Культура1010

Расіянін-паліглот асвоіў беларускую мову і стварыў анлайн-курс па яе вывучэнні. Будзеце ўражаныя, якія панкаўскія вершы па-беларуску ён ведае 

42-гадовы расіянін Аляксей Чарнарэчанскі не толькі гаворыць на беларускай мове, але і стварыў анлайн-курс па яе вывучэнні. Курс падзелены на блокі, названыя як мінскія станцыі метро. А яшчэ ён аб'ехаў Беларусь і разбіраецца ў Марціновічу і Жыбулю.

Кастрычнік 2022 года. Фота: асабісты архіў героя

Французская, фінская і нават санскрыт

Аляксей нарадзіўся ў Дзяржынску, горадзе Ніжагародскай вобласці. Месцам свайго сталення называе Маскву, а месцам духоўнага нараджэння — Піцер і Балтыку.

Але праз шматнацыянальныя карані адчувае сябе касмапалітам.

Бабуля Аляксея была ўкраінскай казачкай з русіфікаваных земляў Кубаншчыны, сярод яго продкаў — яўрэі, татары, магчыма, яшчэ палякі і літоўцы. Выхоўвала яго жанчына, якая паходзіла з вепсаў — гэта фіна-вугорскі народ, які жыў у ваколіцах Пецярбурга, — яна спявала хлопцу песні і расказвала гісторыі на сваёй мове.

Вучыўся Аляксей у школе з ухілам на мастацтвы і мовы і скончыў яе, ведаючы недзе пяць-шэсць моў. Сярод іх была не толькі традыцыйная англійская, але і, напрыклад, фінская і польская.

Праўда, будучыню Аляксей хацеў звязаць з музыкай.

«Трэба было выбіраць паміж кансерваторыяй і лінгвістыкай, і я рызыкнуў атрымаць і музычную, і лінгвістычную адукацыі. Але кансерваторыю не скончыў, а пайшоў у лінгвістыку, дзе заняўся навукай, і ўжо ў аспіранцкія часы канчаткова выбраў мовы», — расказвае ён.

На жыццё Чарнарэчанскі зарабляе тым, што дапамагае людзям вучыць літаратуру, гісторыю і мовы, а таксама ладзіць з аднадумцамі краўдфандынгавыя праекты — гэта і кнігі, і курсы на платформе Stepik.

Аляксей трымае ў руках першую кнігу, якую ён выдаў у 2008 годзе. Студзень 2022 года, Мінск. Фота: асабісты архіў

Мовы Аляксей вучыць дагэтуль: «Магу сказаць, у выпадку з колькімі мовамі я ведаю моўную сістэму, магу чытаць на іх і трохі гаварыць. Гэта прыкладна 25 моў, але не ўсе з іх выкарыстоўваю.

Напрыклад, у дзяцінстве каляжанка маёй маці часта гутарыла са мной па-нямецку, але цяпер я няшмат гавару на гэтай мове. Каб аднавіць свае веды ў ёй, мне спатрэбіўся б нейкі час для практыкі, напрыклад, тыдзень у Германіі.

Сёння актыўна карыстаюся такімі мовамі: рускай, беларускай, англійскай, французскай, нямецкай, фінскай, польскай, іспанскай і турэцкай. Нейкі час таму таксама шмат гутарыў па-ўкраінску.

Ва ўніверсітэце пачаў цікавіцца антычнымі мовамі. На першым курсе вывучаў лацінскую мову, потым атрымаў грант і паехаў на год вучыцца ў ЗША, дзе працягнуў займацца лацінскай. Таксама вывучаў санскрыт, увогуле лічу гісторыю антычнасці важнай часткай майго жыцця.

Год таму апынуўся ў Турцыі, хацеў там здымаць кіно, але не склалася. У той час пачаў вывучаць турэцкую мову, бо гэта ў нечым мова майго дзеда, які мае татарскія карані. Для мяне гэтае знаёмства з цюркскімі мовамі стала цалкам новым светам.

Распачынаў вывучаць кітайскую мову, японскую і арабскую, знаёміўся з мовай суахілі, але хутчэй звяртаў увагу на тэорыю, каб разумець, як працуе сістэма мовы».

Як прыйшоў да беларушчыны

У доме бацькоў Аляксея было багата кніг, таму што бабуля паліглота працавала ў бібліятэцы і ратавала спісаныя кнігі, якія падлягалі спальванню. Сярод іх былі і беларускамоўныя томікі, і дзякуючы веданню польскай і рускай моў Аляксей быў здольны іх чытаць.

