Меркаванні33

У чым сёння праяўляецца незалежнасць Беларусі? На колькі яна пахіснулася? Ці слушна казаць пра акупацыю? Спыталі ў палітолагаў

3-га ліпеня святкуецца дзяржаўны Дзень незалежнасці. Пры гэтым у краіне гаспадараць расійскія войскі і Пуцін падкрэслівае, што «палітычны і санкцыйны ціск з боку так званага «калектыўнага Захаду» падштурхоўвае Мінск і Маскву да паскарэння аб'яднальных працэсаў».

Спыталі ў палітолагаў, у чым сёння ўвогуле праяўляецца беларуская незалежнасць і наколькі паменшыўся яе працэнт у сувязі з пост-крызісам 2020 года і вайной ва Украіне.

Паддобрыванне пад фантомныя імперскія болі

Згадваючы самыя самастойныя для Беларусі часы, палітолаг, дактарантка Virginia Tech Кацярына Шмаціна называе «паўзу» паміж распадам СССР і прыходам да кіравання Лукашэнкі з яго жаданнем кансалідаваць уладу ў сваіх інтарэсах.

«Калі Лукашэнка пачаў паддобрывацца да Ельцына і Расіі з іх фантомнымі імперскімі болямі, то тады мы ўжо пачалі прывязваць сваю знешнюю палітыку і карэктаваць унутраную з аглядкай на Крэмль. Гэта ўплывала нават на такія рэчы, як беларуская навука: калі некаторыя даследаванні ў той жа Акадэміі навук не дазваляліся, бо яны крытыкавалі Расію, а гэта было нявыгадна, ці абароны дысертацый — яны таксама падпадалі пад такую цэнзуру».

Кацярына Шмаціна. Фота: асабісты архіў

Палітолаг падкрэслівае, што, у адрозненні ад краін Балтыі, якія скарысталіся момантам (у тым ліку слабасцю Расіі) і пайшлі дэмакратычным шляхам, у беларускай сітуацыі амаль не было магчымасці папрактыкавацца ў дэмакратычных працэдурах. 

«Хутка пачалі знішчацца ўсе дэмакратычныя інстытуты, якія і не паспелі паўнавартасна паўстаць, зачышчалася свабода слова ў медыя, зачыняліся беларускамоўныя школы, скарачалася роля беларускай мовы. Ці быў у народу запыт на тое, каб не адрывацца ад Расіі, з улікам часткі тых, хто настальгаваў па СССР? Насамрэч, мы не можам гэтага ведаць, бо ўся палітыка, якая праводзілася з прыходам да ўлады Лукашэнкі, была пабудаваная не на запыце народу, а з мэтай абслугоўвання выключна яго інтарэсаў», — робіць экскурс Кацярына Шмаціна. 

Лукашэнка стараўся будаваць імідж абаронцы суверэнітэту, але, па сутнасці, з самага пачатку паддобрываўся да таго боку, які і ўяўляў найвялікшую пагрозу для беларускай незалежнасці — да Расіі, падкрэслівае палітолаг.

«2014 — 2020 гады — перыяд кульмінацыі беларускай незалежнасці і суверэннай палітыкі»

Палітолаг Валер Карбалевіч лічыць, што ніводную краіну немагчыма назваць цалкам незалежнай — можна казаць толькі пра ступень залежнасці:

«Тут існуе заканамернасць: чым больш вялікая краіна, чым больш моцная, тым больш у яе незалежнасці і наадварот. Але тыя ж ЗША ці Кітай залежныя ад існуючай міжнароднай сістэмы.

Калі ж казаць пра Беларусь, то максімальна самастойнымі для краіны часамі быў перыяд з 2014 па 2020 гады, да апошніх прэзідэнцкіх выбараў. Тады Беларусь праводзіла шматвектарную замежную палітыку, спрабавала развіваць адносіны з Захадам і іншымі рэгіёнамі. Лукашэнка тады яшчэ ўсяляк супраціўляўся з’яўленню расійскай вайсковай базы. Праводзілася палітыка так званай «мяккай беларусізацыі». Былі нават спробы гуляцца з апанентамі, якіх запрашалі на беларускія тэлеканалы: у тым ліку мяне, напрыклад, на перадачу да Гігіна.

Гэты сапраўды быў перыяд кульмінацыі беларускай незалежнасці і суверэннай палітыкі, на мой погляд. Бо ўсё ж у 90-я ўсе дзяржаўныя інстытуты, дыпламатычныя адносіны толькі-толькі ўсталёўваліся, і зараджалася беларуская дзяржаўнасць як такая».

Валер Карбалевіч. Фота: «Новы час»

2020 год як каталізатар дадатковага зліцця з Расіяй

У 2020 годзе Лукашэнка выжыў на палітычнай арэне і застаўся ва ўладзе толькі дзякуючы падтрымцы Крамля. І калі спачатку ўвесь кошт такой паслугі не быў зразумелы, то пасля пачатку вайны ва Украіне стаў відавочным.

