Беларус пасадзіў занадта шмат бульбы. Каб яна не прапала, давялося кідаць кліч у сацсетках
Беларус Міхаіл прапанаваў усім ахвотным бясплатна сабраць бульбу на сваім участку ў Клецкім раёне. Яе аказалася настолькі шмат, што гаспадару ўжо не хапала месца для захоўвання, піша Blizko.by.

Міхаіл напісаў у Threads, што ў аграгарадку Даматканавічы можна прыехаць і набраць столькі бульбы, колькі трэба. Ад Мінска да яго прыкладна гадзіна сорак хвілін язды.
Мужчына патлумачыў, што ўжо назапасіў бульбы прыкладна на дзве зімы, таму месца для новага ўраджаю не засталося. Выкапаць яму або зрабіць бурт для захоўвання ён таксама не паспяваў. На фотаздымках было відаць, што ўчастак ужо ўзараны і бульбу заставалася толькі сабраць рукамі.
Аб'ява выклікала вялікую цікавасць. Многія беларусы дзякавалі Міхаілу за тое, што ён вырашыў падзяліцца ўраджаем, і шкадавалі, што знаходзяцца занадта далёка, каб прыехаць. Некаторыя адзначалі, што бульба вырасла буйная і прыгожая, а гаспадара называлі добрым чалавекам.
Аднак знайшліся і тыя, хто не зразумеў, чаму мужчына проста не паклаў бульбу на захоўванне ў бурт. У каментарах яму пачалі тлумачыць традыцыйны спосаб захоўвання ўраджаю — у яме, абкладзенай плёнкай і саломай, якую зверху таксама накрываюць зямлёй.
Іншыя ў адказ заўважалі, што гаспадар не просіць парад, а прапануе людзям бясплатна забраць бульбу, таму кожны можа сам вырашаць, што яму рабіць з ураджаем. А адна жанчына нават папрасіла прывезці бульбу ў Мінск, патлумачыўшы, што мае траіх дзяцей і не можа сама прыехаць.
У выніку ўжо на наступны дзень усю бульбу Міхаіла разабралі. Яго допіс у Threads за гэты час сабраў больш за 180 тысяч праглядаў.
Сімулятар беларуса. Хутка выйдзе гульня, у якой трэба чысціць бульбу
1,30 рубля за кілаграм бульбы: што прадаюць у Мінску на восеньскіх кірмашах
У Воранаўскім раёне мужчына выбіраў бульбу і загінуў
Ці сапраўды небяспечная зеленаватая бульба
Лукашэнка заклікаў саджаць больш бульбы
З'явіўся новы рэйтынг найбольш бульбяных краін свету
Каментары