Праз новы ўказ Лукашэнкі зборы грошай для цяжкахворых сталі на паўзу
Бацькі ў роспачы: некаторыя ўжо запісваюць звароты да Лукашэнкі, бо не могуць адкрыць рахунак для збору данатаў у банку.

У Беларусі ўвялі правілы збору сродкаў для аказання медыцынскай дапамогі ў рамках дабрачыннай дзейнасці — Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ ад №304 «Аб фондах і дабрачыннай дзейнасці ў сферы аховы здароўя». Большасць норм пачала дзейнічаць з 12 верасня 2026 года.
Распавядаем пра тое, як цяпер можна збіраць данаты ў Беларусі.
Кажучы простай мовай, збіраць грошы для медыцынскай дапамогі могуць фонды (калі іх адзіная або адна з мэт дзейнасці — дабрачынная дзейнасць у сферы аховы здароўя), грамадскія аб’яднанні і фізічныя асобы.
Важны нюанс: чалавек можа адкрыць збор для сябе, мужа ці жонкі, блізкіх сваякоў (бацькоў, дзяцей, братоў і сясцёр, дзеда, бабулі, унукаў), для непаўналетняга дзіцяці, калі тое знаходзіцца пад яго апекай.
Таму, напрыклад, нельга арганізаваць збор для пляменніка ці цёткі — калі толькі яны не знаходзяцца афіцыйна пад вашай апекай.
Пры гэтым нельга адкрываць больш за адзін дабрачынны збор на адну мэту. То-бок тэарэтычна можна дакрыць адзін для сябе, адзін для блізкага сваяка (калі нехта яшчэ мае такую патрэбу), але нельга адкрыць некалькі збораў у розных банках для збораў на лячэнне аднаго чалавека.
Калі цяпер у кагосьці адкрыта некалькі розных дабрачынных рахункаў (а так рабілі — каб людзі пераводзілі на той банк, які ім зручнейшы), чалавек абавязаны цягам двух месяцаў выбраць адзін і перавесці туды ўсе астатнія грошы, а астатнія рахункі закрыць.
Таксама застаўся варыянт збіраць на асабісты рахунак абанента аператара сотавай сувязі (калі ахвотныя проста перакідваюць грошы на тэлефон). Але цяпер грошы, якія паступілі на такі мабільны рахунак, штодня павінны пераводзіцца на дабрачынны рахунак у банку.
Адзін з галоўных момантаў указу №304 — фактычная забарона на самастойнае распараджэнне тымі грашыма, якія занаданацілі вышэй за абвешчаны памер збору. Раней, калі чалавек, умоўна кажучы, прасіў сабраць 100 тысяч рублёў, а яму заданацілі 120 тысяч, ён мог сам вырашыць, што рабіць з лішкам. Мог добраахвотна пералічыць на нейкі іншы збор, а мог патраціць на свае дадатковыя патрэбы.
Цяпер жа, калі збор абвяшчае просты чалавек, ён абавязаны адразу вызначыць памер збору. Фонды, грамадскія аб’яднанні гэта рабіць не абавязаны.
Калі заяўленая сума сабрана, чалавек павінен цягам двух дзён аб’явіць аб заканчэнні збору ў тых жа крыніцах, у якіх раней паведаміў аб запуску ініцыятывы. Калі піярылі збор у тыктоку і інстаграме, там жа трэба і распавесці пра яго закрыццё.
Сабраныя грошы павінны выкарыстоўвацца выключна на мэту, для якой арганізавалі збор. Дадаткова за кошт гэтых сродкаў дазваляецца аплачваць: праезд чалавека, які мае патрэбу ў медыцынскай дапамозе, да месца яе аказання і назад; праезд аднаго суправаджальніка (калі гэта неабходна); пражыванне пацыента і суправаджальніка па месцы аказання медыцынскай дапамогі.
А вось на аплату працы людзей, якія працуюць па працоўных дагаворах, данаты траціць нельга.
Грошы, якія паступілі на банкаўскі рахунак звыш ліміту, на працягу трох месяцаў трэба пералічыць на дабрачынныя рахункі іншых асоб, на якія збор яшчэ працягваецца.
Што будзе, калі нехта гэтага не зробіць? Лішак забяруць добраахвотна-прымусова: банк перадасць інфармацыю ў Мінфін і Мінздароўя, а потым перавядзе грошы на дабрачынны рахунак дзяржаўнай медустановы, якую абяруць чыноўнікі.
Тое самое будзе зроблена, калі цягам шасці месяцаў пасля завяршэння збораў на рахунку не будзе ніякіх аперацый.
Нормы, якія рэгулююць прымусовы перавод «звышлімітных» сродкаў, уступаюць у сілу з 12 сакавіка 2027 года.
Праз новы ўказ людзі ўжо сутыкнуліся з праблемамі.
Некаторыя беларусы, якія ўжо збіралі працяглы час грошы на неабходныя лекі, скардзяцца, што не могуць атрымліваць данаты праз нумар МТС — мабільны аператар часова забараніў гэта рабіць, пакуль не вырашыць усе неабходныя юрыдычныя і тэхнічныя пытанні.
Вольга Карнейчук з Гомеля запісала відэазварот да Лукашэнкі. Яе сям’я трапіла ў пастку новага закона. Сёлета маленькай Эміліі паставілі страшны дыягназ — СМА другога тыпу.
11 верасня ў РНПЦ «Маці і дзіця» адбыўся кансіліум. Афіцыйнае заключэнне медыкі адправілі пасля абеду 14 верасня. У той жа дзень маці звярталася ў розныя банкі, каб адкрыць дабрачынны збор для дачкі, але ўсюды атрымала адмову.
«Банкі спасылаюцца на часовае прыпыненне працэдур у сувязі з уступленнем у сілу ўказа № 304. Жыццё дзіцяці залежыць ад таго, наколькі хутка пачнецца лячэнне, але з-за тэхнічнай і юрыдычнай паўзы ў банках я пазбаўлена законнага права ратаваць сваю дачку».
Таму маці тэрмінова шукае кваліфікаваных юрыстаў і праваабаронцаў, а таксама спрабуе дагрукацца да Лукашэнкі праз сацсеткі.
Ксюшы з СМА ўсё ж вырашылі рабіць выратавальны ўкол. Валанцёры збіраюць грошы на арэнду кватэры на час каранціну
Як цяпер жыве Арына Рудніцкая — першая дзяўчынка з СМА, якой $2 мільёны на лекі сабралі самі беларусы
Бацькі дзяўчынкі, якой сабралі на лячэнне амаль 2 мільёны даляраў, вырашылі не рабіць уколу
Каментары