«Беларусь выкарыстоўваецца ў расійскай ваеннай агрэсіі — гэта адно з наступстваў расплаты за падтрымку Крамлём. Пры гэтым яшчэ ў 2015 годзе, калі Расія хацела размяшчаць авіябазу ў Беларусі, Лукашэнка рабіў усё, што мог, каб адцягнуць гэты момант. Калі ў 2018-2019 гадах аднаўляліся размовы пра Саюзную дзяржаву і перагляд дамоўленасцяў, і Макей, і Лукашэнка маглі сабе дазволіць даволі вострую рыторыку — пра тое, што беларусы не здадуць суверэнітэт, маючы на ўвазе Расію. Яны маглі дазволіць сабе супрацьстаяць Крамлю хаця б рытарычна і зацягваць саюзныя перамовы.

Сёння мы не можам нават уявіць, што вышэйшае беларускае камандаванне сказала б «не» Расіі (хоць, вядома, саўдзел у агрэсіі супраць Украіны не адпавядае беларускім інтарэсам). Мы можам уявіць, што Лукашэнка папрасіў бы: «Валодзя, выводзь войскі, мне гэта не падабаецца»? Не. Па-першае, такія аўтарытарныя хлопцы, як Пуцін, адмовы не даравалі б. Па-другое, шлях для непаслухмянасці пасля 2020 года закрыты, бо гэта, паўтаруся, кошт утрымання ва ўладзе (як і прызнанне «ЛНР» ці «ДНР», якія заставаліся заўсёды апошнімі козырамі). А калі беларускі рэжым сёння няздольны казаць «не» Расіі, як можна казаць пра паўнату яго ўлады на сваёй жа тэрыторыі?» — задаецца пытаннем Кацярына Шмаціна.

Ілюстрацыйнае фота

Згодны з калегай і Валер Карбалевіч:

«Пасля 2020 года наш суверэнітэт моцна абмежаваўся на карысць Расіі. Найперш гэта тычыцца сферы абароны, але таксама і замежнай палітыкі, якая амаль паўтарае расійскую, і інфармацыйнай: калі беларускія тэлеканалы фактычна дублююць тое, што перадаюць расійскія.

Але калі вынесці за дужкі вайсковы суверэнітэт, знешнепалітычны і інфармацыйны, то ва ўсім астатнім у Беларусі самастойнасць захоўваецца. Улады маюць аўтаномію ў эканамічнай палітыцы, ва ўнутранай (самі вырашаюць, каго арыштоўваць і колькі год даваць апанентам, палітзняволеным, якія законы выдаваць), у культурнай, у спорце (хаця ад апошняга мала што засталося)» 

Беларусь пад акупацыяй ці не?

У дыскусіях з украінцамі на абвінавачванні «чаму вы нічога не робіце, каб спыніць вайну?», некаторыя беларусы выкарыстоўваюць аргумент: «Мы акупаваныя. Гэта тое ж, што прасіць супраціву ад «ДНР» ці «ЛНР». Але ці так гэта на самой справе? 

«Як ні круці, рэжым Лукашэнкі застаецца ва ўладзе і мае дастаткова механізмаў, каб трымаць сітуацыю пад кантролем унутры краіны. Мы працягваем ахоўваць свае межы, друкаваць свае грошы — гэта рысы самастойнасці краіны. Сённяшняе панаванне Расіі можна патлумачыць забеспячэннем інтарэсаў Саюзнай дзяржавы.

Агулам, калі абапірацца на тэрміны і іх значэнне, то гаворка пра акупацыю на дадзены момант — перабольшанне. Гэта больш такі рытарычны прыём з заклікам да эмоцый, да міжнароднай супольнасці, каб беларускі парадак дня не быў забыты ў свеце сённяшняй агрэсіі», — каментуе Кацярына Шмаціна.

«Калі глядзець на сітуацыю з гледзішча міжнароднага права, то мы не акупаваныя — працягвае Валер Карбалевіч. — Калі краіна пад акупацыяй, то акупанты бяруць усю ўладу ў свае рукі, як гэта адбылося з Херсонскай вобласці, напрыклад. У Беларусі ўсе дзяржаўныя органы працуюць, як і працавалі, рускія іх не падмяняюць. І першапачаткова расійскія войскі з’явіліся на тэрыторыі для вучэнняў са згоды Лукашэнкі: чалавека, які трымае тут уладу і фармальна выконвае функцыі прэзідэнта.

Ва ўсякім разе Лукашэнка ні разу не казаў публічна: «Ой, мяне не пытаюцца, акупавалі». Наадварот — падчас апошняй сустрэчы з Лаўровым ён абвяргаў, што нібыта не кантралюе нічога.

Толькі калі разважаць з палітычнага пункту гледжання, можна казаць пра частковую акупацыю на тэрыторыі Беларусі».

Ілюстрацыйнае фота

«Апгрэйд Саюзнай дзяржавы з рандомнымі кавалкамі тэрыторый, якія Расія зможа захапіць»

Даваць нейкія прагнозы наконт будучыні Беларусі і яе незалежнасці зараз ніхто не бярэцца.

«Вайна ва Украіне задала зусім новую дынаміку гістарычнага працэсу, усё вельмі паскорылася. І цяпер вельмі шмат залежыць ад вонкавых абставінаў — ад таго, як будзе ісці вайна ва Украіне, чым яна скончыцца і наколькі хутка. А гэтыя рэчы непрадказальныя», — каментуе Валер Карбалевіч.

«Рацыянальныя довады ў Крамля скончыліся 24 лютага, застаўся голы імперскі запал, так што ад Расіі можна чакаць любыя дзікія рашэнні, будзь то спроба захапіць Сувалкскі калідор ці стварэнне новаўтварэння — апгрэйд Саюзнай дзяржавы з рандомнымі кавалкамі тэрыторый, якія Расія зможа захапіць.

Тут можна толькі здагадвацца, на які крок яны пойдуць. Але і ўнутры самой Беларусі праблем хапае: нявырашаны беларускі палітычны крызіс — 2020, які падзяляе беларускае грамадства, запыт на перамены — гэта ўсё нікуды не знікла», — разважае Кацярына Шмаціна.

Чытайце таксама:

Лукашэнка выказаўся пра Сувалкаўскі калідор

У Беларусі мужчын і жанчын масава выклікаюць у ваенкаматы — на вучэнні

Як за два гады змяніліся прадстаўнікі апазіцыі і рэжыму? ФОТЫ

Каментары3

  • Охтас
    03.07.2022
    На деле Лукашенко могильщик Беларуси. С самого начала, когда Россия помогла ему стать президентом. И Беларусь вместо развития стала падать. Я вижу, какая могла быть история развития страны без лукашенки:
    Президентское правление с одним сроком, парламент и президент избирается народом.
    Но при лукашенко страна стала падать в пропасть с самого начала. А старая оппозиция вместо объединения против общего недруга - разбрасывает грязь, обидки и свои никчемные короны. Стыдно.
  • BLR
    03.07.2022
    Ці была незалежнай Рэч Паспалітая апошняга стагоддзя яе існаваньня? Фармальна была. Быў кароль/вялікі князь, быў парламент, было войска, былі грошы...Карацей усе фармальныя атрыбуты дзяржавы. Але ці была тая самая дзяржава самастойнай? НЕ, НЕ БЫЛА. Гэта была цалкам залежная тэрыторыя ва ўсім і найперш ад імперыі рускай і яе волі. І усе гэта скончылась тым чым і павінна было скончыцца - смерцьцю краіна.

    Ці есьць незалежнай краінай Рэспубліка Беларусь пад кантролем Лукашенкі? Рытарычнае пытаньне з відавочным адказам - НЕ. Ад самага пачатку - НЕ. Усе 28 год з дня ў дзень, год за годам мы забівалі уласную краіну якую атрымалі як сьнег на галаву. Увесь гэты час трымаючыя ўладу на Беларусі гвалцілі гэтую краіну дабіваючы тыя малыя і крохкія парасткі беларускасьці. Краіна дзе 3% гавораць на мове, дзе ніколі вышей за 15% не перавышала колькасьць прыхільнікаў вольнага дэмакратычнага, прабеларускага жыцьця, краіна дзе 30 гадоў галоўным пытаньнем было і застаецца яе незалежнасьць і яе захаваньне ... Як такая краіна можа быць самастойнай і дастатковай? Не можа яна такой быць. Яна ідзе да сваей сьмерці.
  • Кажым Ратуевіч
    03.07.2022
    Змагаймася за Вольную Беларусь – заруку выжывання белнацыі. Не забывайма, што нашая Родная Беларусь шырэйшая за межы РБ.

Цяпер чытаюць

Лукашэнка: Мы хочам з Пакістана спецыялістаў, а не проста моладзь. І найперш у Баранавічы20

Лукашэнка: Мы хочам з Пакістана спецыялістаў, а не проста моладзь. І найперш у Баранавічы

Усе навіны →
Усе навіны

Краіны НАТА анансавалі дапамогу Украіне на 21 мільярд еўра3

У мінскім гандлёвым цэнтры людзі выстраіліся ў чэргі па віцебскія дываны1

У беларускім чэмпіянаце па футболе забілі незвычайны гол ВІДЭА1

Кампанія, якая катала Тыля Швайгера па Мінску, знайшла грошы. Але каманду ўжо расхапалі1

Праўладны Саюз пісьменнікаў пашырае свае шэрагі за кошт расійскіх літаратараў3

ГУБАЗіК паказаў фота за кратамі Мацвея Бяляя, раней асуджанага ў Літве за напад на беларускае пасольства3

«Думаеце, я гэты пашпарт дома не шукала?» Вольга Сямашка пракаментавала сітуацыю з дакументам прыкрыцця свайго мужа25

Працуе ў калгасе, піша кнігі i піярыць роднае Палессе. Гэта ўсё пра 27-гадовага Дзеда Янкеля3

Мужчына падхапіў цяжкую інфекцыю лёгкіх праз звычку нюхаць свае брудныя шкарпэткі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка: Мы хочам з Пакістана спецыялістаў, а не проста моладзь. І найперш у Баранавічы20

Лукашэнка: Мы хочам з Пакістана спецыялістаў, а не проста моладзь. І найперш у Баранавічы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць