Краіна Буга. Праехаліся ад Валадавы да Супрасля ў пошуках страчанага раю
На паўночным Падляшшы ўсцяж сустракаеш сляды беларускасці — многія людзі там цвёрда трымаюцца сваіх каранёў. З паўднёвага Падляшша непалякаў выселілі ў 1947 годзе падчас аперацыі «Вісла», вярнуцца здолелі не ўсе. Там як у пустыні часам. Краіна Буга — гэта не толькі людзі, але і ашаламляльныя краявіды і нечаканыя асацыяцыі. А беларусы Падляшша і працавітыя, і разумныя, і «правільныя», як казалі нашы мамы. Кастамалоты—Кодань — Яблачын — Валадава — Голя — Белая Падляшская — Пратулін — Янаў — Гнойна — Мельнік — Грабарка — Супрасль.

Ездзілі машынай. Адзін з нас запісаўся на велапрабег вакол Буга па маршруце Мельнік — Сямятычы — Грабарка — Дарагічын — Гнойна — Мельнік. Таму мы тры дні паездзілі разам, а адзін дзень ён катаўся без нас. І жытло здымалі з прывязкай да заезду на велапрабег. Начавалі дзве ночы ў Белай Падляшскай, а дзве ночы — у Сямятычах. Свабодных аграсядзіб на самім Бугу па даступных нам цэнах не знайшлі. (Шукалі за два тыдні да выезду, коштам да 100 даляраў за ноч на 4 чалавекі праз Booking і AirBNB, з рэйтынгам вышэйшым за 9, у ціхіх месцах і з добрымі водгукамі).
Я прабачаюся, што не так шмат зрабіў фотаў. Я спачатку не думаў пісаць, думаў, што гэта будзе проста прыватнае падарожжа. А пасля ўсё-такі рашыў напісаць.
Кастамалоты
Пачалі з Кастамалот (насупраць іх з беларускага боку — Заказань).
У Кастамалоты ўсе едуць дзеля старой цэркаўкі, яна ў імя Святога Мікіты, і ёй вялікі абраз святога Мікіты з XVII стагоддзя. Абраз быў падораны царкве, як кажа дарчы надпіс кірыліцай, «Феадорай з Прылук» — а Прылукі гэта сяло на кіламетр на поўнач, але на правым беразе Буга, у РБ цяпер.

Тая цэркаўка — адзіная на ўсю Польшчу «неаўніяцкая», вынік спробы адрадзіць унію ў 1920-х. У царкве каталіцкія святары служаць па-царкоўнаславянску. Царква была абвешчаная «санктуарыем уніятаў Падляшша» (пра складаную гісторыю ХІХ стагоддзя з уніятамі Падляшша ніжэй раскажу).
Царкву збудавалі ў пачатку XVII стагоддзя. Ці гэты той самы будынак, ці яго замянялі ў XVIII стагоддзі? Звестак няма — значыць, хутчэй за ўсё, тая самая старая, але стопрацэнтна сказаць няможна, бо вугляроднага аналізу сцен не праводзілі.
Гэта старое-старое селішча за дзясятак кіламетраў на поўдзень ад Тарэспаля, дарога ўецца над Бугам, тая самая, па якой ездзілі тут ужо з тысячу гадоў.
Кастамалоты першы раз узгадваюцца, калі Вітаўт падараваў яе берасцейскім аўгусцінцам. З яе быў родам былы дэпутат польскага Сойма ў 1920‑х ад берасцейскай акругі Васіль Дзмітрыюк і яшчэ цэлае сузор'е дзеячоў, у тым ліку перакладчык Шаўчэнкі на польскую.
Жыццё тут ішло і задоўга да Вітаўта. Славяне акурат па Бугу падымаліся, да іх вялікаю ракою спускаліся і падымаліся розныя народы, у тым ліку готы. Буг адвеку быў як аўтастрада для руху людзей — пакуль не стаў у ХХ стагоддзі глухой мяжой, упершыню.
Расчараванне: вакол старой царквы за апошняе дзесяцігоддзе разбудавалі… ну як бы сказаць… Гэта яшчэ не падабенства Свята-Елізавецінскага манастыра ў мініяцюры — але ўжо на шляху ад таго. У такім, ведаеце, праваслаўным стылі, якім яго сабе ўяўляюць ультракаталікі: залатыя цыбулінкі і яркія барвы.
Але царква дагледжаная. Праўда, унутры яна цяпер цалкам ярка распісаная. Усё такое, якім яно ніколі тут не было. І нідзе ніякага знаку і следу той мовы, якой тут спрадвеку гаварылі і якой падпісвала ікону тая Хвядора з Прылук.

