Коля пайшоў у армію, але куды? Вось дзе служылі Віктар і Дзмітрый Лукашэнкі
Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што яго малодшы сын служыць у войску «як усе». Куды маглі паслаць Мікалая і як служылі яго старэйшыя браты?

Мікалай Лукашэнка, аказваецца, ужо служыць, прычым, па словах бацькі, у нейкім асабліва складаным падраздзяленні лейтэнантам — хоць няясна, калі і дзе ён мог скончыць вайсковую кафедру, каб атрымаць афіцэрскае званне..
Аляксандр Лукашэнка пра службу сына расказаў журналістам 11 верасня.
«Малодшы сын ужо служыць у арміі. Ніхто нават і не ведаў. Віктар Хрэнін прызваў. Служыць у арміі, як і належыць, як усе. Лейтэнант. Не буду казаць дзе, але ў самым складаным падраздзяленні», — заявіў Лукашэнка.
Якое менавіта месца дасталося малодшаму сыну, ён не ўдакладніў. Але ў сям’і Лукашэнкаў ёсць свая вайсковая традыцыя: бацька служыў у памежных войсках, а абодва старэйшыя сыны — у элітным спецпадраздзяленні памежнікаў. Прынамсі, фармальна.
Бацька: палітработнік у памежных і мотастралковых войсках
Аляксандр Лукашэнка служыў у савецкім войску двойчы.
Першы раз — у 1975‑1977 гадах, пасля заканчэння гістарычнага факультэта Магілёўскага педагагічнага інстытута. Яго накіравалі ў памежныя войскі, якія ў той час уваходзілі ў сістэму КДБ СССР. Паводле афіцыйнай біяграфіі, Лукашэнка быў інструктарам палітаддзела вайсковай часці Заходняй памежнай акругі ў Брэсце.
Другі раз ён трапіў у войска ў 1980 годзе і служыў да 1982-га. Яго афіцыйная біяграфія называе пасаду намесніка камандзіра роты па палітычнай рабоце.
Цяпер Лукашэнка мае званне падпалкоўніка запасу, хоць на вайсковых мерапрыемствах носіць спецыяльную форму вярхоўнага галоўнакамандуючага з пагонамі, якія візуальна нагадваюць маршальскія.
Віктар: АСАМ, нелегальныя мігранты і медаль
Старэйшы сын Віктар Лукашэнка ў 1998 годзе скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ. Спачатку ён паспеў папрацаваць у Міністэрстве замежных спраў, а затым пайшоў у памежныя войскі.
З 1998 да 2001 года Віктар служыў у Асобнай службе актыўных мерапрыемстваў — АСАМ. Гэта элітнае спецыяльнае падраздзяленне памежных войскаў, якое спецыялізуецца на барацьбе з тэрарызмам, незаконнай міграцыяй, наркатрафікам і кантрабандай на дзяржаўнай мяжы. Службу ён скончыў у званні капітана.
Пра адзін з эпізодаў яго службы пазней расказваў камандзір падраздзялення. Паводле яго, пад Гроднам Віктар удзельнічаў у затрыманні групы нелегальных мігрантаў і за гэта атрымаў дзяржаўную ўзнагароду. Сам факт узнагароджання пацвярджаецца дакументальна. Указам №105 ад 23 лютага 2001 года Віктар Лукашэнка быў узнагароджаны медалём «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы».
Пасля службы Віктар вярнуўся ў грамадзянскія структуры, а ў 2005 годзе стаў памочнікам бацькі па нацыянальнай бяспецы. Цяпер ён узначальвае Нацыянальны алімпійскі камітэт.
Дзмітрый: сакрэтная часць і хакей падчас службы
Сярэдні сын Дзмітрый Лукашэнка пайшоў амаль тым жа шляхам. У 2002 годзе ён скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ па спецыяльнасці «міжнароднае права» і адразу пасля ўніверсітэта трапіў у войска. Служыў Дзмітрый таксама ў АСАМ, пачынаў адразу ў званні лейтэнанта.
У тэлепраграме пачатку 2000‑х Дзмітрый так апісвае свой дзень: пад'ём а сёмай раніцы, размінка, сняданак і выезд на службу, якая сканчалася а 18-й.

У адным з эпізодаў Дзмітрый у гальштуку сядзіць за маніторам камп’ютара і вывучае заканадаўства аб ахове мяжы.
«Спецыяльнасць у мяне грамадзянская — юрыст-міжнароднік. Выбраў гэты шлях, бо трэба не парушаць традыцыю: як вы ведаеце, і бацька быў памежнікам, і старэйшы брат Віктар», — тлумачыў ён.
У праграме паказалі, як раніцай Дзмітрый гуляе ў хацей у Лядовым палацы, назваўшы гэта фізічнай падрыхтоўкай у падраздзяленні. А ўвечары Палац спорту ўжо ачапілі перад хакейным матчам, у якім разам выходзілі на лёд Аляксандр, Віктар і Дзмітрый Лукашэнкі.

Пазней Дзмітрый даслужыўся да капітана. Як і Віктар, ён мае медаль «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай мяжы», а таксама ведамасныя знакі «Выдатнік пагранвойскаў» першай і другой ступеняў. Пасля войска ён узначаліў Прэзідэнцкі спартыўны клуб.
Ці мог Мікалай таксама трапіць у АСАМ?
Такі варыянт выглядае лагічным. У АСАМ служылі абодва яго старэйшыя браты, а памежная служба ў сямейнай біяграфіі падаецца як традыцыя, распачатая яшчэ бацькам.
Да таго ж Лукашэнка назваў месца службы Мікалая «самым складаным падраздзяленнем». АСАМ якраз доўгі час падаваўся дзяржаўнай прапагандай як эліта памежных войскаў.
Але ёсць нестыкоўка. АСАМ уваходзіць у сістэму Дзяржаўнага памежнага камітэта, а не Міністэрства абароны. Таму міністр абароны Віктар Хрэнін не павінен непасрэдна «прызываць» туды людзей.
Магчыма, Лукашэнка сказаў пра Хрэніна ў шырокім сэнсе, маючы на ўвазе прызыў на вайсковую службу ўвогуле. Але магчыма і тое, што Мікалай служыць у нейкім падраздзяленні Узброеных сіл, а не ў спецназе памежнікаў.
А можа, у Службе бяспекі прэзідэнта?
Апошнім часам Мікалай не раз з’яўляўся побач з бацькам у цёмнай форме і выглядаў як адзін з людзей са Службы бяспекі. Яна займаецца аховай Лукашэнкі, іншых вышэйшых службовых асоб і дзяржаўных аб’ектаў.
Так, у маі 2026 года Мікалай Лукашэнка з’явіўся на трэніроўцы сіл, задзейнічаных у прымяненні ядзернай зброі, у вайсковай форме з шаўронам Службы бяспекі.

Раней, падчас візіту ў Манголію ў 2024 годзе, ён насіў вопратку колеру хакі з эмблемай гэтай службы. Аднак афіцыйна пра залічэнне Мікалая ў СБП не паведамлялася.

Ды і трапіць туды, прынамсі паводле ранейшых публічна агучаных правілаў, без службы ў войску было нельга. У 2014 годзе СБП паведамляла, што кандыдатаў адбіраюць сярод мужчын — грамадзян Беларусі ва ўзросце 20‑25 гадоў, якія ўжо прайшлі вайсковую службу па прызыве.
Аднак у дзейным Законе «Аб дзяржаўнай ахове» такое патрабаванне наўпрост не прапісана: ён змяшчае толькі агульныя патрабаванні, а парадак праверкі кандыдатаў вызначае сама СБП.
Служыць і працягвае ездзіць з бацькам
Улетку 2026 года Мікалай скончыў сумесную праграму БДУ і Пекінскага ўніверсітэта па біятэхналогіях. Цяпер, паводле бацькі, ён адначасова служыць і ў вольны час працягвае займацца сваёй спецыяльнасцю.
Пры гэтым вайсковая служба не перашкодзіла яму суправаджаць Лукашэнку за мяжой. У 2026 годзе Мікалай некалькі разоў трапляў у аб’ектывы падчас замежных паездак бацькі. Апошні такі выпадак — саміт у Бішкеку 31 жніўня — 1 верасня.
Сам па сабе выезд вайскоўца за мяжу не супярэчыць службе: яго могуць накіраваць у афіцыйную камандзіроўку. Калі ж Мікалай служыць у ахове бацькі, такія паездкі могуць быць часткай яго абавязкаў.
Каментары