Учора было абвешчана пра самае радыкальнае змяненне знешняга выгляду айфонаў за амаль 20‑гадовую гісторыю яго існавання.

Усяго на другім тыдні працы на пасадзе генеральнага дырэктара Apple Джон Тэрнус абвясціў пра самае радыкальнае змяненне знешняга выгляду айфонаў за амаль 20‑гадовую гісторыю яго існавання, піша Бі-бі-сі.
У сераду Тэрнус, які змяніў на чале Apple Ціма Кука, з'явіўся на традыцыйнай прэзентацыі новых прадуктаў кампаніі перад гіганцкай выявай першага ў гісторыі складнога iPhone.
Прылада, якая нагадвае кнігу, пад назвай Duo — яшчэ і самы вялікі айфон у гісторыі. А паколькі ў ЗША гэты тэлефон будзе каштаваць ад 1999 да 3199 даляраў, ён яшчэ і самы дарагі.

Тэрнус заявіў, што дызайн Duo «натхнёны iPad», аднак назваў асаблівасці гэтага тэлефона-раскладанкі «пластычным і цалкам інтуітыўнымі».
Спецыялісты Apple працавалі над складным айфонам на працягу некалькіх папярэдніх гадоў.
У раскладзеным выглядзе Duo падобны да невялікага айпада. Калі яго скласці, ён выглядае як шырокі iPhone.
Падчас прэзентацыі Тэрнус сказаў, што Apple імкнулася пазбегнуць паўтарэння дызайну іншых тэлефонаў-раскладанак, якія ўжо ёсць на рынку. Паводле яго слоў, прадукцыя канкурэнтаў «падобная да двух тэлефонаў, складзеных разам, у выніку чаго больш шырокі экран адчуваецца як значна меншы».
Новы гендырэктар — таксама прадукт?
Duo, працягнуў Тэрнус, — гэта «вынік цэлай серыі выдатных інавацый, якія, як мы спадзяёмся, перагледзяць досвед выкарыстання складанага тэлефона».
Прыкметна, што Тэрнус непасрэдна ўдзельнічаў у распрацоўцы новай прылады, паколькі шмат гадоў узначальваў падраздзяленне Apple па распрацоўцы апаратнага забеспячэння.

На думку Бэна Вуда з кампаніі CCS Insight, Тэрнуса, верагодна, спецыяльна прызначылі на пасаду генеральнага дырэктара «ў момант, калі быў запланаваны адзін з найбольш значных запускаў новага iPhone за многія гады».
«У Apple нічога не адбываецца выпадкова», — дадае Вуд.
Экспертка кампаніі Creative Strategies Караліна Міланезі, якая прысутнічала на прэзентацыі, лічыць, што Тэрнус быў у самым цэнтры падзей, і «гэта практычна стварала адчуванне, што ён таксама быў адным з прадуктаў».
Змена дызайну айфона можа быць адказам на крытыку тых, хто казаў, што пасля з'яўлення першага тэлефона Apple у 2007 годзе кампанія так і не стварыла ніводнай па-сапраўднаму рэвалюцыйнай і папулярнай навінкі.
Чаму гэта рызыка?
«Гэтая раскладанка рызыкуе стаць яшчэ адным дарагім упрыгожаннем іх партфеля, якое забяспечвае прэстыж, але не дае значнага росту», — лічыць Дыпанджан Чатэрджы з аналітычнай кампаніі Forrester.
У сераду Apple таксама прадставіла новыя iPhone 18 Pro і 18 Pro Max, цэны на якія ў ЗША будуць пачынацца ад 1199 і 1299 даляраў адпаведна.
Чатэрджы кажа, што складаны iPhone можа напаткаць лёс прылады Apple's Vision Pro —акуляраў дапоўненай рэальнасці, якія кампанія прадае за 3699 даляраў і якія не набылі вялікай папулярнасці сярод карыстальнікаў.
Але гэтая «раскладанка» можа стаць і новымі Apple Watch — прадуктам, які штогод купляюць мільёны людзей па ўсім свеце, хоць ён і не прадаецца так паспяхова, як iPhone.
Яшчэ адзін фактар рызыкі — звычка карыстальнікаў да асноўных прынцыпаў працы iPhone, якая можа перашкодзіць высокім продажам «раскладак».
«Складаныя тэлефоны — гэта даволі адметныя прылады, — тлумачыць Міланезі. — Многіх людзей яны ў прынцыпе цікавяць, але каб перайсці ад звычайнага тэлефона да складанага, трэба даволі сур'ёзна перанавучыцца, у тым ліку з пункту гледжання выкарыстання праграмнага забеспячэння».
Вуд адзначае, што на долю ўжо існых «раскладак» ад такіх кампаній, як Samsung і Huawei, прыпадае толькі 2% усіх продажаў смартфонаў. Чакаецца, што новая прылада Apple падштурхне цікавасць і попыт на іх, але ў кампаніі CCS Insight мяркуюць, што на працягу наступнага дзесяцігоддзя такія тэлефоны «зоймуць» толькі 4% рынку.
iPhone застаецца самым папулярным прадуктам Apple, забяспечваючы больш за палову яе штогадовых продажаў. У апошнія кварталы Apple з гонарам адзначала, што попыт на яе смартфоны застаецца на самым высокім у гісторыі ўзроўні, а прэзентацыя апошніх версій iPhone стала самым паспяховым запускам яе новага прадукту.
Новая Siri са штучным інтэлектам
У сераду Apple таксама распавяла пра будучы перазапуск свайго галасавога і тэкставага памочніка Siri, які цяпер будзе называцца Siri AI (гэта значыць «Siri ІІ»).
Ён будзе ўсталёўвацца на мадэлях айфона, пачынаючы з iPhone 18, і атрымае доступ да ўсёй інфармацыі, якая змяшчаецца ў тэлефоне, у тым ліку да тэкставых паведамленняў і электронных лістоў. Гэта дазволіць памочніку знаходзіць інфармацыю, адказваць на пытанні і здзяйсняць розныя дзеянні ад імя карыстальніка.

Некаторыя функцыі Siri AI таксама будуць даступныя на новых гадзінніках Apple Watch. У тым ліку памочнік зможа запісваць размовы і транскрыбаваць іх, калі такая функцыя будзе ўключаная.
Тэрнус назваў новыя магчымасці iPhone з выкарыстаннем штучнага інтэлекту «разумным персанальным хабам» і прызнаў, што Apple зможа ўлічваць «самыя асабістыя падрабязнасці вашага паўсядзённага жыцця».
Генеральны дырэктар настойвае, што ўся гэтая інфармацыя будзе заставацца недатыкальнай, паколькі функцыі ШІ будуць часта працаваць «непасрэдна на прыладзе», то-бок без удзелу іншых кампаній. Калі ж для карэктнай працы спатрэбіцца ўдзел іншых кампаній, запэўнівае Тэрнус, недатыкальнасць асабістай інфармацыі будзе захоўвацца і пры яе захаванні ў «воблаку».
«Некаторыя мяркуюць, што такую інфармацыю можна збіраць і захоўваць, — сказаў Тэрнус. — Але тут нават Apple не зможа атрымаць доступ да таго, што належыць толькі вам».
Цяпер чытаюць
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
Каментары