Эканоміка3535

Эксперты прапануюць абкладаць мясаедаў падаткам гэтаксама, як і курцоў

Дадатковы падатак можа пакрыць экалагічную шкоду, якую робіць жывёлагадоўчая галіна, і стаць перашкодай да празмернага ўжывання мяса, паведамляе партал futurism.com, спасылаючыся на адпаведны навуковы даклад. Ягоныя крытыкі лічаць, што такія захады могуць прывесці да пагаршэння сітуацыі з харчаваннем сярод беднага насельніцтва.

Курэнне і спажыванне мяса мае аднолькавы ўплыў на навакольнае асяроддзе і здароўе грамадства: вытворчасць мяса пагаршае навакольнае асяроддзе праз выкіды парніковых газаў і выкарыстанне непрапарцыйна вялікае колькасці зямлі і вады на вытворчасць адзінкі бялку, а курэнне прыводзіць да вялікіх выдаткаў на ахову здароўя, якія кладуцца на плечы грамадства. 

У дакладзе аналітыкі прапануюць затраты на барацьбу з негатыўным уплывам жывёлагадоўлі пакласці на тых, хто спажывае прадукцыю гэтай галіны прамысловасці, па аналогіі з курцамі, якія плацяць адпаведны падатак, закладзены ў пачак цыгарэт.

Ідэя так званага «падатку на мяса» палягае ў тым, што, калі гамбургер будзе каштаваць як талерка ікры, мясаед лішні раз падумае над тым, каб скарыстацца больш танным вегетарыянскім меню.

«Мы лічым, што кожны мае права на здаровую і сытную дыету, і ў ідэале гэта [падатак на мяса] мае садзейнічаць больш хуткаму пераходу да ўжывання раслінных бялкоў, якія карыснейшыя для людзей і менш шкодныя для планеты», — распавядае спадарыня Розі Уордл, кіраўніца аддзелу інвестыцыйных праектаў Ініцыятывы па ацэнцы рызыкаў інвестыцый у жывёлагадоўчыя фермы (FAIRR).

Падчас аналізу даследаваліся тры асноўныя прадукты, абкладанне падаткам якіх паспяхова рэалізаванае ўрадамі розных краін, і разглядалася магчымасць далучэння мяса чацвёртым у гэты спіс.

Больш як 180 краін ужо ўвялі падатак на тытунёвыя вырабы, 60 — распрацавалі схему спагнання падатку на выкіды вугляроду, а падатак на цукар спаганяецца як мінімум у 25 краінах. 

«Новы падатак будзе генераваць грошы, якія могуць быць патрачаныя на ахову здароўя, — лічыць пані Уордл. — Пакуль ніякіх захадаў не прымаецца ў гэтым кірунку, але мы бачым, што падобныя прапановы ўзнікаюць усё часцей, і гэтая тэма становіцца прадметам дыскусій».

Армія мясаедаў расце

Фота: franzl34/Pixabay

Паўночныя краіны, такія як Данія і Швецыя, сталі аднымі з першых, хто прызнаў, што пагроза бескантрольнага ўжывання мяса, выкліканая імклівым ростам сусветнага насельніцтва, нарастае.

У 2016 годзе Дацкая рада па этыцы прапанавала ўвесці падатак на мяса праз негатыўны ўплыў яго вытворчасці на экалогію. У Швецыі партыя зялёных таксама заклікала да ўвядзення «кліматычнага падатку на мяса» і прапаноўвала прымацоўваць да прадуктаў адпаведныя лэйблы, якія б паведамлялі пра негатыўны ўплыў іх вытворчасці на экалогію.

Згодна з праектам Оксфардскага ўніверсітэта «Наш свет у фактах», з 1961 года сусветная вытворчасць мяса вырасла амаль у пяць разоў, у прыватнасці ў Азіі — ажно ў 15 разоў. Зараз у адной толькі Азіі вырабляецца ад 40 да 45 адсоткаў сусветнай колькасці мяса, і, паводле прагнозаў, гэтая лічба будзе толькі расці. 

Пагрозы, звязаныя з гэтай тэндэнцыяй, больш складаныя, чым пагрозы, звязаныя з вытворчасцю і спажываннем тытуню, вугляроду і цукру.

Жывёлагадоўля з'яўляецца не толькі вялікай крыніцай выкідаў вуглякіслага газу: празмернае спажыванне мяса звязана таксама з павышэннем рызыкі развіцця дыябету, раку і распаўсюджвання рэзістэнтнасці (устойлівасці арганізму) да антыбіётыкаў.

Аднак умеранае ўжыванне мяса зусім не шкодзіць здароўю. Акрамя таго, у месцах, дзе голад і недаяданне ўсё яшчэ шырока распаўсюджаныя, увядзенне ў рацыён большай колькасці ялавічыны, свініны ці птушкі будзе мець бясспрэчныя перавагі для здароўя.

Павышаючы кошт мяса, павышаем сацыяльную няроўнасць

«Спажыўцы адрэагуюць на змяненне кошту [мяса і прадуктаў з яго] па-рознаму, — лічыць спадар Ёзэф Шмідгубер, намеснік дырэктара аддзела гандлю Арганізацыі харчавання і сельскае гаспадаркі (FAO). — Некаторыя будуць адаптаваць свой рацыён [спажываючы менш мяса і больш раслінных прадуктаў], іншыя ж будуць прытрымлівацца ранейшых звычак».

Павышэнне цэнаў на мяса адаб’ецца ў першую чаргу на больш бедных людзях і прывядзе да змяншэння яго спажывання.

«І гэта кепска, бо вы караеце тых, хто мае патрэбу ў павелічэнні спажывання мяса. Мы называем гэтую мадэль рэгрэсіўным падаткам», — кажа спадар Шмідгубер. З адваротнага боку, на спажыванне мяса сярод заможных людзей павелічэнне коштаў ніяк не паўплывае, бо ў іх заўсёды ёсць лішнія грошы, у тым ліку на больш якаснае мяса. 

Такім чынам, падатак ніяк не паўплывае на тую групу людзей, якая найбольш уплывае на пагаршэнне сітуацыі.

Больш мяккі падыход да вырашэння праблемы закладзены ў адну з тэорый, за якую эканаміст Рычард Талер атрымаў Нобелеўскую прэмію ў 2017 годзе. Яна прадугледжвае, што, замест пакарання людзей [грашыма] за няправільны выбар, мы маглі б аблягчыць ім рабіць правільны.

У выпадку з мясам гэта можна рэалізаваць, прапанаваўшы замену, якая будзе дастаткова блізкая да мясной прадукцыі па смаку, харчовай каштоўнасці і кошце, каб людзі маглі без роздуму перайсці да яе спажывання. І такія тэхналогіі ўжо існуюць, што праўда, праблема іх высокага кошту ўсё яшчэ не вырашаная. 

Чытайце таксама: Як генетыкі ствараюць штучнае мяса, што не адрозніць ад сапраўднага

Каментары35

Цяпер чытаюць

Пасля знікнення спікеркі Мельнікавай няма доступу да рахункаў Каардынацыйнай рады16

Пасля знікнення спікеркі Мельнікавай няма доступу да рахункаў Каардынацыйнай рады

Усе навіны →
Усе навіны

Дзясяткі людзей апынуліся пад заваламі пасля землятрусу ў Паўднёва-Усходняй Азіі

Як выглядае топ-25 беларускіх гарадоў па колькасці насельніцтва. Новыя лічбы2

Віцебскія чыноўнікі пераблыталі колеры на сцягу Расіі ФОТАФАКТ4

Бензін даражэе трэці тыдзень запар

За мінулы год насельніцтва Беларусі скарацілася на 47 тысяч чалавек5

З вайсковай дэлегацыяй Мінабароны ў М'янме на чале з Хрэніным усё ў парадку4

Як мінімум 43 рабочыя апынуліся пад заваламі будынка ў Бангкоку

Магутны землятрус у М'янме. Паніка ў Бангкоку2

У міліцыі назвалі памер хабару, які ўзяў намеснік дырэктара Беларускай чыгункі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля знікнення спікеркі Мельнікавай няма доступу да рахункаў Каардынацыйнай рады16

Пасля знікнення спікеркі Мельнікавай няма доступу да рахункаў Каардынацыйнай рады

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць