Яўген Каравулаў з КР: «Мне прапанавалі супрацоўнічаць з КДБ. І я сказаў «так»
Яўген Каравулаў, які нядаўна прэтэндаваў на пасаду сакратара Каардынацыйнай рады, напісаў пра тое, што ўжо тры месяцы КДБ тэрарызуе яго сям'ю ў Беларусі, і падрабязна распісаў, як гэбісты спрабавалі ўцягнуць у сваю арбіту і яго самога.

25 чэрвеня Каравулаву патэлефанавалі з бабулінага тэлефона, але замест яе на сувязі быў мужчына, які прадставіўся Жэнем і сказаў: «Ты ж ведаеш, хто мы».
Перад гэтым у сваякоў Каравулава ўжо неаднаразова праводзілі вобшукі, а аднойчы нават даслалі з невядомага нумару здымак з мінскай кватэры. Але такая форма камунікацыі са спецслужбамі Лукашэнкі была для яго новая.
Па словах мужчыны, ён адразу напісаў у сваю фракцыю КР «Наступ» і праваабаронцам, яму параілі паціху заканчваць размову, але гэбіст пагрозамі на адрас родных прымусіў яе працягваць. Размова доўжылася каля 45 хвілін, «найбольш іх цікавіла Каардынацыйная Рада: як яна працуе і чым займаецца». Але Каравулаў, па ягоных словах, не сказаў нічога больш, чым можна знайсці ў інтэрнэце.
«У нейкі момант мне прапанавалі супрацоўнічаць з КДБ. Спачатку я адказаў «угу», але ад мяне патрабавалі адназначнага адказу, і пад ціскам, баючыся за сямʼю, я сказаў «так». Яшчэ мне загадалі анікому пра гэтую размову не расказваць, але ўжо была позна».
І толькі пасля таго, як гэбісты ўзялі ў Каравулава нумар для сувязі і запатрабавалі код з СМС для ўваходу ў тэлеграм-акаўнт:
«Гэта мяне працверазіла. Коду я не атрымаў, так і сказаў, дадаў, што анічога перадаваць не збіраюся, і паклаў слухаўку».
Пасля таго Яўгену яшчэ пісалі з тэлефону маці і патрабавалі неадкладна выйсці на сувязь, але «я заблакаваў іх акаўнты, і больш са мной аніхто не кантактаваў».
Пазней ягоным сваякам не давалі спакою: прыходзілі на працу і дахаты, забіралі тэхніку, маці два разы цягалі на допыты і «прасілі перадаць мне, што хочуць «проста паразмаўляць».
«А сёння раніцай патэлефанавалі з бабулінага тэлефону. Я зноў адразу заблакаваў. Сказалі, што заўтра ўвечары зноў прыйдуць і забяруць тэлефон, каб «проста паразмаўляць», — дзеліцца Каравулаў.
А напрыканцы дае ўсім параду:
«Калі вам тэлефануюць з КДБ, у тым ліку з нумароў вашых родных, не ўступайце ў размову. Адразу блакуйце, бо калі пачняце гаварыць, яны ўжо не адчэпяцца. І адразу пішыце праваабаронцам, яны дапамогуць».
Чым займаецца Аліна Харысава пасля гучнага скандалу з КДБ і якія высновы зрабіла са сваёй прыкрай гісторыі?
«Я не прадугледзела толькі аднаго: што менавіта гэты кружочак выкарыстаюць супраць мяне». Споведзь Аліны Харысавай пасля скандалу з КДБ
Офіс Ціханоўскай: Паводзіны Харысавай нельга апраўдаць ціскам
«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі
Каментары