Могілкі таксама «благаўстроілі» — на той жа манер, на які добраўпарадкуюць іх у нас: высеклі ўсе дрэвы. На новых магілах усе надпісы — па-польску. У Беларусі спрэс па-расейску, а там — па-польску, нічога — па-нашаму.

Праваслаўныя ў 2003 года паставілі ў Кастамалотах, у піку неаўніятам — якія для іх анафема, праваслаўную царкву імя Серафіма Сароўскага. Дакладней, першую царкву ў піку неаўніятам кастамалотцы перабудавалі з адной з хат яшчэ ў 1920‑я — у той неаўнііі яны бачылі хітры спосаб апалячвання, таму туды хадзілі мала якія сем’і. Тую цэркаўку ў 1938‑м палякі раскідалі — тады ўлады праводзілі аперацыі па зносе праваслаўных цэркваў на Падляшшы і Холмшчыне, хацелі гэты рэгіён паланізаваць прыярытэтна.

Пасля прыходу немцаў людзі — у Кастамалотах была моцная нацыянальная свядомасць, невыпадкова адсюль і дэпутат паходзіў — адразу паставілі новую царкву. Але яна згарэла зімою 1944 года — спалілі, напэўна, польскія партызаны. І вось цяпер стаіць гэтая царква: будынак перавезены з Дабрывод пад Кляшчэлямі. Такая вось складаная гісторыя.

Святар ва ўніяцкай царкве, з ордэна аблатаў, паспеў у кароткай размове выказацца і супраць няўдзячных украінцаў, і супраць Радаслава Сікорскага — «пан пшэцеж ве жэ он ест агэнтэм?», і яго жонкі — «пшэцеж, жыдуўка, прошэ пана».
Святар у праваслаўнай царкве — ён жа адзіны манах у манастыры пры ёй, паспеў у кароткай размове сказаць, што ва Украіне рускіх забіваюць кулямі, і не верце, што там палякі не ваююць, ваюе паўтары тысячы спецназаўцаў. «А тут у Польшчы людзей забіваюць па-іншаму — ежай і вакцынамі».
Карацей, ёй-ёй-ёй. Ці нават: о божа, божа.
Я нават падумаў у скрусе: нашто ж мы сюды паехалі. Але пасля ўсё будзе не настолькі смутна, як у Кастамалотах. Асабліва калі не гаварыць са слугамі божымі, а проста любавацца архітэктурай і ландшафтамі.
Праваслаўны святар пры гэтым быў адзіны ў Кастамалотах, які падтрымаў размову «па-нашаму». Жанчыны гадоў 50— 60‑ці ў царкве і на могілках ужо толькі па-польску з намі гаварылі. Праўда, мы не асабліва з кім спыняліся пагаварыць, ехалі хутчэй-хутчэй.
Калі я першы раз там быў у канцы 1990-х, мясцовыя людзі яшчэ чыста гаварылі на прыгожай тамтэйшай украінскай гаворцы. Помню — першы чалавек, якога я там тады сустрэў, быў мужык, які ішоў з рыбы, з Буга. «А вітэ чыі будэтэ?» — пачаў распытваць ён пра нашы карані. Пара дзесяцігоддзяў — і ўсё.
На землях ПГРу тут цяпер масава вырошчваюць сланечнікі — іх шмат на ўсім Падляшшы цяпер.
Да Буга падыход не загароджаны, усё па-старому. Толькі відэакамеры цяпер сцерагуць. Але мы як не палякі, то і не хадзілі ўжо — ці мала што.
Далей у першы дзень мы паехалі ў Кодань, Яблачын, Валадаву і Голю.
Кодань
Кодань (гэта насупраць Страдзічаў з беларускага боку) — стагоддзямі быў першым горадам на дарозе з Берасця на поўдзень, у Рым, праз Люблін і Кракаў.

У Берасці была і прыказка пра дабраславёны, спрыяльны паўднёвы вецер: «вецер з Кодня то ласка гасподня».
Кодань жывы, туды едзе вялікі паток пілігрымаў у «Basilica Minor». Бо там захоўваецца абраз Маці Божай, скрадзены Сапегам з Рыма (можна і так было, аказваецца).

Паабедалі там у сталоўцы для пілігрымаў — суп з найлепшых круп і котлет схабовы з бульбай.
На замку там адноўленыя падмуркі палаца. А ўся тэрыторыя былога замка ўладкаваная пад Кальварыю.
Заварожвае збудаваная Сапегамі на Замку познегатычная праваслаўная царква Святога Духа. Дакладней, праваслаўнай і ўніяцкай яна была да 1945 года, а пасля таго стала каталіцкай — хоць у Кодані ёсць праваслаўная парафія, у навейшай бажніцы.

Дзеля адной яе варта ехаць у гэтае падарожжа. На ўсю Беларусь цэркваў той эпохі — адзінкі: Сынкавічы, Мураванка. Коданьская — у адным шэрагу з імі.

Раней не ведаў, што яе будавалі дойліды з кола Барталамеа Берэчы — італьянскага архітэктара, які пераехаў у Кракаў з-пад Фларэнцыі прыкладна тады ж, калі і Жыгімонт Стары ажаніўся з Бонай Сфорца, а Скарына, адвучыўшыся ў Падуі, у Празе адціснуў свае першыя кнігі, гэта быў час, а Мікеланджэла працаваў у Рыме.
Жыва так уяўляецца, як італьянцы камандуюць мураваннем гэтай царквы, а вечарамі на лодках плаваюць на іншы бераг, у Страдзічы, і там вучаць папулярным у гэтым сезоне ў Фларэнцыі carnascialesco прапра…прабабулю Маргарыты Ляўчук.
Славатычы
Славатычы (гэта насупраць Дамачава з беларускага боку) стаяць пустыя, бо пераход жа ўсё яшчэ закрыты, але выглядаюць па-ранейшаму багата, разжыліся на памежным гандлі.
У Славатычы цікава прыязджаць на Гогаты — тут захаваўся гэты шумны і яскравы абрад, традыцыя бясчынстваў на Шчодры вечар. Тут калядоўнікі пераапраналіся ў «барадачоў» і так хадзілі, калядавалі.

Яблачын
Яблачын нас можа найбольш праняў. Сам манастыр то як міні-дэндрапарк з нізенькімі будынкамі, упісаны, нават урослы, у наваколле.

На вячэрні ў несвяточны дзень чалавек 10 стаяла нейкіх людзей — ці з блізкіх вёсак, ці выпадковых турыстаў. Службу можна слухаць усюды: яна транслюецца ва ўсіх будынках.
А навокал там захавалася надбужанская даліна такая, якая яна была вякамі і якой з беларускага боку амаль нідзе няма праз меліярацыю, калхознасць і закрытасць памежнай 800-метроўкі. Палявыя дарогі пятляюць між старарэччаў, пералескі, лугавіны, велічныя адзіночныя дубы. На гэтых паплавах асабліва ў чэрвені павінна быць прыгожа, але можа і ўвосені. То мы пастаялі, пафоткаліся каля старога паклоннага дуба. А каб быў час, то проста і пахадзіць там хацелася. Нібы ў іншы век пераносішся.

Валадава
Валадава (гэта насупраць Тамашоўкі з беларускага боку) — у сваім старым цэнтры нібы з 1930‑х жыдоўскі гарадок.
На Рынку ўсё, што мусіць быць на Рынку ў паважным жыдоўскім гарадку, і нават развешаныя копіі плакатаў стагадовай даўніны пра рамесную школу для хрысціянскай моладзі. Ну і «Жабка кафэ» з фрыткамі і піцамі таксама. Як жа ў Польшчы і без «Жабкі кафэ».

Шукалі высокае месца, каб пабачыць Беларусь і месца збегу трох дзяржаў — Беларусі, Украіны і Польшчы, але не змаглі. З Замкавай гары раней было відно, але цяпер падняліся дрэвы на схіл. Хоць можа ўзімку і пабачыш.
Голя
Зусім пад вечар дабраліся да Голі — скансэна, які стварыла сям’я ўкраінскіх інтэлігентаў Тадэя і Аліны Карабовічаў. Тадэй выкладаў у Любліне, Аліна настаўніца. Там старая хата, вятрак, клуні. Людзі жывуць тут жа побач. Сама вёска ціхая і глухая, але жывая. І многае там засталося аўтэнтычным, у тым ліку старая царква.

З самім Карабовічам не перасекліся, ён у той дзень быў заняты. А помніцца «Наша Ніва» пры канцы 1990‑х, яшчэ ў даінтэрнэтны час, перакладала яго верлібры з украінскай мовы.
У Голі добра, тут хочацца спыніцца на дзень, проста пахадзіць і пасядзець. І старая, ХІХ стагоддзя хата, і вятрак, і плеценая з лазы клуня, перавезеная з тых самых Кастамалот, тут у сваім натуральным асяроддзі. Няма ні той дурной саладжавасці, ні залатых купалоў.
І транспарант пратэсту стаіць супраць пабудовы недзе побач гіганцкай сонечнай электрастанцыі: «яна разбурыць краявід».
Мясціны за Валадавай пустынныя: лясы, лясы. Як сказаў нам пазней доктар навук Алег Латышонак: «Там страшна. як людзей вывезлі ў 1947, так усё і стаіць пустыняй».
Пераначавалі, на другі дзень пахадзілі трохі Белай Падляшскай і паехалі берагам Буга на паўночны захад ад Берасця.
Белая Падляшская
Белая павятовая — даволі аднастайная, але чыстая, багатая, як уся польская правінцыя. Старанна аднавілі замак Радзівілаў, але беларусам асабліва няма чаго глядзець, беларускіх слядоў тут няма, хоць гэта гістарычна і Падляшша — калі толькі не цікавішся гісторыяй Радзівілаў, але я то не.

Малыя трохі пабегалі па адноўленых грабовых (ад слова «граб», а не ад слова «гроб») лабірынтах замкавых прысадаў. Паелі расольніку, халадніку і клёцак смажаных у бельскай сталоўцы на Рынку: сталічным людзям то можа і дзікае месца было б, а нам спадабалася. Расольнік як паложана, і халаднік па класіцы.
Пратулін
Пасля паехалі ў Пратулін — гэта санктуарый на месцы гібелі трынаццаці ўніятаў, якія ў 1874‑м не прапускалі праваслаўнага папа ў сваю царкву.

Пратулін ляжыць прыкладна насупраць Матыкал з беларускага боку, у маляўнічай, хвалістай і хвалюючай даліне Буга.
Месца асаблівае тым, што гэтая вёсачка дбаннем яе ўласніка Паўла Францішка Сапегі ў XVIII стагоддзі на нейкі час атрымала правы горада (можна было і так — некаторым), кірмашы праводзіла, хоць вёскай і заставалася. (Вёска гістарычна называлася Горнава, але Сапега перайменаваў яе ў Пратулін ад лацінскага слова «пратум», што азначае луг, поплаў.)
Нярэдка жыхары былых гарадоў і мястэчак захоўваюць асаблівыя гонар і годнасць, неўсвядомленую тоеснасць. Назіраў тое самае ў Гарадной Столінскага раёна, у Моталі Янаўскага раёна. Магчыма, памяць пра гарадское мінулае, мяшчанскі гонар і спрычыніў тое, чаму тут супраціў пераводу ў расейскае праваслаўе быў асабліва зацяты.
Месца трагічнае, і той трагізм асабліва востра ўспрымаецца на фоне ідылічнай надбужанскай даліны. Але і тут усё гэта зроблена і пададзена так, што не раскрывае гістарычнай праўды.
Гісторыя ўніятаў Падляшша — гэта складаная і не кожнаму зразумелая гісторыя людзей, якія настолькі не хацелі рабіцца расейцамі, што парабіліся палякамі, абы расейцамі не быць.
У адрозненне ад уніятаў Беларусі і Валыні, якіх перавялі ў праваслаўе ў 1839, уніятаў Падляшша і Холмшчыны не перавялі, бо гэтыя тэрыторыі належалі да фармальна аўтаномнага «Царства Польскага» (фармальнасць нібыта, а свядомасць фармавала). За іх перавод узяліся толькі ў 1870‑я гады, але 35 дадатковых гадоў выхавання ва ўніяцкай традыцыі, прычым гэта былі ўжо часы больш развітай адукацыі, вызвалення сялян, паўплывалі на свядомасць. Да таго ж, за той час і сяляне многія выразна пабачылі, што такое царская Расія ў рэальнасці. Да таго ж, на людзей тут уплываў факт шчыльнага суіснавання з каталікамі, якія ў побыце і мове тут мала адрозніваліся ад уніятаў тады: у большасці мелі тыя ж звычаі, акрамя формы багаслужбаў. (На 1861 год у межах пратулінскай парафіі жыло 1850 уніятаў, 1251 рыма-каталік, 62 жыды, 32 пратэстанты i 14 мусульманаў.)
Таму на Падляшшы ўжо шмат дзе перавод у праваслаўе выклікаў істотны супраціў. А галоўнае, калі яшчэ праз 30 гадоў, у 1905 годзе цар Мікалай ІІ пад ціскам рэвалюцыі дазволіў свабоду веравызнання, але не дазволіў аднавіць Унію, то вельмі многія — але не ўсе (Кастамалоты, Кодань, Голя таму прыклады) былыя ўніяты Падляшша і Холмшчыны перайшлі ў рыма-каталіцызм, абы толькі не заставацца ў расейскім праваслаўі.
Для палякаў гэта момант культурнага трыумфу: уніяты па сваёй волі перайшлі ў каталіцтва, якое тады тут было сінонімам пальшчызны.
Для беларусаў і ўкраінцаў гэта неадназначная гісторыя. У адрозненне ад Беларусі, дзе каталіцтва стала важнай часткай нацыянальнай ідэнтычнасці, нацыятворным адрозненнем ад Расіі, дзе з каталіцкіх сямей выйшлі многія класікі нацыянальнай культуры, ідэолагі, палітыкі, у цяперашняй Польшчы няпольскасць захавалася толькі там, дзе праваслаўе. Разам з пераходам у каталіцтва за некалькі пакаленняў сцерліся і нацыянальныя адрозненні, адбылася поўная паланізацыя. Цяпер у Пратуліне не знойдзеш розніцы між нашчадкамі тых 1850 уніятаў і 1251 рыма-каталіка.
Усё выключна па-польску, толькі прозвішчы на могілках усе нашы, на -ук. Як на іншым беразе Буга: прозвішчы на могілках тыя самыя, Краўчук, Парфянюк, Дмітрук… Толькі ўсё па-расейску. Як у Брэсцкай крэпасці, дзе таксама адзін патрэбны дамінуючай нацыі эпізод гісторыі ўзведзены ў абсалют, і няма ніякай узгадкі пра іншыя падзеі, якія адбываліся тут, пра людзей, для якіх гэтая зямля была сваёй.
А гэта ці справядліва нават і з хрысціянскага пункту гледжання, калі так сціраецца цэлая традыцыя, цэлы асобны свет? Ці гэтага хацелі пакутнікі, якія трымаліся за сваё ўніяцтва, за сваю літургію Яна Залатавуснага, але з тутэйшымі, а не расейскімі традыцыямі?
Санктуарый у Пратуліне то і чысценькі, і з размахам закладзены, але ўсё гэта саладжавае правінцыйнай саладжавасцю і з поўным ігнараваннем беларускасці і ўкраінскасці: а якой была тая традыцыя, якую яны цаною смерці баранілі? кім яны ўяўлялі сябе? якой мовай гаварылі? чым розніліся ад іншых людзей на гэтым свеце? У гэтым санктуарыі ствараецца ўражанне, што яны былі «палякі з крфі і косці», але ж яны імі не былі.
На месцы той маленькай цэркаўкі, калі якой загінулі тыя пакутнікі-ўніяты (яе няма, можа яе яшчэ пры цару разабралі? бо праваслаўным пры цару зрабілі і касцёл, які праз дарогу ад яе? я інфармацыі не знайшоў), паставілі перанесены з-пад Любліна драўляны касцёл з чыста каталіцкім інтэр’ерам. Пра ўніяцкую, усходнюю традыцыю ці мясцовую гаворку нідзе ні слова.

Прыкра, як сціраюць разнастайнасць там, дзе яна магла б быць найбольшым багаццем, дзе яна мірна фарміравалася стагоддзямі.
Лугі
Побач яшчэ адно каларытнае селішча — Лугі, у яго вядзе дамба. Мы туды заехалі, бо мне ўрэзалася ў памяць, што шмат фотаў адтуль было ў прыгожым фотаальбоме пра Надбужанскі край, які ляжаў у доме, дзе мы спыняліся, у Белай.
Альбом гэты небанальны. Ён называецца «Буг. Пейзаж настальгічны». Яго стварыў такі фатограф Артур Табар. Ён быў родам з Радама, але вучыўся ў Седльцах і закахаўся ў Буг, і там купіў хату і пасяліўся. Такі фатограф, чымсьці стылістыкай падобны да Клешчука: і старых людзей любіў і ўмеў здымаць, і краявіды. І фільм пра Буг стварыў. Загінуў у 56 гадоў, здымаючы прыроду Манголіі: сарваўся са скалы.

Па дарозе з Пратуліна на Лугі захавалася старое плеса з канструкцыяй для захавання зімою бочак з салёнымі гуркамі. Вада сёлета нізкая, то яны з яе тырчаць.

Янаў Падляшскі і «Надбужанская Швейцарыя»
Пасля дарогай уздоўж Буга — за ўзгоркі гэты бераг называюць «Надбужанскай Швейцарыяй» — паехалі ў Янаў-Падляшскі. Адзін з мілых гарадкоў, якіх над Бугам цэлая нізка.
Асаблівасць гэтых гарадкоў, што яны то атрымлівалі, то зноў гублялі, то зноў атрымлівалі гарадскі статус (Янаву яго, у прыватнасці, чарговы раз вярнулі ў 2026, у спадзяванні ажывіць.) І ва ўсіх гэтых Янаве, Кодні, Дарагічыне, Мельніку цяпер жыве або столькі ж народу, або менш у разы, чым жыло ў 16‑м стагоддзі, калі быў іх залаты век. Такі іх шарм — яны застылі ў часе: тыя ж плошчы-рынкі простакутныя ў цэнтры, а ў цэнтры тых плошчаў — прастакутныя гандлёвыя рады аднапавярховыя, тыя ж прыдарожныя крыжы, тыя ж крамкі пажыдоўскія.
Янаў то быў рэзідэнцыяй каталіцкіх біскупаў валынскіх. Яны сюды былі часова перабраліся некалі ў 15‑м стагоддзі пасля наезду татар на Луцк. Але няма нічога больш пастаяннага за часовае.
У Янаве ў адным кутку цэнтральнага пляца нам малады мужчына насыпаў белага наліву: ён пазбіраў іх, вярнуўшыся з працы дахаты, каб не валяліся, а тут мы спацыруем. Драўляная хата такая — мы б і сам збіралі так яблыкі, каб не валяліся, калі б вярталіся пад такой яблыняй да сваёй хаты. Бачыць, што мы глядзім, як ён збірае, і нам прапанаваў (гаварыў ён з моцным заіканнем) — а я глядзеў на яго, як ён збірае, бо ўспомнілася мне, што апошні перад смерцю допіс Светы Курс быў: «А белы наліў ужо прадаюць?».
У цукерні на тым жа пляцы купілі мы на вечар сабе пірожныя-шышкі двух відаў, бурыя і рыжыя, і белы пірог бэзэ з пражаным мігдалём.
На тым жа пляцы ў іншым кутку захавалася запраўка 1928 года, дагістарычная. А на тым жа пляцы ў чацвёртым яго кутку былая семінарыя. Бо Янаў разбудоўвалі тыя біскупы Луцкія, іх палац там захаваўся, у ім цяпер пяцізоркавы гатэль, людзі прыязджаюць дзеля хараства і ўнікальнага коннага завода, які тут існуе ўжо 200 гадоў.

Адкрыццём для мяне стала, што тамтэйшыя людзі выпускаюць часопіс «Краіна Бугу».
Гнойнае
Ад Янава паехалі на Мельнік. Вёскі тут усе дагледжаныя, закінутых хат няма зусім, бедных няма, у гэтым кантраст з беларускім берагам.
Па дарозе ў Гнойным ёсць аглядная вежа з відам на Буг. Гэтых аглядных веж у Польшчы шмат набудавалі, але з гэтай, з высокага абрывістага берага, самы прыгожы від. Туды варта заязджаць.

Пасля там ідуць вёскі Барсукі, Серпяліцы, Клепачоў, Забужжа — яны чамусьці страшна папулярныя, там шмат супердарагіх дамоў. Можа таму, што гэта ўжо не на самой мяжы, а трохі далей ад яе, і між Бугам і лясамі.
З Забужжа ў Мельнік ходзіць паром, такі ручны. Другі такі ходзіць у Дарагічыне з горада ва ўрочышча, якое называецца «Бужыскі». Але мы на машыне на паром не папалі, бо сёлета ў Бугу, як і ў Дунаю, Рэйне, Прыпяці і Вісле (але ў адрозненне ад Вяллі, Нёмана і Дзвіны), нізкі ўзровень вады, і з 7 ліпеня да новага распараджэння паромы возяць толькі пешых, равары і матацыклы.

Мельнік
Вялікім адкрыццём гэтай паездкі стаў Мельнік — селішча, якое было некалі горадам Русі і праз які ішла дарога з Валыні праз Берасце на Яцвязь: у летапісах пару разоў згадваецца як месца, дзе валынскія князі маліліся перад паходамі на яцвягаў або хаваючыся на краі зямлі ў час паходаў манголаў.
Называецца Мельнік так, бо стаіць на мелавых гарах, і радовішча крэйды дагэтуль распрацоўваецца.
Мясціны глухія, малалюдныя, з аднаго боку магутны Буг, з другога — мелавыя горы з расліннасцю, характэрнай для засушлівых, на крэйдзе вада не трымаецца, гор.
Нават тэрмін для іх ёсць: ксератэрмічная расліннасць, па-польску прыгожа — «муравы».

Даўней горы стаялі голыя, бо авечкі і козы аб’ядалі іх, а цяпер праблема: зарастаюць хмызам, бо авечак жа больш не трымаюць людзі.
Назбіралі на адной з гор чабрацу, душыцы і цмену на зіму.
Мясцовы чалавек Мікалай з чыста наскім прозвішчам Кароль у катлавіне між гор высадзіў вінаграднік прамысловы і адкрыў вінніцу.


Праваслаўныя канкуруюць з каталікамі па колькасыці пастаўленых крыжоў.
На дагледжанай хаце шыльда: «Тут жыве солтыс».
Каты паўсюль.
Я павёз аднаго з нас рана ранкам, бо адтуль велапрабег стартаваў, а там а сёмай каля царквы чатыры мужыкі тусуюцца — не п’яніцы, проста мужыкі. Аказалася, чакаюць аўталаўку.


Дарагічын
Дарагічын адзначаны ў гісторыі тым, што тут у 1253 годзе Данілу Раманавіча Галіцкага каранавалі каралём Русі. І дакладна вядома, што тое адбылося ў гэтым замку на высокай гары, аб якую разбіваецца і завяртае нават магутны Буг, максімальна далёка ад манголаў. Адначасова з Данілам, у рамках той самай дыпламатычнай афензівы Рыма, быў каранаваны і Міндоўг. Дзе — гісторыкі яшчэ не выявілі.

Дарагічын, як і ахарактарызавала мне родзічка перад нашым падарожжам, сонны. На Замкавай гары па-ранейшаму чатыры палінялыя польскія сцягі, помнік аднаўленню незалежнасці Польшчы — і ніводнай згадкі, каго ж тут каранавалі. Такое замоўчванне гісторыі — хоць адваротнае магло б быць турыстычнай разынкай.
Усе гэтыя ўсходнія землі, акрамя тых, дзе жыве істотная доля праваслаўных, апошнія дзесяцігоддзі галасавалі за нацыяналістычна-кансерватыўны ПіС, а не ліберальную Платформу.

У Дарагічыне яшчэ і сапсавалі велічны від з замкавай гары: будуюць там раварова-пешаходны мост цераз Буг — тандэтны, правінцыйны.
Аднак на другі бок то від нязменны: людскія сядзібы на гістарычным пасадзе, праваслаўная царква, францішканскі касцёл. А ў даліне між замкам і горадам — яшчэ і выдатна захаваны гіганцкі савецкі дот лініі Молатава.
Сямятычы
Начавалі мы дзве ночы ў Сямятычах: яны жывыя, «амаль мясцовы мегаполіс», як напісаў мне сябар, якога 2020‑ы закінуў у Кіеў, а 2022‑гі — у Варшаву. (Сябры на лета здымаюць хатку на Падляшшы, «адчуваем сябе амаль як на Наваградчыне», — кажа ён.)

У Сямятычах вырабляюць сыр камамбэр «Прэзідэнт» і замарожаную гародніну «Урлеманс». На Падляшшы шмат кабачкоў цяпер садзяць, усюды кабачкі, кабачкі — гектарамі.



Грабарка
На Святой гары Грабарцы ціха і міла, хоць добраўпарадкаванне, еўрапейскія грошы і туды дабраліся гадоў дзесяць назад, урад Польшчы выдзеліў.
Пад гарою базарчык. Тамтэйшыя людзі прадаюць турыстам зёлкі, мёд, грыбы і ягады.
Царкоўнікі змагаюцца з аброчнымі хустачкамі, каб іх не вешалі на дрэвы — вечная гісторыя.

У слове «Грабарка» па-беларуску націск на першы склад.

Залешаны
На наступны дзень заехалі яшчэ ў Залешаны, спаленыя ў 1946 падчас рэйду партызанаў Райса «Бурага». Там мясцовыя людзі самі з вялікім тактам захавалі памяць: месцы тых дамоў, дзе пабілі і спалілі людзей, пакінулі незабудаванымі.

Вёска адбудавалася, а сярод зеўраюць, як шчарбіны ў роце, тыя два пустыя пляцы — толькі сады пакошаныя, без дамоў.

Унучка аднаго з забітых стварыла ў Залешанах маленькі жаночы манастыр. Яна сама пастрыглася ў Грэцыі, то і гэты манастыр паставіла ў грэцкім стылі.
Бельск
Бельшчына то ўжо «краіна Буга». Тут ужо «краіна Нарвы». Але таксама сэрца Падляшша.
У Бельску паелі ў в’етнамскай кавярні «Ханой» на Рынку перад Ратушай. Яна месціцца побач з домам, дзе Ежы Гофман здымаў культавага «Знахара» паводле рамана земляка Кастуся Шыталя, Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча.
Вельмі смачна, ну вельмі. І гіганцкія порцыі, і хуткасць, і ласкавая абслуга, не тое што ў тыповай менскай кавярні.

У Бельску захавалася гарадзішча ХІ—ХІІІ стагоддзяў.
Горад не малы, у цэнтры парк, а ў цэнтры парка — модная цяпер у Польшчы tężnia solankowa — міні-градзірня, а ў рэальнасці такая інсталяцыя-фантан, у якой салёная вада ўвесь час цячэ па ракітніку ці цярноўніку, утвараючы «марское паветра». Людзі прыходзяць да яе падыхаць морам. Такая мода, такі новы звычай.
Беларускі ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча перажывае цяжкія часы пасля 2022 года: беларуская мова перастала быць запатрабаванай сярод моладзі. Хто ж зараз у Беларусь паедзе вучыцца?

Заблудаў
На дарозе — Заблудаў. На днях прайшла навіна, што на Афоне адшукалі тры невядомыя раней асобнікі Астрожскай Бібліі. Для яе стварэння друкар Іван Фёдараў, выхадзец з Беларусі, выкарыстоўваў тэксты Скарыны. Той Фёдараў перад Астрогам паспеў папрацаваць у Заблудаве, тады гэта быў Гарадзенскі павет, у гетмана Рыгора Хадкевіча, дзе разам з іншым беларускім друкаром, Пятром Мсціслаўцам, выдаў «Евангелле вучыцельнае» з тэкстамі Кірылы Тураўскага.

Супрасль
А пасля яшчэ заехалі да прафесара Алега Латышонка ў Супрасль. Там таксама пастараль: мілыя хаткі над рэчкаю Супрасль, велічны манастыр.



Прафесар паказвае: раней тут уся вуліца была лецішчы беларусаў, з бацькавага пакалення. Цяпер, кажа, ужо памяшаліся людзі.
Латышонак шмат вясёлага расказваў пра старых і новых беларусаў. Досыць ён скептычны пра «новую эміграцыю». Кажа: не аб’ядноўваюцца, студэнцкіх саюзаў не ствараюць, арганізацый мала. Кажу: цяпер усё трохі інакш, мы цяпер — анлайн-супольнасць, беларусы камунікуюць у сацыяльных сетках, сацсеткі цяпер тканіна, на якую нанізаная тая частка нацыі, якая апынулася ў рассеянні. Час іншы.
З пазітываў: Латышонак пачаў пісаць «Гісторыю Падляшша».
Беларусы Падляшша і працавітыя, і разумныя, і «правільныя», як казалі нашы мамы.
Жменька тых беларусаў Падляшша робяць грандыёзна шмат: і грамадскага, і культурнага.
На Падляшшы ёсць магчымасць нібы вярнуцца ў Беларусь мінулага — краявіды, крыжы, а галоўнае — псіхалогія і этыка людзей, тое, што ўнутры Беларусі страчана.

І нямала маёмасці маюць на грамадскія патрэбы. Вельмі трэба рабіць летнікі для дзяцей, тыпу скаўцкіх, беларускія, кажа Алег Латышонак. І ёсць дзе іх праводзіць, толькі трэба арганізатары.
Сын Латышонка, дарэчы, зваць Клімок, Клім.

Думалі далей і на Сакольшчыну заехаць — радзіму Аляксея Карпюка, Баляслава Грабінскага, Сяргея Прытыцкага, а з апошняга пакалення — Уршулі Шубзды. Але забавіліся ў дарогах, то паехалі аўтастрадай па дамах.
Толькі калі ласка, не кажыце «Кастамлоты», «Хайнуўка», «Драхічын», «Грудэк». Кажыце: Кастамалоты, Гайнаўка, Дарагічын, Гарадок. Хоць мы давайце не спольшчваць. У Кастамалоты штогод ходзіць беларуская пілігрымка з Варшавы, дарэчы. Схадзіце ў пілігрымку ці проста скатайцеся на Падляшша. Добра трапіць у рай — нават калі гэта страчаны рай.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
А чаму не напісалі хто праводзіў тую аперацыю?
Раю ўсім, хто пісаў ды абараняў АК, з’ездзіць у тыя краі ды паглядзець. Як беларусаў ды ўкраінцаў стагоддзяці спрабавалі рабіць з аднаго боку рускімі, з іншага - палякамі. Дзялілі па царкоўнай прыналежнасці. Таму цяпер нашыя прозвішчы на ук/юк з польскага боку пішуць польскай лацініцай, бо за сто гадоў касцёл зрабіў сваю справу. Пра дзеянні рускіх і размовы няма - там поўны гамон ды імперскае цемрашальства дагэтуль.
Таму выснова адна, каб не растварыцца сярод русскіх ды палякаў, трэба мець сваю ўласную царкву - не маскоўскую, і не польскі касцёл! Украінцы гэта зразумелі. А беларусы не, беларусам дагэтуль прасцей зрабіцца “рускім ці палякам са знакам качэства і без акцэнту”!
[Зрэдагавана]