Потым, у студэнцкія і аспіранцкія гады, Аляксей бываў у Мінску і заўсёды прывозіў адтуль кніжкі — кажа, гэта было «як праклён»:

«Віктар Жыбуль застаўся на маёй паліцы да гэтага дня, памятаю яго верш «Нясе матуля кацяня на рэчаньку тапіць». Потым я набыў кнігу Віктара Марціновіча «Мова», і гэта быў мой першы беларускамоўны раман, які я прачытаў ад дошкі да дошкі. Далей я прачытаў ягоны твор «Ноч» і ўвогуле пачаў шмат чытаць па-беларуску, але несістэмна».

Фота: асабісты архіў героя

А далей быў люты 2022 года і пачатак актыўнага ўварвання Расіі ва Украіну, калі Чарнарэчанскі зразумеў, што зараз яго жыццё будзе іншым.

Ён выехаў з краіны раней за 24 лютага, бо «ведаў, куды ўсё ідзе», але ў жніўні 2022 года зноў прыехаў у Расію па асабістых патрэбах. Хутка грымнула мабілізацыя, і Аляксей пачаў шукаць, як яму тэрмінова вывезці з Расіі сваіх аднадумцаў.

Як і шмат для каго з расіян, найлепшым варыянтам аказаўся выезд праз Мінск.

Менавіта ў тым падарожжы Чарнарэчанскі канчаткова павярнуўся да беларушчыны. «Тады я пачаў слухаць «Беларускую Палічку», чытаць «Нашу Ніву», глядзець «Белсат».

Зразумеў, што паступова пачынаю разумець сістэму мовы і ўжо магу паўтараць моўныя мадэлі. Адчуў неабходнасць сістэматызаваць матэрыял так, каб гэта, з аднаго боку, было акадэмічна, а з іншага, цікава маім гледачам і слухачам, набыў для гэтага крыху акадэмічных кніг. Для мяне вельмі важная тэарэтычная граматыка — тое, як і чаму функцыянуе мова».

Потым паліглот вярнуўся ў Турцыю, дзе жыў да паездкі ў Расію, і запісаў відэа пра беларускую граматыку і фанетыку. Але, здаецца, найбольш яго ўразіла беларуская літаратура, якую Аляксей называе якаснай і цалкам еўрапейскай. Але прызнае, што яго сябры-беларусы не надта шмат ведаюць пра тое, што пішуць беларускія аўтары, таму лінгвіст вырашыў зрабіць курс, які б гэта выправіў.

«Мы з вамі размаўляем па-беларуску, чаму вы пытаецеся, ці гэта мова існуе»

Аляксей расказвае пра дыскусію, прысвечаную статусу беларускай мовы:

«Мы з вамі размаўляем па-беларуску, гэтая мова жывая, і чаму вы пытаецеся, ці яна існуе?

Вырашыў, што трэба зладзіць курс беларускай мовы, каб для людзей, якія сумняваюцца, ці існуе яна, закрыць гэтае пытанне з лінгвістычнага пункту гледжання. Рабіў гэты курс з пункту гледжання кампаратывістыкі, то-бок параўнання рускай і беларускай мовы, і пасля гэтага расказваў пра стан сучаснай беларускай культуры і літаратуры».

Аўтар курса не забыў і пра беларускую рок-музыку, і пра стылістыку.

Бабруйск, кастрычнік 2022 года. Фота: асабісты архіў героя

Курс (вядома, бясплатны) складаецца з 20 урокаў, згрупаваных у чатыры блокі: станцыя «Вакзальная», станцыя «Усход», станцыя «Акадэмія навук» і станцыя «Юбілейная плошча». Як тлумачыць Аляксей, гаворка не ідзе пра тое, каб за адзін курс навучыць чалавека гутарыць па-беларуску. Курс хутчэй прысвечаны тэарэтычнай граматыцы, а не практычнаму веданню мовы.

Таксама Аляксей тлумачыць, што, на яго думку, анлайн-адукацыя — не самадастатковая з’ява: «Некалі ўсе думалі, што прыйшлі часы, калі не трэба будзе хадзіць ва ўніверсітэты, быў трэнд на анлайн-адукацыю. Але ўжо ў часы каранавіруса людзі зразумелі, што без абмеркавання інфармацыі са сваімі калегамі — гэта нішто.

