Дзеля дзяўчыны, хворай на лейкемію, гулец вярнуўся ў свой футбольны клуб. І ўжо забіў!
Прыгожая гісторыя з Германіі.

Эрэн Дзінкчы дапамог «Вердэру» перамагчы «Лейпцыг» — брэменцы нечакана выйгралі з лікам 3:1, а Дзінкчы адкрыў лік ужо на чацвёртай хвіліне, піша Sports.ru.
Але самае прыгожае ў гэтай гісторыі — не перамога аўтсайдара над удзельнікам Лігі чэмпіёнаў.
Эрэн прысвяціў гол сваёй дзяўчыне Цынье: яна з пачатку 2026 года змагаецца з лейкеміяй.
Дзінкчы перайшоў у «Вердэр» менавіта дзеля яе: дзяўчына захацела вярнуцца ў родны Брэмен, каб лепш спраўляцца з хваробай.
«Яе камфорт — прыярытэт». Эрэн перайшоў у «Вердэр» дзеля дзяўчыны
У папярэднім матчы «Вердэр» разгромна прайграў «Фрайбургу» — 1:4, за які раней гуляў Дзінкчы. На матч з «Лейпцыгам» было мала надзей, але Эрэн забіў ужо на чацвёртай хвіліне і натхніў усю каманду. А святкаваў гол сваім фірмовым сэрцайкам: гэта яго любімае святкаванне, якое ён прысвяціў каханай Цынье.
Эрэн апынуўся ў «Вердэры» менавіта з-за яе. Цынья родам з Брэмена і летам захацела пераехаць на радзіму з Фрайбурга, каб лягчэй пераносіць лячэнне.
Да гэтага кар'ера Дзінкчы знаходзілася ў няпэўным стане: у «Фрайбургу» ён быў не асабліва патрэбны, ды і ў атацы ў каманды ўсё было ўкамплектавана. Але без згоды Цыньі Эрэн нікуды б не пераехаў.
У інтэрв'ю Kicker ён казаў: «Я тут, у мяне ёсць кантракт, а мая дзяўчына праходзіць лячэнне ў клініцы ў Фрайбургу. Паглядзім, што будзе далей. Улічваючы абставіны, яна адчувае сябе адносна добра. Бываюць пагаршэнні і паляпшэнні. Яна працягвае выдатна з усім спраўляцца, і мы захоўваем пазітыўны настрой. У гэтай сітуацыі больш нічога не дапамагае. Прыярытэт нумар адзін — каб у яе ўсё было добра».
У выніку жаданне Цыньі дапамагло Эрену накіраваць кар'еру ў правільнае рэчышча: як аказалася, іх інтарэсы цалкам супалі.
Дзінкчы збірае заяўкі на донарства — з дапамогай найбуйнейшай арганізацыі па барацьбе з ракам крыві
Дыягназ Цыньі паставілі ў канцы студзеня — тады Эрэн быў у арэндзе ў «Хайдэнхайме»: «З гэтага моманту ўсё рэзка спыняецца і ў той жа час пачынаецца шлях, які раней было складана ўявіць».
Пра сваю барацьбу Цынья расказвала ў сацыяльных сетках. Адным з фрагментаў, які стаў вірусным, было відэа, дзе Эрэн стрыжэ дзяўчыну. Перад абліччам бяды яны толькі мацней аб'ядналіся.

Дапамагалі справіцца і іншыя. Галоўную дапамогу аказала DKMS — найбуйнейшая міжнародная арганізацыя па барацьбе з ракам крыві, якая базуецца ў Германіі.
У супрацоўніцтве з ёй «Фрайбург» і «Хайдэнхайм» перад сваім матчам вясной 2026 года арганізавалі збор заявак на донарства ствалавых клетак для Цыньі. У некаторых выпадках толькі гэта можа выратаваць хворага на лейкемію, як распавядаў Эрэн:
«Раптам важным стала толькі адно: надзея. Хутка стала зразумела, што можа спатрэбіцца трансплантацыя ствалавых клетак, як і многім іншым пацыентам. У клініцы мы кожны дзень сустракаем людзей з іх унікальнымі гісторыямі, надзеямі і цяжкасцямі. Усе яны чакаюць адзінага шанцу».
Дзінкчы — выхаванец «Вердэра». Для яго гэта шанец перазапусціць кар'еру
Эрэну 24 гады, ён выхаванец брэменцаў: для яго гэта таксама вяртанне на малую радзіму.

Але ў «Вердэры» ў Эрэна не атрымалася — ён раскрыўся толькі ў «Хайденхайме». Упершыню апынуўся там у арэндзе на сезон-2023/24, калі яму быў 21 год. І адразу набраў 10+4 у 33 матчах.
Пасля гэтага Дзінкчы перайшоў у «Фрайбург», але там у Эрэна зусім не атрымалася. У сезоне-2024/25 ён аддаў толькі тры галявыя перадачы, а ў першай палове мінулага сезона ў яго наогул было 0+0. Рэанімаваць кар'еру ён паспрабаваў зноў у «Хайденхайме» — там набраў 3+1 за 14 тураў.
І цяпер Дзінкчы зноў у «Вердэры». Магчыма, тут атрымаецца пачаць усё спачатку. Старт добры.
Цяпер чытаюць
«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі
Каментары