Віталь з-пад Вілейкі, які падпаліў хату з уласнымі дзецьмі, завербаваўся ў расійскае войска. І прапаў на першым жа баявым заданні
33‑гадовы Віталь Паслед з вёскі Балашы Вілейскага раёна ўзяў сабе пазыўны «Беларус».

Віталь Паслед нарадзіўся ў 1993 годзе. Атрымаў прафадукацыю ў Вілейцы, працаваў кіроўцам і сталяром у Вілейскім райпо. Рана ажаніўся, нарадзіліся двое дзяцей.
Не скажаш, што Віталь быў узорным грамадзянінам. У яго былі спецыфічныя ўяўленні аб межах дазволенага.
У базах Belpol можна знайсці міліцэйскі пратакол з часу, калі Віталь быў 22-гадовы:
«Паслед Віталь […], прыкладна а 14‑й гадзіне 17.06.2015, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, у двары […] учыніў скандал са сваёй жонкай, цягам якога, дзейнічаючы з непрыязі, маючы намер на запалохванне і застрашванне апошняй, стаў выказваць у яе бок і ў бок іх дваіх непаўналетніх дзяцей пагрозы забойствам і, у пацвярджэнне сваіх слоў, абліў рог хаты бензінам, у той час як дзеці знаходзіліся дома, пасля чаго падпаліў, а пра непрацяглы час затушыў узгаранне».
Адзначалася, што ў Паследа знайшлі баявы набой калібру 7,62 мм. Па сукупнасці — за незаконныя дзеянні са зброяй і пагрозу забойствам, Віталь атрымаў паўтара года хіміі.
Потым яго абвяшчалі ў Беларусі ў вышук за нявыплату аліментаў. Ад крымінальнай справы беларус хаваўся, як вынікае, у Расіі.
Абставіны вярбоўкі маладога беларуса ў расійскае войска невядомыя. Вядома толькі, што яго размеркавалі ў штурмавы батальён «Кедр». Ён узяў сабе пазыўны «Беларус». На першае баявое заданне ён пайшоў 1 лютага 2026-га. Гэта было і апошнім заданнем. Больш ён не адгукаўся і знаку пра сябе не даваў. Праз два месяцы яго прызналі зніклым без звестак.
Усяго ў складзе расійскага войска на захопніцкай вайне ва Украіне загінула ці прапала без вестак ужо больш за 500 беларусаў, спакушаных абяцаннямі лёгкага заробку. Як падлічылі ваенныя эксперты, сярэдні час жыцця расійскага наёмніка на фронце складае некалькі месяцаў, а ў штурмавых падраздзяленнях — некалькі тыдняў.
Эксперты падлічылі, што ўсяго Расія за чатыры гады вайны страціла каля 400 тысяч вайскоўцаў забітымі, больш за мільён былі параненыя.
Каментары