Гомельскага блогера Мелстроя, магчыма, затрымалі на Кіпры на запыт Казахстана
Беларускі стрымер Андрэй Бурым, вядомы пад псеўданімам Mellstroy, заявіў, што яго знайшла паліцыя на Кіпры па запыце Казахстана, і пасля таго знік, піша казахстанскае выданне Qumash.

У сваім тэлеграм-канале Бурым апублікаваў кароткае відэа, у якім сказаў:
«Мяне знайшла паліцыя па запыце Казахстана. Я зараз…».
Неўзабаве відэа знікла з канала. Пасля гэтага ні сам стрымер, ні яго прадстаўнікі сітуацыю не каментавалі.
Чытачы Qumash таксама паведамілі ў рэдакцыйны чат-бот, што Mellstroy, магчыма, ужо вывозяць у Казахстан. Яны звярнулі ўвагу на рэйс PGT1913 з аэрапорта Эрджан праз Стамбул у Астану, які, паводле іх сцвярджэння, выкарыстоўваецца для дэпартацыі з Кіпра ў трэція краіны. Аднак афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі няма.
Журналісты звярнуліся па каментар у Міністэрства ўнутраных спраў Казахстана, Агенцтва па фінансавым маніторынгу і Генеральную пракуратуру. На момант публікацыі адказаў ад гэтых ведамстваў не было.
Раней сам Mellstroy казаў, што знаходзіцца на Кіпры і не можа пакінуць краіну праз міжнародны вышук, абвешчаны па запыце Казахстана. У сацыяльных сетках таксама з'явіліся здагадкі, што стрымер мог сам арганізаваць гэтую гісторыю дзеля прыцягнення ўвагі, аднак ніякіх пацверджанняў гэтаму няма.
Казахстан абвясціў Андрэя Бурымa ў міжнародны вышук у лістападзе 2025 года. Дэпартамент Агенцтва па фінансавым маніторынгу (АФМ) па Астане паведаміў пра гэта, а суд завочна санкцыянаваў яго арышт.
Паводле АФМ, Бурыма падазраюць у арганізацыі маштабнай рэкламнай кампаніі па прасоўванні анлайн-казіно Mellstroy.game, арыентаванага, у тым ліку, на карыстальнікаў з Казахстана. Для папулярызацыі праекта стрымер праводзіў розыгрышы і чэленджы. Удзельнікам прапаноўвалі здымаць відэа для TikTok, YouTube Shorts і іншых сацыяльных сетак, у якіх трэба было размяшчаць назву Mellstroy.game, лагатыпы казіно і спасылкі на сайт.
Такія заданні атрымалі распаўсюджанне і ў Казахстане. Дзеля абяцаных прызоў удзельнікі ішлі на правакацыйныя, зняважлівыя і часам небяспечныя ўчынкі.
Адзін з такіх выпадкаў адбыўся 21 кастрычніка ў Астане. У адным з буйных гандлёвых цэнтраў мужчына выбег з прыбіральні толькі ў трусах, трымаючы плакат з надпісам «Падары мне кватэру». Ён бегаў па гандлёвай зале і крычаў гэтую ж фразу.
Паліцыя затрымала мужчыну. Ён растлумачыў, што выконваў заданне беларускага стрымера, які нібыта разыгрываў кватэру сярод удзельнікаў падобных чэленджаў. Суд прызначыў жыхару Астаны 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Беларускі трэш-блогер Мелстрой уразіў падпісчыкаў новым знешнім выглядам ФОТАФАКТ
«Дзесяцігадовае дзіця АМАП пакладзе ў падлогу?» Трэш-блогер Mellstroy адрэагаваў на прызнанне сябе экстрэмістам
Мінчука пасадзілі на 10 сутак за тое, што паўдзельнічаў у конкурсе трэш-блогера Mellstroy
Беларускі трэш-стрымер Mellstroy арандаваў раскошны дом у Кіпры за $500 тысяч на год
Школьнікі ў Расіі выбеглі на пляцоўку падчас матча дзеля грошай ад Mellstroy. Гамяльчук не заплаціў, а бацькоў аштрафавалі
Звычайны гамяльчук раптам стаў мільянерам: хто такі Mellstroy і адкуль у яго грошы
Каментары