Адданага ябацьку, які абражаў Святлану Ціханоўскую ў Threads, кінулі за краты
Каментары пад чыімсьці допісам у Threads беларускія суды цяпер лічаць распаўсюдам таго самага допісу. А таму калі аўтар першаснага допісу — «экстрэміст», то пакараюць каментатара.

«Нашай Ніве» сталі вядомыя падрабязнасці незвычайнага пераследу аднаго з лукашэнкаўскіх актывістаў. Выпадак адбыўся ў раённым цэнтры на ўсходзе Беларусі.
Гэты фанат Аляксандра Лукашэнкі актыўна пакідаў каментары ў сацыяльнай сетцы Threads — у асноўным ён пісаў абразлівыя каментары ў акаўнце Святланы Ціханоўскай, даставалася і іншым апазіцыйным дзеячам.
Чалавек лічыў, што такім чынам адстойвае інтарэсы дзяржавы ў сацыяльных сетках. Але ж ператварылася гэта ўсё ў трагікамедыю.
Актывіста затрымалі, сілавікі правялі пры гэтым паўнавартаснае маскі-шоу, а ў працэсе абражалі.
Як высветлілася, на яго склалі пратакол за распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі (артыкул 19.11 КаАП). Інтэрпрэтацыя сілавікоў незвычайная. Маўляў, калі ў чалавека адкрыты акаўнт, то кожны ахвотны можа не толькі прагледзець яго, але і праз укладку «адказы» ўбачыць, каму чалавек адказвае. А значыць, калі ён адказвае «экстрэмісту», то тым самым распаўсюджвае «экстрэмісцкую прадукцыю».
У судзе мужчына спрабаваў пераканаць, што пакідаў каментары на «экстрэмісцкіх» старонках з самых добрых меркаванняў. Маўляў, нават Алег Гайдукевіч у Threads з апазіцыянерамі размаўляе — у тым ліку і з «экстрэмістамі». Але ж суддзя не палічыў гэта за аргумент.
У выніку актывісту прысудзілі 10 сутак арышту.
Цяпер ён моцна пакрыўджаны на ўлады, але ўсё роўна верыць, што Аляксандр Лукашэнка проста не ведае, што адбываецца на месцах. А калі б ведаў, то хуценька навёў бы парадак.
Каментары