«Казахстан — руская краіна». У Казахстане за гэтыя словы мужчыну далі 20 сутак
40‑гадовага жыхара Алматы арыштавалі пасля скандалу з ахоўнікам супермаркета. У сацсетках мужчыну прынялі за расіяніна, але паліцыя паведаміла, што ён — грамадзянін Казахстана, піша Kursiv.

Канфлікт пачаўся на выхадзе з супермаркета: ахоўнік папрасіў пакупніка з энергетыкам у руках паказаць чэк. Той пачаў спрачацца. У перапалку ўмяшаліся іншыя наведвальнікі, якія заклікалі яго размаўляць з супрацоўнікам паважліва.
Падчас сваркі мужчына заявіў: «Гэта руская краіна».
«Казахская гэта краіна, зразумеў? Просяць — значыць, зрабі. Ён тут працуе, будзь ласкавы, паважай яго», — адказаў адзін з наведвальнікаў.
Урэшце ахоўнік праверыў чэк і пераканаўся, што тавар аплачаны.
Пасля распаўсюджвання відэа паліцыя знайшла ўдзельніка канфлікту і даставіла яго ў аддзяленне. Суд прызначыў яму 20 сутак адміністрацыйнага арышту. Паводле якога артыкула яго пакаралі, не ўдакладняецца.
Каментары