Выходзіць кніга «Аўтапартрэт з Беларуссю і без» — шэсць гісторый пра свабоду і Беларусь
Выдавецтва Sviedki выпускае кнігу «Аўтапартрэт з Беларуссю і без» — шэсць вялікіх гутарак з прадстаўнікамі беларускага пакалення свабоды, якое працягнула сваю працу, нягледзячы на пераслед і выгнанне.

Героі кнігі — лаўрэаты прэміі «Голас пакалення свабоды» 2026 года: Наталля Бордак (Наталка Хвоя), Алесь Лозка, Аляксандр Манцэвіч, Соф’я Савелава, Аляксандр Смалянчук і Тамара Шчапёткіна.
Яны нарадзіліся ў 1950-я. Раслі і пачыналі працу ў Савецкім Саюзе, а потым жылі ў незалежнай Беларусі. У размовах яны згадваюць, як змяняліся іх погляды і жыццё, расказваюць пра мову, культуру, сям’ю, памяць і выбар. У кожнага — свая гісторыя стасункаў з Беларуссю і свой адказ на пытанне, што значыць быць свабодным.

«Аўтапартрэт з Беларуссю і без» — шматгалосы партрэт пакалення і краіны, якая ў жыцці герояў то была амаль непрыкметнай, то заставалася па-за афіцыйнай карцінай свету, то наноў адкрывалася як нешта сваё.
Кніга выйшла ў выдавецтве Sviedki ў Варшаве ў 2026 годзе. Выданне падтрымана Нацыянальным інстытутам імя Асалінскіх і Фондам міжнароднай салідарнасці (праект фінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча).
Публічная прэзентацыя зборніка, прысвечанага лаўрэатам прэміі «Голас пакалення свабоды», адбудзецца 7 лістапада 2026 года ў 18:00 у Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску ў межах свята беларускай літаратуры. Уваход вольны.
Набыць кнігу з дастаўкай па ўсёй Еўропе можна на Allegro.
Цяпер чытаюць
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары