Сусветны рынак бульбы ацэньваецца ў мільярды даляраў. У 2025 годзе сырой бульбы ў свеце прадалі на $6,8 мільярда, а гатовай і замарожанай, у тым ліку бульбы фры, — яшчэ на $17,45 мільярда, паведамляе World’s Top Exports.

Сярод экспарцёраў сырой, неапрацаванай бульбы ў 2025 годзе лідзіравалі Нідэрланды — $1,3 мільярда. На другім месцы была Францыя з $1,2 мільярда, на трэцім — Германія з $746,2 мільёна.
Далей у спісе ішлі Егіпет — $524,1 мільёна, Канада — $381,4 мільёна, Кітай — $378,8 мільёна, ЗША — $346,1 мільёна, Бельгія — $293,9 мільёна, Пакістан — $189,4 мільёна і Вялікабрытанія — $182,5 мільёна. На гэтыя дзесяць краін прыпадае амаль 90% сусветнага экспарту сырой бульбы.
Некаторыя краіны за год істотна павялічылі пастаўкі. Напрыклад, экспарт Кеніі вырас на 1113%, Кітая — на 56,4%, Пакістана — на 34%. У той жа час Італія, Іспанія і Індыя скарацілі экспарт.
На рынку гатовай і замарожанай бульбы, у тым ліку бульбы фры, лідар іншы. Першае месца займае Бельгія, якая ў 2025 годзе экспартавала такой прадукцыі на $4,5 мільярда — каля чвэрці ўсяго сусветнага экспарту.
За Бельгіяй ідуць Нідэрланды з $3,3 мільярда, Канада — $2,2 мільярда, ЗША — $1,8 мільярда і Францыя — $1,2 мільярда.
Найбольш хутка ў гэтым сегменце расце экспарт Кітая — на 53,1%, Індыі — на 35,6% і Егіпта — на 18,1%. Турцыя, Вялікабрытанія і Канада, наадварот, крыху скарацілі свае пазіцыі.
Беларусь у сусветны рэйтынг найбуйнейшых экспарцёраў бульбы не ўваходзіць, але для яе важным рынкам застаецца Расія. Пры гэтым беларускія пастаўкі туды прыкметна скараціліся. За першыя пяць месяцаў 2025 года Беларусь экспартавала ў Расію 32 тысячы тон бульбы супраць 63,9 тысячы тон за такі ж перыяд 2024 года. Такім чынам, аб’ём паставак зменшыўся амаль удвая.
Пры гэтым па выніках усяго 2024 года Беларусь была галоўным пастаўшчыком бульбы ў Расію — 201,2 тысячы тон, што на 60% больш, чым годам раней.
Агульны імпарт бульбы ў Расію за першыя пяць месяцаў 2025 года склаў 548,1 тысячы тон — у 3,3 раза больш, чым за аналагічны перыяд папярэдняга года.
Каментары