Украінка расказала, як таксіст-беларус у Гданьску пагражаў выцягнуць яе сілай з машыны, бо яна адмовілася размаўляць па-руску
«Уразлівая душа «велікароса» не вытрымала таго, што ўкраінка не перайшла з ім на яго мову».

Пра абуральны выпадак украінская журналістка-расследавальніца Яўгенія Матарэўская распавяла ў фэйсбуку.
Напрыканцы верасня Яўгенія прыехала ў Гданьск, каб выступіць на міжнароднай канферэнцыі Breakwater. Пасля мерапрыемства яна выклікала таксі Bolt, каб даехаць з цэнтра горада ў гатэль і забраць рэчы. Далей па плане быў аэрапорт, бо журналістка мусіла ляцець у Арменію.
Таксіст Сяргей патэлефанаваў Яўгеніі, каб растлумачыць, дзе ёй трэба стаць, каб яму не прыйшлося аб’язджаць 10 хвілін. Ад самага пачатку ён па-англійску спытаў, ці размаўляе замоўца на рускай. Журналістка адказала, што лепш камунікаваць па-англійску. Кіроўца на простай англійскай змог сказаць, дзе неабходна перайсці дарогу і дзе чакаць таксі.

Яўгенія зрабіла ўсё, як трэба. Праблемы пачаліся, калі яна села ў таксі.
Кіроўца, па словах журналісткі, пакрыўджана заявіў па-руску: «Дарма вы так, Яўгенія. Я буду размаўляць з вамі на той мове, на якой хачу».
Яна адказала на ўкраінскай: «Тады мы проста не будзем размаўляць». Суразмоўцы абмяняліся шпількамі і замаўчалі — Яўгенія была ўпэўнена, што на гэтым канфлікт скончаны.
«Але праз пяць хвілін ён спыніў машыну, сказаў, каб я выйшла, і завяршыў паездку. Сказаў, што, калі я гэтага не зраблю, ён выцягне мяне сілай. Уразлівая душа «велікароса» не вытрымала таго, што ўкраінка не перайшла з ім на яго мову», — напісала Яўгенія.
Украінка адказала таксісту, што не парушыла ніякіх правіл і хоча выклікаць паліцыю, бо адбываецца дыскрымінацыя. Кіроўца заблакаваў дзверы і сказаў, што сам адвязе яе ў аддзяленне.

На ўсялякі выпадак Яўгенія сфатаграфавала таксіста і скінула здымак у працоўны чат. Мужчына, па яе словах, пачаў пагражаць, што цяпер пасажырку аштрафуюць за незаконную фотаздымку. Казаў, што яна ў Польшчы ніхто, а вось ён мае карту побыту.
Але ж як толькі пара зайшла ў паліцыю, таксіст развярнуўся і ўцёк. Яўгенія распавяла «Нашай Ніве», што не стала пісаць заяву, бо баялася спазніцца на самалёт. Выклікала новае таксі і паехала па багаж у гатэль.
Тэхпадтрымка Bolt, па словах журналісткі, ніякай адэкватнай рэакцыі на скаргу не дала.
Яўгенія кажа, што спачатку была ўпэўненая, што кіроўца рускі — бо размаўляў чысцютка, без акцэнту. Але з яго сацсетак даведалася, што ён беларус і не так даўно пераехаў з Мінска ў Гданьск.

Цікава, што 41‑гадовага Сяргея, які цяпер працуе таксістам, у Беларусі, па даных «Белпола», мінімум 59 разоў працягвалі да адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху.

Яўгенія паспрабавала пагаварыць з мужчынам у сацыяльных сетках, але той проста заблакаваў яе ўсюды. Сяргей Цымбал зрабіў закрытымі свае акаўнты.
«Наша Ніва» папрасіла мужчыну пракаментаваць канфлікт, але адказу пакуль не атрымала.
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары
Мова перш за ўсё гэта сродак камунікацыі і руская, як адна з міжнародных у дадзеным выпадку выдатна для гэтага пасавала. Польшча яўно не тое месца, дзе ўкраінцам трэба паказваць свае моўныя прынцыпы.
Я не абараняў таксіста, але ёсць адчуванне, што там усё магло быць не так драматычна як журналістка апісвае
Са мной таксама ў асноўным размаўляюць па-расейску, калі я размаўляю па-беларуску, у тым ліку знаёмыя ўкраінцы. Але я не раблю выгляд, што не разумею расейскаю і пачынаю рабіць скандал з гэтага