У Латвіі рэзка павялічыўся збожжавы транзіт з Беларусі. За дзевяць месяцаў у 913 разоў больш, чым за ўвесь мінулы год
У верасні істотна павялічыўся транзіт збожжа з Расіі і Беларусі праз Латвію. Пра гэта сведчаць звесткі, абагульненыя Службай дзяржаўных даходаў Латвіі (VID), піша Delfi.lv.

З 1 да 24 верасня праз Латвію транзітам перавезлі 253 623 тоны збожжа з Расіі — амаль удвая больш, чым за ўвесь верасень мінулага года. З Беларусі за гэты ж перыяд прайшло транзітам 40 101 тона збожжа. Пры гэтым у верасні 2025 года беларускія збожжавыя праз Латвію транзітам увогуле не перавозіліся.
Усяго з пачатку года да 24 верасня праз Латвію транзітам перавезлі 593 663 тоны расейскага збожжа. Гэта на 8,9% менш, чым за ўвесь 2025 год. Беларускі транзіт за гэты перыяд склаў 116 847 тон — у 913 разоў больш, чым летась.
Значны рост назіраўся і ў жніўні. Тады праз Латвію транзітам перавезлі 158 983 тоны збожжа з Расіі — на 55,9% больш, чым у жніўні 2025 года. З Беларусі за месяц прайшло 26 726 тон, тады як годам раней беларускіх збожжавых транзітам праз Латвію не было.
VID адзначае, што заканадаўства Еўрасаюза забараняе ўвозіць у ЕС тавары, якія паходзяць з некантраляваных Украінай тэрыторый. Гаворка ідзе пра Крым, а таксама часткі Данецкай, Херсонскай, Луганскай і Запарожскай абласцей, якія Расія анэксавала. Гэтыя абмежаванні распаўсюджваюцца і на транзіт.
Каб пераканацца ў паходжанні збожжа, латвійскія мытнікі праводзяць выбарачныя праверкі. У прадпрымальнікаў могуць запатрабаваць дакладныя звесткі пра месца вырошчвання пшаніцы, яе сорт і пацвярджэнне, што яна не паходзіць з некантраляваных Украінай тэрыторый. Таксама правяраюцца маршрут пастаўкі да мяжы ЕС, накладныя, дамовы, транспартныя дакументы, рахункі за перавозку і іншыя матэрыялы.
Паводле VID, у выніку праверак мытная служба не атрымала доказаў, якія пацвярджалі б падазрэнні, што правераная пшаніца магла паходзіць з некантраляваных Украінай тэрыторый.
У VID таксама падкрэсліваюць, што за выкананне санкцый адказвае не толькі мытня. Усе кампаніі, якія ўдзельнічаюць у транзіце збожжа, павінны самастойна правяраць грузы перад заключэннем дамоў на іх перавозку, перагрузку, захоўванне і далейшае транспартаванне.
За першыя восем месяцаў 2026 года ў выніку кантрольных мерапрыемстваў латвійскай мытні ў 842 выпадках былі прадухіленыя парушэнні санкцый. У 467 выпадках кампаніям адмовілі ва ўжыванні заяўленай мытнай працэдуры да грузаў.
У VID паведамляюць, што найбольш часта парушэнні санкцый звязаныя з няправільным пазначэннем кода тавару паводле Камбінаванай наменклатуры ЕС, падаваннем ілжывых звестак пра краіну паходжання або прызначэння, падробкай дакументаў і невыкананнем умоў пераходнага перыяду, прадугледжаных санкцыйнымі правіламі.
Каментары
Гэта Украінскае збожжа, цікава, гэта навошта Delfi.lv. піша пра гэта ?