Грамадства2626

Музыка Алесь Чумакоў расказаў, як яго спрабаваў завербаваць ветлівы беларускамоўны хлопец з КДБ

І як пасля яму палілі скуру запальнічкай іншыя гэбісты. Удзельнік гурта «Стары Ольса» ў інтэрв'ю «Вясне» расказаў, як фраза следчай СК «мне сумна» стала сігналам да катаванняў.

Да свайго затрымання Алесь не сутыкаўся з пільнай увагай спецслужбаў. Першая спроба ўстанавіць кантакт з боку КДБ адбылася задоўга да арышту і насіла нефармальны характар.

«Сувязяў з КДБ у мяне не было ніколі. Мяне гэта заўсёды здзіўляла: чалавек, які вандруе па ўсім свеце, вітаецца з усімі беларусамі свету, проста абдымкі, за руку здароўкаецца — і ніводнага разу да мяне не звярталіся. Я жыў у сваім свеце, спецслужбы мной не цікавіліся. Упершыню яны звярнуліся да мяне ў 2023 годзе.

Патэлефанаваў беларускамоўны хлопец, вельмі прыемны, і запрасіў на сустрэчу на каву. Сказаў: «Вы, пэўна, здзіўлены, што ў нас тут у спецслужбах і па-беларуску таксама пісьменна могуць размаўляць». Мы паразмаўлялі пра тое-сёе. Ні імёнаў, ні інфармацыі не гучала. Ён проста сказаў: бывае так, што людзі ездзяць туды-сюды, і мы маем да іх цікаўнасць.

Прамацвалі мяне: «Бачым, што вы тут нейкія данаты збіраеце, дык можа звернецеся да нас, у нас грошай шмат».

Я адказаў, што мне хапае. Ніякіх пагроз ці ціску не было, усё даволі ветліва. Відаць, прамацалі, што супрацоўнічаць нельга, і гэта гісторыя тады скончылася».

Затрыманне: «Вось ён, Будкін! Усё знойдзена, ты наш»

Аперацыя па затрыманні прайшла 28 лістапада 2025 года. Сілавікі падманам выманілі яго з кватэры, што ў выніку дало музыку магчымасць узяць з сабой цёплыя рэчы.

«Затрыманне 28 лістапада было нечаканым. Хоць яны потым казалі, што сачылі за мной каля дзесяці месяцаў. Дзверы не выломвалі. Мяне вельмі ветліва выклікалі на вуліцу, прадставіўшыся суседзямі, якія нібыта падрапалі маю машыну. Гэта мяне ўратавала шмат у чым! Я бачыў потым людзей на Акрэсціна, якіх ГУБАЗіК затрымліваў у адной кашульцы — там халады, і яны адразу ж хварэюць. А ў мяне быў шанец спакойна апрануцца да прыезду «ДАІ»: тэрмабялізна, некалькі слаёў адзення, двайныя шкарпэткі».

Замест суседзяў ці супрацоўнікаў ДАІ музыку сустрэлі аператыўнікі, якія перш за ўсё пачалі шукаць доказы ягонай «экстрэмісцкай дзейнасці» ў лічбавай прасторы.

«Я выйшаў на прыступкі, і там мяне вельмі асцярожненька за руку адвялі назад, нахілілі і адразу: «Дзе твой тэлефон?».

Паказалі пасведчанне КДБ, запыталі, ці разумею, за што затрымліваюць. У тэлефоне адразу, літаральна за секунду пачалі шукаць Сяргея Будкіна (кіраўніка Беларускай рады культуры). Хоць мы з ім ніколі не перапісваліся больш за пару паведамленняў за 20 гадоў знаёмства. Знайшлі кантакт, тыкнулі мне ў твар тэлефонам: «Вось ён, Будкін! Усё знойдзена, ты наш».

Дома ў Алеся пачаўся ператрус, які суправаджаўся стварэннем беспарадку і цынічнымі жартамі з боку супрацоўнікаў.

«Пайшлі трэсці кватэру. Маці з бацькам — старыя хворыя людзі, яны іх пакоі не чапалі, інструменты не ламалі. Але ў маім пакоі стварылі капітальнейшы бардак. Скідвалі рэчы на падлогу, слаямі грузілі іх на ложак (крэслы, папкі з дакументамі) і ўвесь час жартавалі.

Адзін КДБшнік усё пытаўся: «Як ты на гэтым ложку спіш?». Я спакойна кажу: «Сплю. Сумленне чыстае. Да вашага прыходу ўсё было добра». А ён не супакойваецца, гэты жарт мне ўсё падкідвае, думае, што мне павінна быць весела. А не смешна ні халеры. Канфіскавалі толькі тэлефон — довады там былі адразу, і гэтага ім хапіла».

Допыт і адміністрацыйны арышт

Першыя гадзіны пасля затрымання прайшлі ў кабінетах КДБ, дзе аператыўнікі вывучалі кантакты ў тэлефоне і стваралі ілюзію хуткага вызвалення. Пазней мужчыну перавезлі ў РУУС для афармлення фармальнага адміністрацыйнага пратакола.

«На завулку Казлова мяне дапытвалі з дзявятай раніцы да восьмай вечара. Паводзілі сябе ветліва, давалі ваду, вадзілі ў прыбіральню. Цэлы дзень сядзелі ў маім тэлеграме і ішлі па ўсіх кантактах: «Гэта хто? А гэта хто?». Аналітык з суседняга кабінета зазіраў і казаў: «Добры чалавек». Гэта як у тым анекдоце, дзе Лукашэнка бульбу перабірае: добрая, кепская. Нават бульбу без мяне не могуць перабраць!

Ціск быў падманлівы. Яны ўвесь час абяцалі: «Давай яшчэ пытанне, і пойдзеш дадому, вернешся да сваёй майстэрні, да сваіх гусляў. Давай яшчэ вось гэта, як там, бочку варэння і кошык пячэння». Трымалі ў няведанні і ўсялялі спадзяванні.

У РУУС Ленінскага раёна мяне закінулі ў бетонны «абяз'яннік». Склалі пратакол, што я нібыта хапаўся за дзверцы мікрааўтобуса і не падпарадкоўваўся. Я вырашыў з імі не сварыцца і падпісаў гэтую лухту. На судзе жанчына-суддзя рабіла страшэнны перакошаны твар, нібыта яна з нейкім Чыкацілам размаўляе. А сведка, маладзенькі міліцыянт, які толькі школу скончыў, таропіўся на мяне, падміргваў і на пытанні суддзі, ці супраціўляўся я, ківаў: «Да, не падпарадкаваўся!». Яму было ўсё роўна, што казаць. У выніку мне прызначылі 14 сутак».

Допыт у Следчым камітэце: ад 342‑га артыкула да Рады культуры

Пасля адбыцця адміністрацыйнага арышту на волю Алесь Чумакоў не выйшаў. Яго перавялі ў статус падазраванага па крымінальнай справе і даставілі на допыт у Следчы камітэт.

«Калі адміністратыўка ў ЦІП на Акрэсціна скончылася і я меў спадзеў пайсці дадому, на выхадзе мяне сустрэлі тыя ж супрацоўнікі КДБ. Сказалі: «Усё, далей зноў з намі, не разлічвай, што дадому». За кутом пасадзілі ў бусік, паставілі на калені, прымусілі ехаць на падлозе ўсю дарогу да Следчага камітэта».

Падчас допыту і афармлення пратаколаў Алесь адразу сутыкнуўся з банальнай некампетэнтнасцю следчай.

«Там першая следчая адным пальцам набірала тэкст на камп'ютары. Проста як малпа з камп'ютарам! Памылка на памылцы. Замест «мне зразумела» напісана «не зразумела», словы накладзеныя адно на адно, сэнс згублены. Я пачаў выпраўляць памылачкі на палях, як школьны настаўнік. А яна мне: «Ты за мной будзеш яшчэ памылкі як у школе выпраўляць?! Мне ў школе ўжо хапіла!». Урэшце я падпісаў гэтую лухту не чытаючы».

Калі справа дайшла да сутнасці абвінавачванняў, Алесю паспрабавалі інкрымінаваць стандартны набор палітычных артыкулаў. Пры гэтым прызначаная дзяржавай адвакатка дэманстравала поўную абыякавасць да лёсу свайго кліента.

«Спачатку мне ўкідвалі цэлы стандартны блок крымінальных артыкулаў, проста скапіяваны аднекуль: і 342 (удзел у пратэстах), і 130 (распальванне варожасці), і нейкія «абразы». Калі я спытаў у дзяржаўнай адвакаткі — маладзенькай дзяўчынкі, якая проста разглядала ўзорчыкі на стале, — як мне бараніцца ад 342-га, яна адказала: «342? Гэта ж тое, што па вуліцы людзі хадзілі. Дык так усе хадзілі. І я хадзіла. Ну і кажыце, што нічога сур'ёзнага». Паколькі я на пратэстах нідзе не засвяціўся і тэлефона з сабой ніколі не насіў, гэтыя «вулічныя» артыкулы з мяне ўрэшце знялі. Засталося толькі «экстрэмісцкае» абвінавачанне».

Пасля таго як абвінавачванні ва ўдзеле ў пратэстах адпалі праз адсутнасць доказаў, следства сканцэнтравалася на пошуку сувязяў музыкі з незалежнымі культурніцкімі ініцыятывамі.

«Мяне пачалі пытаць пра ініцыятыву «Да зораў» (прыляпілі яе да Рады культуры). Я ніколі ў жыцці пра яе не чуў. Назву «Да зораў» я спачатку ўспрыняў як адно слова, думаў пра Сяргея Лук'яненку: Начны дазор, дзённы дазор, сабраліся тут вампіры кроў маю піць! Але аказалася, што там стаяў мой сапраўдны подпіс — магчыма, пасля канцэрта падмахнуў не гледзячы.

Урэшце, калі я пачаў пераходзіць на сваю асобу, расказваць, што я музыкант, майстар музычных інструментаў і палітычнымі справамі не займаюся, следчая раптам сказала: «Мне сумна». Ну і тут КДБшнікі ўзялі мяне пад рукі і павялі ў бусік. Вырашылі «павесяліцца», каб гэтай дзяўчыне не было сумна.

Тэрмічныя апёкі і пагрозы згвалтаваннем: катаванні ў бусіку

Транспарціроўка са Следчага камітэта ў ізалятар суправаджалася фізічным гвалтам і пагрозамі сэксуальнага характару. Супрацоўнікі КДБ мэтанакіравана наносілі музыку траўмы з выкарыстаннем спецсродкаў.

«У бусіку мяне зноў паклалі на падлогу, залітую чымсьці смярдзючым і мокрым. Рукі ў кайданках за спінаю паднялі да столі так, што вывернуліся плечавыя суставы. Я скаліёзнік, у мяне траўмаваныя па спорце плечы — гэта было невыносна балюча.

Потым адзін чалавек мне трымаў рукі, а другі ўзяў будаўнічую запальнічку — такую, з якой ідзе не проста агонь, а струмень газу пад ціскам. Ён пачаў раскаляць гэтыя кайданкі да апёкаў. Тэрмічных апёкаў! Калі я неяк выкручваўся, каб адхіліцца ад струі, натыкаўся на жалезнае сопла запальнічкі. Апёкі і палосы на руках сыходзілі потым дзевяць месяцаў.

Збоку на бакавым крэсле сядзеў КДБшнік — той белабрысенькі з зачосам на бок, які пры затрыманні адыгрываў ролю «кепскага паліцэйскага». У яго былі адмысловыя каваныя боты, нейкія берцы, прызначаныя менавіта для гэтай працэдуры (ніхто з іншых такія не насіў). І ён збіваў мяне ўсю дарогу ад Следчага камітэта да Акрэсціна. Праз кожныя тры-пяць секунд я атрымліваў удар па галаве: ззаду, спераду, згары. Да таго ж, увесь гэты час яны не проста збівалі мяне, але і пагражалі згвалтаваннем.

Потым ён пачаў лупіць мяне нагамі. Уся правая палова цела — ногі, бок, рука — была сіняя. Адзін удар каваным ботам прыляцеў прама ў локаць. У мяне адмовіў цэнтральны нерв, два пальцы проста выключыліся.

Іх адчувальнасць вярнулася толькі праз чатыры месяцы. Я ў СІЗА не мог ні асадку трымаць, ні нават кубікі для нардаў узяць — яны пастаянна выпадалі з рук».

«Я не спаў нармальна 24 дні»: карцар на Акрэсціна

Пасля збіцця Алесь трапіў у ІЧУ на Акрэсціна, дзе знаходзіўся ў перапоўненай камеры-карцары з антысанітарнымі ўмовамі і недахопам месца для сну.

«Пасля катаванняў у бусіку мяне, усяго пабітага, прывезлі ў ІЧУ на Акрэсціна, ужо ў межах крымінальнай справы. Сем сутак з дзесяці я правёў у бетонным карцары. Па памерах — як кухонны пакойчык. Нас там было ад сямі да дзевяці чалавек. Па цэнтры прыкручаны жалезна-драўляны сіні зэдлік, які мы ўсе ненавідзелі, бо ён перакрываў усю прастору. Легчы маглі толькі 3‑4 чалавекі паабапал зэдліка. Рэшта сядзела скручаная пад умывальнікам, на п'едэстале санвузла ці абапёршыся на сценку перад рашоткай, дзе можна было злавіць хоць крыху паветра з калідора.

Дзень дзяліўся на два этапы. Зранку пасля ночы духата была жудасная — мы віселі гронкамі на кратках і дыхалі ў шчыліны.

А ўдзень станавілася халодна, і мы сядзелі згуртаваўшыся, грукаючы зубамі. Сцяны каля прыбіральні там няма. Калі камусьці трэба, ён ідзе на п'едэстал і кажа: «Хлопцы, важная працэдура, адвярніцеся, калі ласка!». І ўсе стаяць адварочаныя, гледзячы ў маленькае стольнае акенца.

Я не спаў нармальна ўжо 24 дні. Калі мяне ўрэшце павезлі пераводзіць у СІЗА, я паглядзеў у люстэрка і не пазнаў сябе. Твар быў зялёны. Праз бясколерную скуру, як у той рыбкі, што жыве на дне Марыянскай упадзіны, былі бачныя ўсе сасудзікі. І чорныя вачніцы. Гэта фільм жахаў».

Прыёмка ў СІЗА: «Я такога прыгожага браць не буду»

Перавод у следчы ізалятар суправаджаўся медыцынскім аглядам, які меў выключна фармальны характар.

«Калі мяне прывезлі ў СІЗА ў Калядзічах, мясцовы фельчар паглядзеў на мае гематомы і сінякі і сказаў: «О, я такога прыгожага браць не буду!». Давялося ісці ў суседні кабінет да маёра. Той спакойна склаў паперку, што я нібыта «аказваў супраціўленне падчас затрымання, таму і атрымаў», паставіў роспіс. Вярнуліся да фельчара — ён сказаў «Окей» і прыняў мяне. Але ўсё роўна мяне пратрымалі на каранціне большую колькасць дзён, чым звычайна людзей».

«Я ў жыцці не бачыў такіх малюсенькіх батарэй»: умовы ў Калядзічах і закручванне гаек

Умовы ўтрымання ў СІЗА пастаянна пагаршаліся праз увядзенне новых абмежаванняў, рэгулярныя рапарты за дробныя парушэнні і адсутнасць нармальных прагулак.

«Умовы ў СІЗА змяняюцца ўвесь час у горшы бок, «закручванне гаек». Кожны месяц навіна: то нельга сядзець на ложку, то нельга глядзець тэлевізар (які і так працаваў два месяцы з дзевяці), то нельга захоўваць мыльніцы на рукамыйніку, то нельга сушыць вопратку. Сушы, дзе хочаш, хоць у торбе, каб яна там гніла. За ўсё прылятаюць рапарты. Аднаму чалавеку прыляцеў рапарт за тое, што ён, седзячы за сталом, проста абапёрся падэшвамі на край ложка».

