Эканоміка

«Робінгуды запаволяць інфляцыю для бедных, але разгоняць для астатніх». Рытэйл каментуе ініцыятыву МАРГ аб зніжках

Міністэрства гандлю і антыманапольнага рэгулявання выступіла з ініцыятывай, каб гандлёвыя сеткі давалі зніжкі асобным катэгорыям насельніцтва на сацыяльна значныя тавары. Чыноўнікі думаюць, што такім чынам можна будзе стрымаць інфляцыю. Мы спыталі ў прадстаўнікоў рытэйлу, як яны глядзяць на такую прапанову, і што там адбываецца ў перамовах з МАРГ.

«Пакуль тое, што яны прапануюць, выглядае як талоны на ежу»

Разумення новай ініцыятывы не выказаў ніхто з прадстаўнікоў рытэйлу, якіх мы апыталі.

«Калі гэта адрасная падтрымка нейкіх малазабяспечаных слаёў, то на яе павінна скідвацца ўся эканоміка, а чаму прапануецца дапамагаць ім толькі сіламі сетак? — падзяліўся меркаваннем з «Нашай Нівай» менеджар адной з сетак, да якой МАРГ прыходзіў з прапановай рабіць адрасныя зніжкі. — Але апроч філасофіі, ёсць яшчэ і пытанне практыкі, незразумелы сам механізм.

Яны прапануюць зніжкавыя карткі кожнай сеткі, ці стварыць адну агульную? А што з базай даных? Як адсочваць, каб іх не прадавалі ці не аддавалі? Што рабіць там, дзе няма сетак? А сетак жа шмат у якіх раёнах няма! Ствараць спажыўкааперацыю? Шмат пытанняў, на якія МАРГ пакуль не можа нам адказаць. 

Пакуль тое, што яны прапануюць, выглядае як талоны на ежу для бедных, аплачаныя тымі кліентамі сетак, якія заможнейшыя.

Але сетка сабе ў мінус, натуральна, не спрацуе. Беларускі рытэйл цяпер сам у складанай жыццёвай сітуацыі.

Натуральна, што сыходзіць ад рэгулявання цэн трэба. Але гэтая ініцыятыва — папулізм, а не стрымліванне інфляцыі. Інфляцыю такім чынам нельга спыніць, цэны стрымлівае перадусім канкурэнцыя.

А эканоміцы трэба даць працаваць, разняволіць. Тады і самі людзі змогуць зарабляць, і ў дзяржавы будуць сродкі на падтрымку асобных сацыяльных слаёў, рэцэпты барацьбы з інфляцыяй вядомыя». 

«Дзяржава перакладвае функцыю клопату пра бедных на гандлёвыя сеткі»

«Дзяржава паказвае сваю імпатэнцыю і перакладвае функцыю клопату пра бедных на гандлёвыя сеткі, — лічыць іншы апытаны прадстаўнік рытэйлу. — Па-першае, незразумела, чаму менавіта сеткі павінны гэтым займацца. Па-другое, не зразумелы сам механізм.

Замест выдачы прамых грошай прапануецца кантраляваць зніжкі, што адназначна ператворыцца ў вечную «чорную пятніцу» — я павышу цану ў адзін дзень, каб яе апусціць у іншы.

Пасля ўвядзення такой сістэмы на паліцах застануцца прадукты, і гэта добра. Але яны будуць даражэць, разам з гэтым будзе ілюзія клопату дзяржавы пра бедных і будзе работа для супрацоўнікаў бескарысных упраўленняў гандлю пры выканкамах». 

Падтрымлівае калег і пастаўшчык прадуктаў, з якім мы пагаварылі. 

«Пры ўвядзенні такой выбарачнай зніжкавай сістэмы гандлёвыя сеткі знойдуць спосаб узяць недаатрыманыя грошы з пастаўшчыкоў, — сказаў наш суразмоўца. — Ну, або з заможных пакупнікоў. Хтосьці за гэта заплаціць. Інфляцыя запаволіцца для адных, але паскорыцца для іншых — палітыка робінаў гудаў».

Эканаміст: «Ва ўсім свеце ўсярэдненыя зніжкі звычайна працуюць кепска і не так, як трэба»

Мы спыталі таксама меркаванне не ўцягнутага ў гэтую гісторыю назіральніка — эканамістку Кацярыну Барнукову, акадэмічнага дырэктара BEROC. Яна лічыць, што гэтая ініцыява — не пра стрымліванне інфляцыі. 

