Колькі рыс нашага характару абумоўлены генамі? Новае даследаванне кажа, што не так і шмат
Даследчыкі выявілі цікавыя сувязі паміж генетычнымі схільнасцямі, паводзінамі і нават тым, дзе чалавек будзе жыць у сярэднім узросце.

Навукоўцы даўно ведаюць, што паміж генамі і асаблівасцямі характару існуе сувязь. Але высветліць, наколькі вялікі ўклад спадчыннасці і якія менавіта генетычныя варыянты маюць значэнне, было няпроста.
Як піша IFLScience, аўтары новага даследавання прааналізавалі генетычныя даныя 46 розных груп людзей. Даследчыкі шукалі сувязі паміж асобнымі генетычнымі варыянтамі і рысамі асобы з так званай «Вялікай пяцёркі» — экстраверсіяй, добразычлівасцю, добрасумленнасцю, неўратызмам і адкрытасцю новаму досведу.
Асобна навукоўцы вывучылі геномы 50 725 блізкіх сваякоў. Гэта дапамагло лепш аддзяліць уплыў спадчыннасці ад уплыву агульнага асяроддзя і выхавання.
Агулам навукоўцы выявілі 1260 асноўных генетычных варыянтаў, звязаных з рысамі асобы, 824 з якіх раней ніколі не ідэнтыфікаваліся.
Папярэднія высновы сведчаць, што сукупна гэтыя варыянты кантралююць ад 5% да 9% індывідуальнага спалучэння рыс асобы, хоць аўтары мяркуюць, што гэты паказчык можа дасягаць і 13%, калі браць пад увагу толькі самыя надзейныя параметры вымярэння.
Нягледзячы на атрыманыя вынікі, аўтары настойваюць на тым, што нават непасрэдны генетычны ўплыў не вызначае асобу. На тое, якім становіцца чалавек, уплывае мноства іншых абставінаў ад выхавання і сацыяльнага асяроддзя да жыццёвага досведу. Тым не менш, наяўнасць пэўных генетычных варыянтаў сапраўды павялічвае імавернасць таго, што ў чалавека мацней праявіцца тая ці іншая рыса. А ўжо яна можа быць звязаная з пэўнымі паводзінамі і жыццёвымі рашэннямі.
Напрыклад, людзі з высокай генетычнай схільнасцю да неўратызму і нізкай да добразычлівасці статыстычна часцей уцякалі з дому, атрымлівалі адхіленне ад заняткаў у школе і пагражалі іншым халоднай або агнястрэльнай зброяй.
У той жа час генетычныя варыянты, звязаныя з больш высокай добрасумленнасцю, карэлявалі з меншай імавернасцю ўжывання наркотыкаў.
Генетычныя схільнасці могуць быць звязаныя і з тым, як чалавека ўспрымаюць навакольныя. Людзей з меншай схільнасцю да неўратызму і большай да экстраверсіі, добразычлівасці і адкрытасці новаму досведу часцей ацэньвалі як людзей з прывабным характарам.
Але паводзінамі гэтыя сувязі не абмяжоўваюцца. Даследчыкі выявілі, што генетычныя асаблівасці могуць быць звязаныя нават з тым, у якой мясцовасці чалавек жыве ў сярэднім узросце.
Так, генетычны профіль, звязаны з адкрытасцю новаму досведу, павялічваў імавернасць таго, што да 50 гадоў чалавек будзе жыць у касмапалітычным дзелавым раёне. А гены, звязаныя з добрасумленнасцю, павялічвалі шанцы чалавека перабрацца жыць у прыгарад пасля таго, як ён дасягне гэтага ўзросту.
Каментары