Акрамя бясконцых бытавых абмежаванняў і пагрозы рапартаў, дадатковым выпрабаваннем сталі самі фізічныя ўмовы ўтрымання. Холад у камерах спалучаўся з адсутнасцю паўнавартасных прагулак, а арганізацыя побыту цалкам падпарадкоўвалася абсурднай логіцы наглядчыкаў.

«Камеры былі вельмі халодныя. Батарэя ўсяго з трох каленцаў. Я ў жыцці не бачыў такіх малюсенькіх батарэй на такі пакой! Тое, што яны называюць «дворыкам» для прагулак, проста ўводзіць людзей у зман. Гэта такая ж самая голая бетонная камера, як тая, дзе мы сядзім, і неба над галавой там усё роўна няма ніколі. Там толькі трошкі больш паветра за кошт таго, што замест бетоннай столі полікарбанат. Ён нібыта празрысты, але насамрэч не празрысты ні халеры. Выводзілі туды спачатку раз на тыдзень, а потым яшчэ радзей — раз на дзесяць дзён.

Размеркаванне па гэтых дварах — гэта латарэя. Восем чалавек маглі закінуць у дворык, разлічаны на дваіх. Увогуле, мясцовых супрацоўнікаў мы называлі па колерах: «зялёненькія», «сіненькія», «чорненькія». Так было прасцей, каб адразу было зразумела, пра каго ідзе размова. І вось я пытаўся ў аднаго з маладых «зялёненькіх» (канваіраў, што арганізуюць прагулкі): «А чаму б не закінуць 8 чалавек у васьмёрку, а дваіх у двойку?». Адказ як у армейскім анекдоце: «Робім як заведзена, ты тут непарадак уводзіш!».

Асобнае пекла — гэта паленне ў камерах. На прагулках паліць нельга, таму ўсе паляць на санвузле (дзірка ў падлозе, адгароджаная метровым драўляным шчытом). З васьмі чалавек маглі паліць шэсць.

Вентыляцыя ніякая. Кумар вісеў такі, што сукамерніка не бачна. Мы жартавалі як у мульціку «Вожык у тумане»: «Сярога, я цябе не бачу! Вожык! Лашадка!». Я прывёз свежапамытыя рэчы дадому ў герметычных пакунках, а яны дагэтуль вэнджаныя гэтым папяросным дымам».

Псіхалагічны ціск: пражэктар у твар, расійская папса і сны канцэртаў

Акрамя бытавых складанасцяў, адміністрацыя ізалятараў выкарыстоўвала сэнсарны ціск: бесперапыннае асвятленне і гучную музыку, што перашкаджала аднаўленню нервовай сістэмы.

«Асобная форма гвалтавання — гэта гук і святло. На Акрэсціна радыё працавала ўвесь дзень, з 6‑й да 22-й. Аднойчы яго ўключылі нават а трэцяй гадзіне ночы на поўную гучнасць — можа, памыліліся, а можа, кагосьці згвалціць хацелі. У СІЗА радыё прымусова ўключаюць па ранках і на прагулках. Гучыць яно кепска праз жалезную калонку, якая абсалютна не прызначана для музыкі. І пастаянна адно і тое ж — расійская папса ўперамешку з замежнай. Для мяне, чалавека, згадаванага на фолку і року, гэта былі пякельныя пакуты.

А спакойна паспаць і аднавіцца — проста без шанцаў. Удзень заплюшчыць вочы нельга, камера назірання працуе 24/7, адразу крычаць па гучнай сувязі: «Хто спіць там?! Назавіце прозвішча! Рапарт». А ўначы ў твар табе пастаянна свеціць «месяц» — яркі дыёдны пражэктар белага святла. Як ні накрывайся, як ні завязвай галаву адзеннем, ты ўсё роўна не можаш нармальна спаць. Ты проста заплюшчваеш вочы і глядзіш кіно на мяжы з бадзёрасцю.

Дзевяць месяцаў нон-стопам мне сніліся доўгія размовы з сябрамі за куфлем гарбаты. Канцэрты сніліся проста ў рэал-тайме — па сэт-лісту ад першай да апошняй песні! Як я стаю на сцэне і іграю, спяваю, чую ўсе аранжыроўкі і інструменты, як паварочваюся да кожнага з музыкаў, як мы вяртаемся ў грымёрку, аўтэпаці У гэтым сне ты рэальна дзейнічаеш, арганізм працягвае функцыянаваць без магчымасці адключыцца. Гэта зусім не адпачынак».

Бібліятэка і кніжная латарэя

Адзіным легальным спосабам бавіць час у камеры заставалася чытанне. Аднак сістэма замовы кніг працавала выключна па ўласных, непрадказальных правілах.

«Бібліятэка там добрая, вельмі шмат кніжак перачытаў. Ад класікі да сучасных, ад Талстога да Айн Рэнд, ёсць Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў. Адразу папярэдзілі: Святлана Алексіевіч там афіцыйна забароненая, таму заявы на яе не пішыце.

Але паўплываць на тое, што табе прынясуць, амаль немагчыма — гэта латарэя. Мы спраўна, як заведзена, пісалі раз на месяц агульную заяву ад камеры, што б хацелі пачытаць. Потым па парадзе бібліятэкара пісалі асобныя заявы на канкрэтную кніжку цягам месяца. У маім выпадку гэтыя паперкі не спрацавалі ні разу. У іншых людзей выпадкова спрацоўвала раз-два за ўсе дзевяць месяцаў. То бок заявы гэтыя можна было ўвогуле не пісаць. Прыносілі проста выпадковыя кніжкі. Толькі адзін раз мне прынеслі па дамове другі том кніжкі, якую я прачытаў першую — сапраўды зрэагавалі на просьбу. Але, па шчасці, нават выпадкова прыносілі добрыя, мастацкія рэчы».

Медычная дапамога ў няволі: «Усё як у Латвіі»

Медыцынская дапамога ў ізалятарах абмяжоўвалася базавымі прэпаратамі, а звароты да профільных спецыялістаў ігнараваліся месяцамі.

«Калі людзі хварэюць, ім у лепшым выпадку даюць ібупрафен. Аднойчы мяне накрыла: тэмпература, пахі прапалі — кавідны стан. Напісаў слёзную заяву на пасцельны рэжым.

Мяне забралі ў медчастку і забылі ў калідоры. Тры гадзіны я прастаяў тварам у сцяну, рукі за спінай. Усе лекары ўжо сышлі. Ідуць міма трое «зялёненькіх», адзін смяецца: «Прыкіньце, зазіраю на медчастку, а там зняволенага забылі! Прыкіньце, які ў нас тут бардак!».

Калі мяне ўсё ж завялі да тэрапеўта, яна глянула на мяне і выдала: «Я табе тэмпературу мераць не буду, ты на вока на пасцельны рэжым не выглядаеш!».

Ад ледзяной вады (прама як са студні) і гарачай турэмнай ежы, якую трэба было есці хутка, у мяне патрэскаліся зубы, павыляталі пломбы. Слых пачаў пагаршацца. На мае заявы да лора не рэагавалі чатыры месяцы. Самае смешнае, што ў гэты час па прапагандысцкім тэлевізары круцілі: «А ў Латвіі зняволеным не даюць звярнуцца да лекараў! Заявамі зняволеных падціраюцца!». Гэты выраз — «усё як у Латвіі» — тады зайграў для нас новымі фарбамі».

Суд: беларуская песня як экстрэмізм

Падчас судовага працэсу доказы і аргументы абароны не ўлічваліся. Музычная дзейнасць была кваліфікаваная як злачынства супраць дзяржавы.

«Суд нагадваў савецкія 30‑я гады: не важна, што ты зрабіў і ці рабіў наогул. Сказана расстраляць — расстраляць. Гэта быў не суд, а зносіны з робатамі: у іх стаіць праграма «1, 2, 3, 4», і абсалютна не важна, што ты ім кажаш.

Сама пракурор заяўляла: каб абвінаваціць, трэба даказаць намер і ўсведамленне. Мяне ж вінавацілі ва «ўступленні» ў Раду культуры. Я адказваў: я нават не ведаю яе складу! У любой краіне гэта мусілі б даказваць, а ў нас проста праігнаравалі. Затое ў КДБ прымусілі падпісаць паперку, што я «гуртаваў дзеля расхіствання канстытуцыйнага строю» тым, што спяваў народныя песні. Гэтага ім хапіла.

То-бок афіцыйна я асуджаны за тое, што запісаў альбом песень на беларускіх народных інструментах.

Сілавікі прычапіліся да дапамогі ад Рады культуры, але хіба гэтую смешную суму можна назваць грашыма на запіс? Гэта збольшага сродкі з маёй кішэні і кішэні маіх слухачоў. Фольк — гэта не рэп і не папса, тут не заробіш. Гэта стварэнне каранёў і слупоў культуры, датацыйная справа.

У альбоме 13 трэкаў. Гэта вядомыя песні з рэпертуару, напрыклад, «Песняроў», а таксама ўнікальныя рэгіянальныя народныя спевы. У ім няма нічога экстрэмісцкага! Але тое, што мусіла б гучаць з дзяржаўных тэлеканалаў, для ўладаў стала прамым доказам злачынства».

Сённяшні дзень і будучыня

Алеся разам з іншымі палітвязнямі памілавалі 16 верасня 2026 года ў выніку перамоваў спецпасланніка ЗША Джона Коўла з Лукашэнкам. Пасля вызвалення і прымусовай дэпартацыі Алесь апынуўся ў Варшаве. Зараз ён сканцэнтраваны на аднаўленні здароўя і падрыхтоўцы да выпуску альбома, які стаў прычынай яго зняволення. 

«Зараз я ў Варшаве, пакуль раблю дакументы. Запрашайце мяне на кватэрнікі — прыеду з радасцю, паспяваем, паразмаўляем.

Трэба прайсці лекараў, зрабіць МРТ, паглядзець, што са слыхам. Згубіць слых музыканту — гэта трагедыя. Як-небудзь спраўлюся. Калі што, буду гуляць у Бетховена, але хацелася б захаваць тое, што ёсць.

А мой альбом на 13 трэкаў, зробленыя ўнікальныя рэгіянальныя варыянты вядомых песень, ужо гатовы. Планавалі выпусціць яго на мінулы Новы год. Ну, спазнімся на год. Выйдзе ўвосень. Магчыма, акурат на юбілей майго затрымання».

Каментары26

  • Лёлік з-пад Лімасола
    24.09.2026
    кдбісты вы ж ёсць усе ў спісах
    Думай це
  • А дзе розум?
    24.09.2026
    Ад "падмахнуў, не гледзячы" і "ні за што" - вялікая адлегласць.
  • звычайны фашызм
    24.09.2026
    Прыйдзе час спагнаньня.

Цяпер чытаюць

Памілаваныя 15 чалавек, сярод якіх 13 палітвязняў15

Памілаваныя 15 чалавек, сярод якіх 13 палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

ЦРУ папярэдзіла еўрапейскія ўрады аб магчымай атацы расійскіх дронаў на Іспанію, Францыю або Італію5

«На ракеце». Зяленскі рэзка адказаў расійскім журналістам17

У Беларусі можна цалкам законна прадаваць і купляць кватэры і машыны за даляры. Вось як гэта зрабіць7

«Усе мамкі, не разбіраючыся, супраць». Ціханоўскі падзякаваў мужчынам за непублічную падтрымку95

Пачобут у ЗША сустрэўся з Коўлам ФОТАФАКТ2

Сі Дзіньпін прыбыў у ЗША з трохдзённым візітам, Трамп асабіста сустрэў яго ў аэрапорце5

Навукоўцы знайшлі пах, які прымушае людзей больш траціць у сэканд-хэндах

Навукоўцы высветлілі, дзе на Зямлі найбольшыя шанцы перажыць глабальную катастрофу4

«Ён выбраў мяне сам». У Гомелі 19‑гадовая дзяўчына збірае грошы на ўласнага каня5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памілаваныя 15 чалавек, сярод якіх 13 палітвязняў15

Памілаваныя 15 чалавек, сярод якіх 13 палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць