Усяго патроху

Тры месяцы працы: спявачка Кацярына Ваданосава пашыла беларускі народны строй ФОТЫ

Спявачка Кацярына Ваданосава пашыла беларускі народны строй. Традыцыі спалучыла з аўтарскім бачаннем касцюма. Андарак, кашуля, гарсэт, фартух, намітка, пояс, каралі — усё гэта Кацярына зрабіла ўласнаручна.

«Мае бабулі і прабабулі добра шылі, некаторыя рэчы, створаныя імі, у мяне захаваліся, — распавядае яна. — Але ніхто з іх мяне не паспеў навучыць, яны даволі рана памерлі. Мне «пашанцавала»: я была хваравітым дзіцем, і калі ўсе мае аднакласнікі хадзілі ў школу, я сядзела дома. У мяне быў небагаты выбар, чым займацца, — рукадзельнічаць ці кніжкі чытаць. Я чаргавала гэтыя два віды дзейнасці. 

Калі мне трэба зрабіць гістарычную рэканструкцыю, я падымаю літаратуру. Я ведаю, якімі швочкамі рабіць строй ХІІІ стагоддзя, а якімі — XVI стагоддзя».

Новы строй — гэта эклектыка традыцый некалькіх рэгіёнаў. Кашуля — Гомельшчына, клятчастая спадніца — Гродзеншчына, гарсэт з вытачкамі — мода Заходняй Беларусі.

«Найбольшым натхненнем у гэтым строі для мяне паслужыла вышыўка белым па белым. Яна характэрна для маленькага рэгіёна — вёскі Неглюбкі. Часта такія бялявыя кашулі рабіліся або на вяселле, або на пахаванне. Мне хацелася пашыць нешта лёгкае, урачыстае, светлае.

Гэта маё аўтарскае бачанне беларускага народнага строя. І для мяне яшчэ важна было зрабіць так, каб кожны элемент быў прыдатны ў штодзённым жыцці. Можна надзець, напрыклад, кашулю і зверху сучасны сарафан».

На пашыў строя ў Кацярыны пайшло каля трох месяцаў. Практычна ўсё — ручная праца. 

«Я карыстаюся машынкай пачатку ХХ стагоддзя, дзе трэба круціць кола рукой. І ёсць «Зінгер», які падчас вайны закопвалі ў зямлю, каб немцам не дасталася. Працэс пашыву на гэтых машынках таксама не вельмі адрозніваецца ад ручнога», — дадае спявачка.

Фартушок з тонкага льну яна аздобіла самаробнымі карункамі і мярэжкай (ажурная вышыўка, калі з палатна выцягваюць частку нітак, а астатнія перавіваюць). Гарсэт з воўны стварала так, як яе бабуля: кожную частку ставіла на падкладку асобна, а пасля сшывала дэталі паміж сабой. На андараку зрабіла 9 шэрагаў маршчэння па таліі, дзе даўжыня кожнага шыўка — два міліметры. Такімі шыўкамі трэба было прайсці палатно шырынёй тры метры, каб пасля сцягнуць да патрэбнага памеру.

«Самае складанае для мяне, напэўна, ткацтва. Гэта цяжка з пункту гледжання арганізацыі працы. Спачатку трэба матаць ніткі, пасля выганяць з пакоя дзяцей і ката, каб ніхто не замінаў, — усміхаецца Кацярына. — Бо абматаныя стаяць крэслы, каб пасля ніткі можна было рассартаваць, заправіць у дошчачкі. Гэта аднастайная, марудная і механічная праца.

Я не вельмі люблю вязаць. А паколькі на фартуху ёсць карункі, вязаныя шыдэлкам з тонкіх катушачных нітак, на іх у мяне сышло шмат часу. Калі на вышыўку ў мяне рука ўжо настолькі набіта, што хоць навобмацак магу, хоць у машыне падчас руху, то тут трэба было ўглядацца, а паколькі зрок у мяне дрэнны, вочы вельмі стамляліся».

Усяго ў спявачкі два самаробныя беларускія жаночыя строі. Кацярына таксама шыла ўборы для дзяцей і мужа.

У цяперашні складаны час шытво для яе стала аддушынай.

«Ратуе надзея на тое, што дзеяннямі сваімі я хаця б крышку спрыяю распаўсюду беларускай культуры. Бо вельмі цяжка разумець, што мала што магу зрабіць зараз, акрамя шытва ды навучання дзяцей у школе».

Каментары

Цяпер чытаюць

Святлана Алексіевіч расказала, якую кнігу выпусціць наступнай. Яна не пра каханне, як планавалася раней

Святлана Алексіевіч расказала, якую кнігу выпусціць наступнай. Яна не пра каханне, як планавалася раней

Усе навіны →
Усе навіны

«Загрузка ўпала, заказаў менш». Работнікаў прадпрыемства ў Рэчыцы сталі адпраўляць у адпачынкі без аплаты4

Чаму вучэнні «Захад-2025» вырашылі правесці ў цэнтры краіны, а не каля межаў НАТА — меркаванне ўкраінскага палітолага4

Прарасійскія надпісы на целе ўкраінскага вайскоўца выразаў хірург падчас аперацыі4

Каля берагоў Канады заўважылі рэдкі чорны айсберг1

Замест вайны сланы ў новай кнізе Сашы Філіпенкі. І Масква11

ЦАХАЛ загадаў жыхарам аднаго з раёнаў Тэгерана эвакуявацца. Зруйнуюць будынак дзяржаўнага тэлебачання3

ЗША перакідаюць на Блізкі Усход другі авіяносец і дзясяткі самалётаў8

«Прадалі 1647 купюр за 3 дні». Ажыятаж вакол памятнай банкноты Нацбанка не сціхае3

Стала вядома яшчэ пра аднаго беларуса, які ваяваў на баку Расіі і трапіў у палон1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святлана Алексіевіч расказала, якую кнігу выпусціць наступнай. Яна не пра каханне, як планавалася раней

Святлана Алексіевіч расказала, якую кнігу выпусціць наступнай. Яна не пра каханне, як планавалася раней

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць