Грамадства

«Узрушвае падтрымка беларусаў». Былы палітвязень Дзмітрый Кучук, які прасіў дапамогі, набыў бус і з’язджае з прытулку

Былы палітзняволены Дзмітрый Кучук папрасіў з 27 кастрычніка спыніць збор сродкаў для ягоных патрэб, абвешчаны два тыдні таму. Дзмітрый патлумачыў «Радыё Свабода» прынятае рашэнне тым, што сабраў дастаткова грошай для развязання часовых праблем з жытлом. На дапамогу Кучук прасіў сабраць 2800 еўра.

Дзмітрый Кучук, студзень 2026 года

«На сёння мне сабралі больш за 2200 еўра. Падлічыў, што гэтага будзе дастаткова на пару месяцаў арэнды новага жылля і на ежу. Але я не адзіны, хто мае патрэбу ў такой дапамозе праз сайт BySol, там мусіць быць ратацыя. Мне ж дастаткова, далей спадзяюся на ўласны бізнэс, таму напісаў заяву аб спыненні збору. А ўсім, хто мне дапамог сваімі сродкамі, вельмі ўдзячны. Убачыў пэўную падтрымку ад беларусаў, яна сапраўды ўзрушвае», — сказаў Дзмітрый Кучук.

Дзмітрый Кучук ужо год як жыве ў Вільні. Сёлета ён распачаў уласны бізнэс: ягоная фірма Waste Line занялася зборам старой бытавой тэхнікі і смецця, каб здаваць на ўтылізацыю. Але працаваць на літоўскім рынку збору адкідаў аказалася няпроста, Кучук сутыкнуўся з фінансавымі цяжкасцямі.

«У мяне не было пачатковага капіталу, а выдаткі наваліліся вялікія. На тую ж арэнду транспарту, без якога немагчымы збор адкідаў, ішла значная частка заробленых грошай, а яшчэ трэба плаціць падаткі. Праз гэта ў канцы верасня мусіў з’ехаць з былой кватэры ў прытулак», — тлумачыў Дзмітрый Кучук, чаму BySol абвясціў для яго збор фінансавай дапамогі.

З таго часу Дзмітрый змог вырашыць адну з найважнейшых для бізнэсу праблем — ён знайшоў сродкі і купіў мікрааўтобус, які ўжо выкарыстоўвае для збору адкідаў.

«Прыйшоў на дапамогу адзін польскі бізнэсовец: даў у крэдыт на год грошы, і бус цяпер мой. Гэта дапаможа скараціць выдаткі. Бус ужо ў працы», — паведаміў Дзмітрый Кучук.

Паводле яго слоў, яму таксама дапамаглі аднадумцы з беларускай партыі «Зялёныя», а яшчэ ахвяраванні яму пералічылі экалагічныя актывісты сумеснага са шведскімі «зялёнымі» экалагічнага праекта «Паглыблены дыялог», якія працуюць у Вільні.

«Узрушвае такая падтрымка, прычым не толькі грашовая, але і маральная: мне званілі і пісалі словы салідарнасці вельмі шмат людзей, нават з Амерыкі былі лісты», — кажа Дзмітрый Кучук.

30 кастрычніка ў Кучука заканчваецца тэрмін дамовы аб жыхарстве ў шэлтары «Краіна для жыцця», куды ён перабраўся, каб ашчаджаць. Былы палітзняволены кажа, што ўжо вызначыўся з новым жытлом і неўзабаве туды пераедзе.

Увогуле пра месяц, праведзены ў прытулку, Дзмітрый Кучук адгукаецца з вялікай удзячнасцю. Паводле былога палітвязня, удалося не толькі ашчаджаць грошы, але і займець карысныя знаёмствы.

«Там добрая атмасфера. А наш беларус, у якога была СТА ў Мінску, дапамог з выбарам буса і ацэнкай ягонага стану. Цяпер заключаем з гэтым чалавекам дамову на далейшае тэхнічнае абслугоўванне машыны», — паведаміў Дзмітрый Кучук.

Па словах былога палітвязня, беларуская салідарнасць, якую ён адчуў, калі сутыкнуўся з жыццёвымі цяжкасцямі, дапамагае таксама захоўваць душэўную раўнавагу і аптымістычны настрой.

«У эміграцыі вельмі важна адчуваць сябе карысным, патрэбным людзям. З’яўляюцца сілы не толькі для працы, але і для грамадскай актыўнасці», — тлумачыць лідар ліквідаванай уладамі Беларусі партыі «Зялёныя», якая і ў эміграцыі працягвае дзейнасць.

Дзмітрый Кучук быў затрыманы ў Мінску 16 лютага 2024 года, пасля таго, як публічна спрабаваў ушанаваць памяць памерлага ў вязніцы расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага. У снежні таго ж года Кучука асудзілі на 6 гадоў зняволення паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса, уключна з артыкулам 342 — пра ўдзел у «дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Актывіст адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 9 у Горках, адкуль быў вызвалены 11 верасня 2025 года і разам з яшчэ 50 былымі палітвязнямі прымусова вывезены ў Літву.

Каментары

Цяпер чытаюць

Бяляцкі: Не трэба спяшацца адмяняць санкцыі. Бо гэта будзе ўспрынята рэжымам як яго перамога і слабасць Еўропы15

Бяляцкі: Не трэба спяшацца адмяняць санкцыі. Бо гэта будзе ўспрынята рэжымам як яго перамога і слабасць Еўропы

Усе навіны →
Усе навіны

Украінскі Дняпро ў выніку расійскай атакі застаўся без электрычнасці

Беларусы правялі памятныя акцыі ў Ноч расстраляных паэтаў ФОТЫ

У Мінску адкрылі новую Гарадскую інфекцыйную бальніцу8

Плітачнік з Гродна лазіў у чужыя кватэры, а потым палез ва Украіну — запісаўся ў «Чорныя ваўкі» Пуціна3

«Нас забілі». «Новая газета» абвясціла пра спыненне працы ў Расіі5

На Алясцы сярод кандыдатаў у сенатары два Дэны Саліваны. Губернатар загадаў праверыць, ці датычныя да гэтага дэмакраты

«Дагэтуль задаюся пытаннем, чым Пратасевіч мяне зачараваў». Вялікае інтэрв'ю Соф'і Сапегі — частка другая35

«Куфар» абнавіў правілы: цяпер перапіскі будуць кантраляваць — каб перамагчы махляроў7

Узламаная найбуйнейшая ў свеце крыптабіржа Binance. Шкода можа скласці 6 мільярдаў даляраў12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бяляцкі: Не трэба спяшацца адмяняць санкцыі. Бо гэта будзе ўспрынята рэжымам як яго перамога і слабасць Еўропы15

Бяляцкі: Не трэба спяшацца адмяняць санкцыі. Бо гэта будзе ўспрынята рэжымам як яго перамога і слабасць Еўропы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць