вяртаюцца да кантрольных у класе, напісаных ад рукі, замяняюць частку тэстаў вуснымі экзаменамі. Адначасова некаторыя ВНУ забараняюць у аўдыторыях ноўтбукі і смартфоны.

Масачусецкі тэхналагічны інстытут разглядае магчымасць змены ўсёй сваёй сістэмы адукацыі ў адказ на з'яўленне магутных мадэляў штучнага інтэлекту. Пра гэта ідзе гаворка ў новай справаздачы, апублікаванай спецыяльным камітэтам універсітэта па штучным інтэлекце. На яе звяртае ўвагу выданне Inside Higher Ed.
Аўтары справаздачы прыйшлі да непрыемнай для адукацыйнай сістэмы высновы: сучасны ШІ ўжо здольны даваць пераканаўчыя рашэнні практычна для любога пісьмовага задання бакалаўрскай праграмы — ад эсэ і праграмнага кода да матэматычных задач і доказаў.
Для выкладчыкаў гэтая праблема не новая: з распаўсюджваннем генератыўнага ШІ ўсё цяжэй вызначыць, ці сведчыць здадзенае эсэ, вырашаная задача або напісаны код пра веды самога студэнта.
Універсітэт не можа кантраляваць, як студэнт выконвае работу дома. Таму мяняюцца і спосабы праверкі ведаў. Выкладчыкі ўсё часцей звяртаюцца да метадаў, якія яшчэ нядаўна маглі здавацца састарэлымі: вусных экзаменаў, рукапісных работ у аўдыторыі, дыскусій на занятках і практычных заданняў.
Такі падыход практыкуюць і ў іншых амерыканскіх універсітэтах. Як піша Associated Press, усё большую папулярнасць набывае вусная абарона пісьмовых работ.
Напрыклад, у Карнельскім універсітэце студэнты некаторых курсаў пасля здачы хатняга задання праходзяць 20‑хвілінную размову з выкладчыкам або яго асістэнтамі. Пры гэтым ацэньваецца ўжо не сама пісьмовая работа, а тое, наколькі студэнт разумее зробленае і можа растлумачыць ход рашэння.
Вусную праверку спрабуюць прыстасаваць і да вялікіх патокаў. У тым жа Карнельскім універсітэце на адным з курсаў традыцыйны выпускны экзамен замянілі паўгадзіннай размовай з кожным студэнтам, а на інжынерным курсе са 180 студэнтамі праводзяць кароткія, прыкладна чатыроххвілінныя індывідуальныя інтэрв'ю. Універсітэт ужо арганізуе для выкладчыкаў асобныя семінары, прысвечаныя вусным формам ацэнкі ведаў.
Ва Універсітэце Пенсільваніі на некаторых курсах пісьмовыя работы таксама пачалі спалучаць з вуснымі экзаменамі. Выкладчыца гісторыі Універсітэта Вірджыніі расказала Nature, што тры разы за семестр прапануе студэнтам пісаць эсэ непасрэдна ў аўдыторыі. Яны могуць карыстацца кнігамі і сваімі нататкамі, але сам тэкст пішуць ад рукі ў экзаменацыйным сшытку — без тэлефонаў і ноўтбукаў.
У выніку аднымі з прыкметных адукацыйных «інавацый» эпохі штучнага інтэлекту становяцца метады, вядомыя задоўга да з'яўлення камп'ютараў: пісьмовыя работы ад рукі і вусная размова з выкладчыкам.
Для амерыканскай вышэйшай адукацыі вяртанне да вусных экзаменаў — даволі істотная змена. У адрозненне ад некаторых еўрапейскіх універсітэтаў, у ЗША яны не былі звычайнай формай праверкі ведаў студэнтаў бакалаўрыяту. Цікавасць да іх пачала расці яшчэ падчас пандэміі, калі пераход на дыстанцыйнае навучанне абвастрыў праблему спісвання, а пасля з'яўлення ChatGPT у 2022 годзе гэты працэс прыкметна паскорыўся.
Без ШІ ў аўдыторыі
Яшчэ далей пайшоў юрыдычны факультэт Чыкагскага ўніверсітэта. У апублікаванай летам гэтага года стратэгіі «Пераасэнсаванне юрыдычнай адукацыі ў эпоху ШІ» ён абвясціў пра эксперымент, які пачнецца з новага навучальнага года.
