«Ястрабы» ідуць у атаку. Кадыраў зноў наехаў на расійскага генерала, выступіўшы рупарам Прыгожына
Адзін з галоўных расійскіх «ястрабаў», правіцель Чачні Рамзан Кадыраў ужо не першы раз абрынуўся са знішчальнай крытыкай на камандуючага Цэнтральнай вайсковай акругай генерал-палкоўніка Аляксандра Лапіна. Па ягоных словах, менавіта гэты генерал дапусціў прарыў украінскіх войскаў ў раёне населеных пунктаў Цярны, Торскае і Ямпалаўка на Данбасе.

«Паўтараецца гісторыя са здачай лініі абароны Чырвоны Ліман. Адзін у адзін. І трагедыю на гэтым участку мы пакуль пазбеглі толькі за кошт дакладнага размяшчэння сілаў на другім эшалоне лініі абароны.
Зараз за Лапіным абарона Сватава і Макееўкі. Я задаюся пытаннямі: нікога не цікавіць, якім чынам Лапін атрымаў зорку за ўзяцце Лісічанска, у якім ён нават не быў? Нікога не цікавіць, як ён умудрыўся здаць Чырвоны Ліман і чаму не было праверкі?
Нікога не цікавіць, як ён умудрыўся адкрыць пралом для праціўніка і чаму зноў не было праверкі? Нікога не цікавіць, дзе ён зараз знаходзіцца? Нікога не цікавіць, хто яго так добра прыкрывае?», — заявіў Кадыраў.
Пры гэтым чачэнскі дыктатар, жорстка крытыкуючы Лапіна, адначасова спявае дыфірамбы іншай сімвалічна «ястрабінай» фігуры ў сучасным расійскім грамадстве — уладальніку ПВК «Вагнер» Яўгену Прыгожыну. Ён пачынае з гэтага свой допіс у тэлеграме і гэтым жа заканчвае.
Паводле Кадырава, «дарагі брат Прыгожын — прыроджаны ваяр, ягоныя байцы — сапраўдныя прафесіяналы і патрыёты Расіі, бясстрашныя, упартыя, мужныя. Гэта сапраўды каштоўныя баявыя падраздзяленні».
І завяршае свой допіс згадкай пра тое, што «як правільна адзначыў Яўген Віктаравіч, патрэбныя тактычныя і кадравыя змены».
Можна меркаваць, што гэтае выступленне Кадырава не выпадковае, яно адлюстроўвае змаганне за ўплывы паміж рознымі групоўкамі ва ўладных і каляўладных расійскіх колах.
Раней Кадыраў ужо публічна выступаў супраць Лапіна, ускладаючы на яго віну за адступленне расійскіх акупацыйных войскаў з-пад Лімана.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
кухарка тожэ можа камандаваць Ахтаматам 8-)