Стала вядома, хто купіў бізнэс-цэнтр у комплексе Sigma на Нямізе
Шматфункцыянальны комплекс Sigma на скрыжаванні вуліц Нямігі і Клары Цэткін абяцаюць здаць у 2027 годзе. Дзевяць з 12 паверхаў тут адвядуць пад бізнэс-цэнтр.

Нядаўна яго офісную частку цалкам набыў Альфа-Банк. Пра гэта старшыня праўлення банка Валерый Смаляк паведаміў на VI Міжнародным форуме рытэйлераў і дэвелопераў RDF у Мінску, піша Office Life.
Забудоўшчык МФК Sigma — кампанія «Сігмаполюс». Спачатку аб’ект планавалі здаць яшчэ ў 2025 годзе, але тэрміны некалькі разоў пераносіліся.
Агульная плошча комплексу — каля 70 тыс. кв. м. Тры паверхі зойме гандлёвы цэнтр, яшчэ шэсць — бізнэс-цэнтр плошчай 23,2 тыс. кв. м. Таксама планавалася, што ў Sigma будуць медцэнтр, трохузроўневы паркінг на 550 машына-месцаў, а на эксплуатаваным даху добраўпарадкуюць зялёную зону.
Летам мы пісалі, што ў гандлёвым цэнтры новага МФК адкрыецца гіпермаркет сеткі ProStore. Цяпер стала вядома, што офісную частку зойме Альфа-Банк.

Старшыня праўлення банка Валерый Смаляк назваў здзелку па набыцці гэтых плошчаў «адной з найбуйнейшых у гісторыі камерцыйнай нерухомасці Беларусі». Яе суму ў банку не раскрываюць.
— Для нас пераезд у новы офіс — значна больш, чым змена адраса. Гэта магчымасць сабраць у адной прасторы каманду, якая раней працавала ў розных офісах. Цяпер у нас з’явілася агульнае месца, дзе можна сустракацца, дзяліцца ідэямі, абмяркоўваць новыя праекты, — расказаў Office Life Валерый Смаляк.
У Альфа-Банку кажуць, што пры выбары памяшкання думалі найперш пра людзей: новы офіс знаходзіцца ў самым цэнтры Мінска, таму дабірацца туды будзе зручна і супрацоўнікам, і кліентам.
Плануецца, што ў новым офісе, акрамя зручных працоўных месцаў і перамоўных пакояў, будуць прасторы для камунікацыі і адпачынку, зоны харчавання і нават уласная студыя.
— Разам з камандай у новую прастору пераедзе і наш карпаратыўны цэнтр, — дадае Валерый Смаляк. — Гэта не проста офіс для супрацоўнікаў, але і месца, куды змогуць прыязджаць бізнэс-кліенты, каб у камфортнай абстаноўцы асабіста вырашаць свае пытанні, абмяркоўваць задачы і знаходзіць новыя магчымасці для супрацоўніцтва.

Нягледзячы на гібрыдны фармат працы ў Альфа-Банку, там вырашылі накіраваць сілы і рэсурсы на пераезд і ўладкаванне новага офіса.

— Калі супрацоўнікі прыязджаюць у офіс, мы хочам, каб ім было тут па-сапраўднаму зручна — працаваць, сустракацца, абменьвацца ідэямі і проста быць разам, — тлумачыць Валерый Смаляк. — Урэшце, за ўсімі лічбавымі рашэннямі і банкаўскімі сэрвісамі стаяць людзі. І гэты офіс — прастора для іх: для каманды, якая кожны дзень робіць наш банк лепшым.
Засяліцца ў новы офіс Альфа-Банк плануе ў наступным годзе.
Каментары