Адзін з яго прынцыпаў — «выдаленне штучнага інтэлекту з крытычных момантаў навучальнага працэсу», напрыклад падчас экзаменаў або вывучэння ў аўдыторыі фундаментальных паняццяў. У рамках пілотнага праекта электронныя прылады, за некаторымі выключэннямі, будуць забароненыя на ўсіх асноўных курсах першага года.
Змены закрануць і падрыхтоўку значнай даследчай работы (SRP, Significant Research Paper), якую студэнты выконваюць у межах навучання. Цяпер кожны студэнт павінен будзе вусна абмеркаваць сваю работу — выступіць з прэзентацыяй перад групай або асабіста сустрэцца з выкладчыкам.
Пры гэтым мэта новай стратэгіі — не проста абмежаваць выкарыстанне ШІ. Юрыдычны факультэт хоча, каб студэнты засвойвалі фундаментальныя прававыя паняцці, вучыліся самастойна, строга і творча мысліць, а разам з тым авалодвалі ШІ як інструментам будучай прафесійнай працы.
Падобныя змены адбываюцца і ў Прынстанскім універсітэце. У маі 2026 года выкладчыкі амаль аднагалосна вырашылі, што аўдыторныя тэсты і экзамены павінны праходзіць пад наглядам. Так універсітэт адмовіўся ад 133‑гадовай традыцыі, звязанай з Кодэксам гонару, прынятым яшчэ ў 1893 годзе. Паводле яго, экзамены праходзілі без выкладчыкаў і назіральнікаў: студэнты абавязваліся не спісваць і паведамляць пра заўважаныя парушэнні. Сам Кодэкс гонару працягвае дзейнічаць, але цяпер падчас экзаменаў у аўдыторыях прысутнічаюць і назіральнікі.
А ў жніўні дэкан, які адказвае ў Прынстане за бакалаўрскую адукацыю, заклікаў выкладчыкаў больш крытычна ставіцца да выкарыстання электронікі на занятках. Ён нагадаў, што яны могуць забараняць студэнтам рабіць нататкі на ноўтбуках, патрабаваць прыбраць або выключыць тэлефоны і нават перавесці заняткі цалкам у аналагавы фармат, папрасіўшы прыносіць тэксты ў раздрукаваным выглядзе.
Навошта студэнтам хадзіць ва ўніверсітэт
Але наступствы распаўсюджвання ШІ не абмяжоўваюцца праверкай ведаў і арганізацыяй заняткаў. У згаданай вышэй справаздачы MIT адзначаецца, што ён ужо мяняе і само сацыяльнае жыццё ўніверсітэта. Студэнты радзей прыходзяць на кансультацыі выкладчыкаў, менш удзельнічаюць у анлайн-дыскусіях, а паводле назіранняў супрацоўнікаў універсітэта — радзей збіраюцца ў навучальныя групы ў інтэрнатах і бібліятэках.
На думку аўтараў справаздачы MIT, праблема яшчэ і ў тым, што эфектыўнае навучанне патрабуе не толькі інтэлектуальных намаганняў, але і ўзаемадзеяння з іншымі людзьмі. Студэнт вучыцца, калі разам з аднакурснікамі разбіраецца ў складаным матэматычным доказе, шмат разоў перарабляе няўдалы эксперымент або спрачаецца пра рашэнне — замест таго каб адразу атрымаць гатовы адказ ад ШІ.
«Навучанне працуе, калі яно адначасова складанае і сацыяльнае; веды будуюцца праз кагнітыўнае трэнне», — гаворыцца ў справаздачы. Менавіта таму, падкрэсліваюць яе аўтары, студэнтам важна фізічна хадзіць ва ўніверсітэт.
Камітэт прапануе ствараць больш магчымасцяў для асабістых сустрэч на кампусе, уводзіць перыяды без тэхналогій, прысвечаныя жывым зносінам, і рабіць большы акцэнт на сумесным навучанні ў аўдыторыі. На думку аўтараў, перабудова адукацыі пад новую рэальнасць запатрабуе намаганняў усёй супольнасці ўніверсітэта — студэнтаў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў і кіраўніцтва.
Цяпер чытаюць
Яе не хацелі браць у музычную школу, а ў 14 яна сыграла ў Карнегі-холе ў Нью-Ёрку. Беларуская скрыпачка — пра жыццё ў Лондоне, заробкі і чым скрыпка Страдывары за 14 мільёнаў еўра адрозніваецца ад звычайнай
Каментары
Пабольшэ спорта нада, сьвежага воздуха.