Ніхто і ніколі не ўкладзе вам нічога ў галаву, калі вы самі не будзеце гаварыць па-беларуску, ніхто за вас не вырашыць матэматычную праблему, калі вы не зробіце гэта самі».

На думку Чарнарэчанскага, праз курс можна людзей зматываваць вучыць мову і зацікавіць ёй, а ўсё астатняе навучэнцам трэба будзе зрабіць самім: «Няма ніякага магічнага сродку, які б дапамог пачаць гутарыць па-беларуску. Але пасля курса людзі змогуць адкрыць беларускамоўную кнігу і зразумець, што яны бачаць і дзе шукаць адказы на свае пытанні. Яны будуць разумець беларускую мову, а вывучаць лексіку і граматыку, вучыцца гутарыць трэба самастойна».

На марафоне ў Сочы, лістапад 2018 года. Фота: асабісты архіў героя

Іншае захапленне Аляксея — марафоны. Любоў да іх таксама пайшла з навукі.

«Калі мне было 24 гады, я пачаў выкладаць ва ўніверсітэце. Прыходзіў да маіх студэнтаў і распавядаў ім пра антычнасць, семантыку і семіётыку, тэарэтычную граматыку. Семантыка і семіётыка — гэта ўвогуле вельмі важна, бо гэтыя навукі расказваюць пра тое, як мы разумеем сімвалы.

Вельмі часта рабіў для сваіх студэнтаў лекцыі ў горадзе. Вадзіў іх у розныя музеі, дворыкі. Тады я зразумеў, што хацеў бы пабачыць горад з іншай перспектывы, і бег стаў для мяне магчымасцю адкрыць горад па-новаму. Калі ты шпацыруеш або едзеш на ровары, гэта не тое ж самае, што бегаць, калі горад адкрываецца з абсалютна іншага боку. Таму гэта не толькі спартыўнае захапленне, але і ўспрыманне горада з сімвалічнага пункту гледжання».

Што да беларускай мовы, то Аляксей бачыць перад ёй вялікую будучыню, бо «ёсць шмат інтэлектуалаў, якія пішуць па-беларуску і ўведзены ў панеўрапейскі кантэкст».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Шэсць атмасферных беларускіх акаўнтаў у інстаграме

«Мой хлопец навучыў мяне беларускай мове». Украінка вывучыла беларускую праз каханне да палітвязня

Як перавесці сацсеткі і месенджары на беларускую мову

Каментары10

  • Вольга
    25.02.2023
    Дзякуй Аляксею!
  • qw
    26.02.2023
    Р6619, навошта абражаць чалавека "русаком"? Ведае шмат моў, прафесіянал у сваей справе. Пэўна заслужыў, каб паважалі. Потым прапагандысты с расійскіх СМІ пачытаюць такія допісы і будуць гаварыць, што беларусы местачковыя неанацысты і шавіністы, трэба і іх, як украінцаў, захапіць. Не давайце падставаў.
  • 3000
    26.02.2023
    qw, ну не маскалём жа назваў. Русак гэта нармальная народная назва расейцаў.

Цяпер чытаюць

Украінскія войскі адбілі моцную расійскую атаку пад Запарожжам9

Украінскія войскі адбілі моцную расійскую атаку пад Запарожжам

Усе навіны →
Усе навіны

Украінскія дроны атакавалі расійскую вайсковую часць, якую абвінавачваюць ва ўдары па Сумах1

Павялічваюцца цэны на бульбу, цыбулю і капусту2

У Гродне да Дня Перамогі правядуць рэканструкцыю штурму Рэйхстага18

Расіяне, набліжаныя да Крамля, сотнямі атрымліваюць сербскія пашпарты, якія даюць бязвіз у Еўрасаюз13

Ракета «Барс»: што вядома пра новую ўкраінскую распрацоўку і ў чым яе галоўная перавага2

Палітычны чат, у які пісаў Ігар Тур, прызналі экстрэмісцкім10

Цана за самую дарагую кватэру, прададзеную ў Мінску ў сакавіку, блізкая да мільёна даляраў1

Экс-муж Мельнікавай: Пра знікненне Анжалікі нікуды не звяртаўся, не бачу сэнсу29

Што значыць прыезд 150 тысяч мігрантаў з Пакістана ў Беларусь: погляд Ігара Тура30

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінскія войскі адбілі моцную расійскую атаку пад Запарожжам9

Украінскія войскі адбілі моцную расійскую атаку пад Запарожжам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць