На Венецыянскім фестывалі ўпершыню за 40 гадоў паказалі фільм пра Беларусь
Андрэй Куціла працаваў над ім 5 гадоў.

«Лісты з маўклівай краіны» беларускага дакументаліста Андрэя Куцілы расказвае гісторыі людзей, чыё жыццё змянілі рэпрэсіі, турма і выгнанне. Фільм днямі паказалі ў пазаконкурснай секцыі Венецыянскага кінафестывалю, піша Радыё Свабода.
Дагэтуль у афіцыйную праграму прэстыжнага фестывалю траплялі толькі дзве карціны, звязаныя з Беларуссю — «Іван Макаравіч» (1968 год) Ігара Дабралюбава і «Ідзі і глядзі» (1985) Элема Клімава.
Фільм Андрэя Куцілы расказвае пра сучасную Беларусь праз асабістыя гісторыі людзей, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі, зняволеннем і жыццём у краіне, дзе звычайны чалавечы голас можа стаць прычынай пераследу. Над карцінай рэжысёр працаваў пяць гадоў.
Для кожнага героя рэжысёр шукаў сваю візуальную мову. А гісторыі пяці чалавек павінны былі скласціся ў своеасаблівую мазаіку краіны.

На фестываль у Венецыю Андрэй Куціла прыехаў разам з вялікай міжнароднай камандай — беларусамі, палякамі, літоўцамі і немцамі. На афіцыйнай імпрэзе рэжысёр і ягоная каманда ўручылі дырэктару фестывалю стос лістоў палітзняволеных. Гэта пятнаццаць дадатковых лістоў, якія, паводле Куцілы, дазваляюць шырэй зразумець беларускую рэчаіснасць.
«Калі чалавек нічога не ведае пра Беларусь, то ён пасля таго, як прачытае гэтыя 15 лістоў, упэўнена будзе мець уражанне. Яны даюць эмацыянальна-інтымны, сацыяльна-палітычны кантэкст таго, што сёння адбываецца ў Беларусі», — кажа рэжысёр у інтэрв’ю праграме «ПіК Свабоды».
«Ліст — гэта не толькі тое, што напісана на паперы»
Першапачаткова Куціла задумваў фільм менавіта як фільм на падставе ліставання. Але за час працы над ім сітуацыя змянілася: ліставанне палітвязняў пачалі абмяжоўваць, а потым фактычна забараняць. Тым не менш рэжысёр вырашыў не адмаўляцца ад першапачатковай формы.
Ён пачаў выкарыстоўваць не толькі сапраўдныя лісты, але і тэксты, створаныя на аснове размоў з людзьмі, якія прайшлі праз рэпрэсіі, знаходзяцца ў Беларусі альбо ўжо з'ехалі.
«Мы паспелі сабраць вялікую колькасць лістоў, і пасля я вырашыў, што мы захаваем форму лістоў, але будзем выкарыстоўваць у тым ліку нататкі людзей. Мы праводзілі шмат размоў у форме інтэрв'ю і пасля працавалі над тым, як бы гэта ўклалася ў агульную канцэпцыю і форму лістоў. Ліст — гэта не толькі тое, што напісанае на паперы», — тлумачыць Куціла.
Для яго ліст стаў хутчэй вобразам сувязі чалавека з тымі, хто за кратамі, хто застаўся ў Беларусі, і хто быў вымушаны з'ехаць.
«Мы вырашылі захаваць гэтую форму лістоў, каб надаць фільму такі інтымны характар. Нельга казаць, што гэта наўпрост палітычнае кіно. Гэта перш за ўсё кіно пра лёс людзей, пра эмоцыі, пра тое, як людзі трываюць у сённяшнія часы ў Беларусі», — кажа рэжысёр.
Пяць чалавек замест тысяч
За апошнія шэсць гадоў праз розныя формы рэпрэсій у Беларусі прайшлі дзясяткі тысяч чалавек. Куціла выбраў для фільма толькі пяць гісторый. Гэта не спроба прадставіць статыстычна «тыповых» беларусаў. Рэжысёр кажа, што найперш хацеў даць голас людзям з розным досведам і рознай перспектывай.

Сярод іх — чалавек, які па-ранейшаму знаходзіцца ў Беларусі і спрабуе пазбегнуць затрымання. Гісторыя Вітольда Ашурка, які памёр у турме. Маладая дзяўчына, студэнтка і мастачка, якая знаходзіцца ў жаночай калоніі. Яе гісторыя будуецца на малюнках, дзённіках і лістах.
«Перш за ўсё я хацеў даць галасы людзей з Беларусі, пра Беларусь, з рознай перспектывы. Хтосьці яшчэ па сёння ў Беларусі спрабуе пазбегнуць затрымання, жыць у гэтых умовах. Кагосьці ўжо з намі няма, як Вітольда, які памёр — мы ведаем, быў закатаваны ў турме. Ёсць гісторыя дзяўчыны, студэнткі, якая знаходзіцца ў жаночай калоніі і малюе такую перспектыву маладой мастачкі, творчай асобы», — распавядае Куціла.
Анімацыю стваралі год
У фільме ёсць анімацыя, суб’ектыўная камера, гісторыі, расказаныя амаль выключна праз фатаздымкі і выявы на экране манітора. Анімацыя ў некаторых эпізодах спалучаецца з жывымі дакументальнымі кадрамі.
Паводле Куцілы, каля 20 хвілін анімацыі ў стужцы ствараліся прыкладна год.
«Мы не выкарыстоўваем штучны інтэлект — і прынцыпова. Ён яшчэ не можа зрабіць усіх дэталяў, усяго таго, што ты хочаш. І гэта ўсё робіцца рукамі. Таму гэта займае неверагодную колькасць часу», — кажа рэжысёр.
Асновай для часткі анімацыі сталі малюнкі адной з гераінь, якая знаходзілася ў калоніі. Пасля яе выхаду на волю гэтыя малюнкі сталі матэрыялам для ілюстратараў, сторыбардзістаў і аніматараў.
«Яна зрабіла цэлую серыю малюнкаў, на аснове якіх працавалі ўжо ілюстратары, распрацоўваючы візуальную канцэпцыю анімацыі. Далучаюцца сторыбардзісты, якія схематычна тое, што ў цябе ў галаве, пераносяць на камп’ютар, на ілюстрацыі. Пасля пачынаецца непасрэдна праца аніматараў, якія задаюць рух і гэтак далей», — апісвае працэс Куціла.

Фільм на мільённую аўдыторыю
Куціла не хавае, што фільм ад самага пачатку задумваўся не толькі для беларусаў. Наадварот, адна з галоўных аўдыторый — людзі, якія ведаюць пра Беларусь вельмі мала альбо не ведаюць нічога. Пасля венецыянскай прэм’еры ён прыводзіць прыклад італьянскай глядачкі, якая ўпершыню пачула пра Беларусь менавіта дзякуючы фільму.
«Учора на прэм’еры італьянка першы раз пачула пра Беларусь увогуле. Для яе адкрыўся іншы свет. Яна ніколі не ведала, што такая краіна ёсць і што там адбываецца ўнутры. Таму я не скажу, што гэты фільм рабіўся выключна для беларусаў. Хутчэй для тых, хто ведае пра нашу краіну альбо вельмі мала, альбо зусім не ведае», — кажа Куціла.
Пасля фестывальнай прэм’еры ў фільма будзе і далейшае жыццё. Сярод партнёраў — польскае тэлебачанне, а таксама ZDF у калабарацыі з ARTE. Фільм будзе паказаны ў Польшчы, Германіі і Францыі. Яшчэ адзін важны партнёр — Deutsche Welle, праз якую стужка павінна атрымаць некалькі моўных версій і шырокі міжнародны распаўсюд. З такімі партнёрамі фільм можа пабачыць мільённая аўдыторыя, спадзяецца аўтар.
Каментары