У сацсетках паведамілі пра раптоўную смерць дырэктара вядомай мінскай моташколы Keymoto Дзмітрыя Яўхіменкі. Ён кіраваў матацыклам больш за 40 гадоў, а выкладаў — больш за 16.

Дзмітрый Яўхіменка меў вышэйшую адукацыю — скончыў фізкультурны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Ён заснаваў першую ў Беларусі школу контраварыйнай падрыхтоўкі матацыклістаў і распрацаваў уласную методыку такой падрыхтоўкі. Таксама заснаваў першы беларускі мотаклуб «Жалезныя браты».
Асабіста праводзіў індывідуальныя заняткі па контраварыйным кіраванні матацыклам і рыхтаваў маладых спартсменаў да ўдзелу ў спаборніцтвах.
Быў членам прэзідыума Беларускай федэрацыі матацыклетных відаў спорту (БФМВС), старшынёй камітэта па шашэйна-кальцавых мотагонках. Непасрэдна арганізоўваў адкрыты чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па гэтай спартыўнай дысцыпліне.
Дзмітрый Яўхіменка быў суддзёй нацыянальнай катэгорыі, меў міжнародную ліцэнзію FIM і міжнародны сертыфікат Honda Instituto de Seguridad (HIS).
Развітанне з Дзмітрыем Яўхіменкам адбудзецца 28 кастрычніка з 10:00 да 10:45 па адрасе: вуліца Куляшова, 49. Арганізатары просяць прыходзіць толькі з жывымі кветкамі, без вянкоў.
Каментары