У мінскім прыватным медыцынскім цэнтры «Ладэ» на праспекце Незалежнасці, магчыма, памёр чалавек. Пра здарэнне стала вядома дзякуючы паведамленню карыстальніка сацыяльнай сеткі Threads. Афіцыйныя органы пакуль ніяк не пракаментавалі сітуацыю, піша Tochka.by.

Увечары 21 лістапада мужчына паведаміў, што каля медцэнтра заўважыў машыны хуткай дапамогі, міліцыі і судова-медыцынскай экспертызы. Спачатку ён падумаў, што адбылася аварыя, бо побач стаяў легкавы аўтамабіль, які нібыта выехаў на тратуар. Аднак ніякіх пашкоджанняў на ім не было.
Пазней аўтар допісу ўдакладніў, што, паводле яго назіранняў, на месцы сапраўды было цела памерлага чалавека. Прыкладна праз 40 хвілін, калі ён зноў праходзіў міма, да медцэнтра прыехаў спецыяльны аўтамабіль для перавозкі памерлых.
Іншыя відавочцы таксама паведамлялі, што каля 18‑й гадзіны бачылі там машыны хуткай дапамогі, міліцыі і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Паводле аднаго з карыстальнікаў, каля 19:30 адтуль забіраў апошняга фельчара аўтамабіль хуткай дапамогі.
Аўтар першапачатковага паведамлення выказаў меркаванне, што здарэнне магло не атрымаць афіцыйнага асвятлення, калі смерць адбылася натуральным чынам. Некаторыя ўдзельнікі абмеркавання таксама адзначылі, што нават у выпадку пацвярджэння смерці гэта не абавязкова азначае віну медыцынскага цэнтра.
Прычыны здарэння і абставіны магчымай смерці чалавека пакуль невядомыя.
Каментары