«Дзеячам у МАРГ за год стала ясна, што спыніць рост цэн адміністратыўнымі медатамі не атрымліваецца: даводзіцца ўвесь час дазваляць іх павышаць, іначай тавары знікаюць з паліц, — адзначае Барнукова. — Але хочацца знізіць уплыў росту цэн на найбольш уразлівыя групы. Ад высокай інфляцыі найбольш церпяць пенсіянеры з невялікімі прыбыткамі і сем'і з некалькімі дзецьмі, дзе выдаткі на харчаванне большыя за сярэднія. 

Толькі ва ўсім свеце ўсярэдненыя зніжкі звычайна працуюць кепска і не так, як трэба. Таму звычайна ільготы манетызуюць — выдаюць прыбаўку да пенсіі ці дзіцячай дапамогі. Але грошай у бюджэце мала, таму прыдумалі перакласці гэтую праблему на гандлёвыя сеткі і, выглядае, іх прымусяць нешта зрабіць. 

Праўда, у нашай краіне прыватнік ведае, як зрабіць выгляд. Таму, напрыклад, зробяць зніжку для пенсіянераў, але падымуць цэны для ўсіх астатніх», — сказала Барнукова. 

Пры гэтым, у Беларусі ўжо дзейнічае гэтак званая адрасная сацыяльная дапамога. Прэтэндаваць на яе могуць тыя, чый прыбытак меншы за бюджэт прыбытковага мінімуму, а таксама адзінокія інваліды, шматдзетныя сем'і і некаторыя іншыя ўразлівыя групы людзей. 

Па даных міністэрства працы і сацыяльнай абароны, са студзеня па верасень дапамогу атрымалі 219,3 тысячы чалавек на агульную суму ў 93,92 мільёна рублёў.

У сярэднім, гэта па 428 рублёў на чалавека. Сюды ўваходзяць не толькі грашовыя выплаты, але і бясплатнае харчаванне для дзяцей да 2 гадоў, закупка сродкаў гігіены і іншыя патрэбы.

Калі браць сярэднюю суму штомесячнай сацыяльнай дапамогі, то яна скаладае 98,58 рубля, аднаразовая дапамога — 140 рублёў.

Таксама са снежня па верасень на сродкі гігіены ў сярэднім на аднаго чалавека трацілі 377 рублёў, а на харчаванне дзяцей да 2 гадоў — па 156,6 рубля.

Чытайце таксама:

Гандлёвыя цэнтры абавяжуць даваць зніжкі на сацыяльна значныя тавары некаторым групам насельніцтва

Чай плюс 18%, агуркі — 40%. Як змяніліся цены на прадукты пасля адмены дзяржрэгулявання

Каментары

Цяпер чытаюць

«Я першамайскае быдла і ліміта, базару нуль. Але блізкі да цэнтра прыняцця рашэнняў». Што Тур піша пад псеўданімам у «экстрэмісцкім» чаце19

«Я першамайскае быдла і ліміта, базару нуль. Але блізкі да цэнтра прыняцця рашэнняў». Што Тур піша пад псеўданімам у «экстрэмісцкім» чаце

Усе навіны →
Усе навіны

На фронце загінуў 27-гадовы хлопец з Вілейкі, які змагаўся на баку Расіі51

Засмучаны трэнер мазырскай «Славіі» пасля няўдалага матча так паразмаўляў з журналістам, што стварыў мем2

Кіроўцаў будуць караць за язду без уключаных фар удзень. Колькі штраф?1

«Без незалежнасці няма свабоды і няма будучыні». Ціханоўская павіншавала беларусаў з Днём абвяшчэння незалежнасці9

Расійскі плывец знік без вестак пры спробе пераплысці Басфор у Турцыі

«Я пра мужоў-беларусаў чую толькі: «Ніколі зноў!» Чаму бчб-нявеста Іна Зайцава на год знікла з сацсетак і што з ёй цяпер?100

У Беларусі расійскі амбудсмен сустрэлася з украінскім прадстаўніком2

Трамп так і не ўвёў санкцыі супраць Расіі і Пуціна. Ці варта верыць яго новым пагрозам?10

Навукоўцы ўпершыню зафіксавалі аранжавую акулу-няньку ФОТА4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я першамайскае быдла і ліміта, базару нуль. Але блізкі да цэнтра прыняцця рашэнняў». Што Тур піша пад псеўданімам у «экстрэмісцкім» чаце19

«Я першамайскае быдла і ліміта, базару нуль. Але блізкі да цэнтра прыняцця рашэнняў». Што Тур піша пад псеўданімам у «экстрэмісцкім» чаце

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць