Дачка Ілана Маска стала тварам правакацыйнай кампаніі супраць штучнага інтэлекту
22‑гадовая Вівіян Уілсан, старэйшая дачка прадпрымальніка Ілана Маска, з якой ён не падтрымлівае адносін, стала галоўнай гераіняй новай рэкламнай кампаніі іспанскага моднага брэнду Desigual. Кампанія атрымала назву Born to Disobey («Народжаная не падпарадкоўвацца») і скіраваная супраць празмернага выкарыстання штучнага інтэлекту, піша Euronews.

У адным з ролікаў Вівіян выкарыстоўвае робата замест падстаўкі для мяча ў гольфе, выгульвае яго на павадку і спрабуе навучыць вымаўляць назву брэнду Desigual. Робат увесь час дае збой, пасля чаго гераіня робіць выснову: некаторыя рэчы не трэба спрабаваць выпраўляць.
Стваральнікі кампаніі тлумачаць яе ідэю тым, што сучасны бунт — гэта не абавязкова барацьба з сістэмай. Часам, паводле іх меркавання, сапраўдным пратэстам становіцца адмова ўдзельнічаць у ёй і права заставацца сабой.
У інтэрв'ю Вівіян заявіла, што хацела выказаць сваё стаўленне да ўплыву ШІ на моду. Яна лічыць, што штучны інтэлект можа пазбаўляць працы таленавітых прадстаўнікоў творчых прафесій і негатыўна ўплываць на навакольнае асяроддзе.
Паводле яе слоў, мастацтва заснаванае на чалавечых эмоцыях і самавыяўленні, тады як ШІ, на яе думку, замяняе ўласную творчую задуму выкарыстаннем ужо наяўных вобразаў, формаў і колераў.

Публічная крытыка штучнага інтэлекту набывае дадатковы сэнс праз адносіны Вівіян з яе бацькам. Як вядома, Ілан Маск актыўна развівае тэхналогіі ШІ і робататэхніку, у тым ліку гуманоіднага робата Optimus.
Вівіян нарадзілася ў 2004 годзе ў шлюбе Маска з Джасцін Уілсан. У 16 гадоў яна пачала гендарны пераход. Пасля паўналецця праз суд дзяўчына атрымала права ўзяць прозвішча маці і заявіла пра жаданне цалкам дыстанцыявацца ад бацькі. Маск, у сваю чаргу, публічна крытыкаваў дачку і сцвярджаў, што яна стала прыхільніцай woke-ідэалогіі.
Таму слоганы з рэкламнай кампаніі — «Ён створаны, каб падпарадкоўвацца. Я — не» і «Некаторыя рэчы не трэба выпраўляць» — успрымаюцца не толькі як крытыка ШІ, але і як магчымыя намёкі на асабісты канфлікт Вівіян з бацькам.
Асобную ўвагу прыцягнуў робат DESI84 з рэкламнага роліка. Ён нагадвае робата Optimus ад Tesla, што дадало кампаніі яшчэ адзін іранічны пласт.

Раней Вівіян таксама публічна каментавала скандалы вакол бацькі. У прыватнасці, яна крытыкавала абмеркаванне дзіўнага жэсту Маска на інаўгурацыі Дональда Трампа і высмейвала спробы растлумачыць яго паводзіны аўтызмам.
Цяпер чытаюць
«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі
Каментары