Навука і тэхналогіі11

Перадаць чалавеку генаў кажана? Тады мы не зналі б раку і не баяліся б вірусаў

Навукоўцы інтэнсіўна вывучаюць гэтых адзіных лятаючых сысуноў, бо пабачылі шанец адкрыць перадавыя метады лячэння смяротных хвароб і запаволіць старэнне чалавека.

Bat
Фота: C. Robiller/Naturlichter.de

Кажаны — пераносчыкі небяспечных для чалавека вірусаў, але самі на гэтыя вірусы не хварэюць. Гэта адзіныя сысуны, якія ўмеюць лётаць. А яшчэ яны для стварэнняў свайго памеру незвычайна доўга жывуць — некаторыя да 40 гадоў, і гэта не ўкладаецца ў правіла, згодна з якім чым меншая жывёла, тым менш яна жыве.

Пандэмія Covid-19 звярнула ўвагу на кажаноў найперш як на магчымых пераносчыкаў гэтай хваробы, але яна таксама зрабіла іх аб’ектам даследавання на прадмет таго, ці могуць кажаны знішчаць вірусы і прадухіляць рак і іншыя захворванні.

Як вывучаюць гэтых жывёл у Нацыянальным інстытуце алергіі і інфекцыйных захворванняў ЗША і біятэхналагічным стартапе Paratus Sciences, які базуецца ў Нью-Ёрку і Сінгапуры, расказвае Wall Street Journal.

Незвычайная імунная сістэма

Нацыянальны інстытут алергіі і інфекцыйных захворванняў ЗША фінансуе даследаванні імуннай сістэмы кажаноў, якія, паводле слоў навукоўцаў, могуць дапамагчы ў лячэнні запаленняў і інфекцыйных захворванняў. Кансорцыум даследчыкаў вядзе праект пад назвай Bat1K па секвенаванні геномаў усіх 1462 жывых відаў кажаноў.

Па словах навукоўцаў, вывучэнне біялогіі кажаноў цяпер толькі пачынаецца. Толькі некалькі лабараторый у свеце маюць калоніі жывых кажаноў для даследаванняў.

«Сёння мы наватары», — адзначае Мая Вайнберг, даследчыца лабараторыі кажаноў Ёвеля ў Тэль-Авіўскім універсітэце ў Ізраілі.

Пошук сродкаў для лячэння хвароб чалавека ў жывёлах мае даўнюю гісторыю. Навукоўцы даследавалі ДНК сабакі, змяіны яд і антыцелы акулы. Што вылучае кажаноў, дык гэта іх шматлікія звышздольнасці, у тым ліку магчымасць пераносіць вірусы, не хварэючы на іх. Яны могуць пераносіць ліхаманку Эбола, Ніпах (смяротны вірус, на які хварэюць свінні і людзі ў некаторых частках Азіі) і вірусных продкаў каранавірусаў (хоць яшчэ не выяўлена, што кажаны пераносяць сам вірус Covid-19).

Па словах доктара Лінфа Ванга, прафесара Медыцынскай школы Duke-NUS у Сінгапуры, які вывучае кажаноў амаль тры дзесяцігоддзі, іх здольнасць заражацца і не хварэць можа быць звязана з той эвалюцыяй, якую жывёлы перажылі за мільёны гадоў, пакуль ператвараліся ў лятучых сысуноў.

Паводле яго слоў, некаторыя кажаны лётаюць ад пяці да васьмі гадзін у суткі, іх сэрцабіццё пачашчаецца да больш чым 1000 удараў у хвіліну, а іх целы спальваюць шмат калорый. «Біялагічны ціск і стрэс неймаверныя», — адзначае доктар Ванг.

Некаторыя віды кожны дзень з'ядаюць казурак масай роўнай свайму целу; іншыя выпіваюць нектару ў паўтара раза больш за сваю вагу. Толькі тры віды кажаноў п'юць кроў.

Кажаны натуральным чынам гасяць запаленне, якое ўзнікае з-за стрэсу або прыкмет небяспекі. Калі чалавек змагаецца з вірусам, ён хварэе, настолькі моцная наша імунная рэакцыя. Імунная сістэма кажаноў дзейнічае больш разважліва і церпіць «агрэсара».

«Мы, людзі, сапраўды эвалюцыянавалі разам з нашым інтэлектам, з развіццём нашага мозгу, — кажа доктар Ванг. — Але з гледзішча імунітэту, я хацеў бы быць кажаном».

Bat
Фота: Creative Nature / iStock

Чым дапамогуць даследаванні?

Біятэхналагічная кампанія Paratus Sciences інвеставала 100 мільёнаў даляраў у даследаванне кажаноў для стварэння новых лекаў, якія дапамогуць змагацца з вірусамі, а таксама, патэнцыйна, з ракам, дыябетам і старэннем.

Paratus вывучае фізіялогію кажаноў, а таксама іх геном і ствалавыя клеткі. Кампанія параўноўвае даныя пра розныя віды жывёл — кажаноў-доўгажыхароў і кажаноў, якія жывуць кароткі час, кажаноў, якія хварэюць на рак, і тых, якія не хварэюць, кажаноў, якія харчуюцца казуркамі, і тых, якія харчуюцца садавіной і нектарам.

Вялікія круглыя ствалавыя клеткі кажаноў, атрыманыя даследчыкамі ў лабараторыі, моцна адрозніваюцца ад клетак іншых сысуноў. У іх ёсць малюсенькія бурбалкі, што змяшчаюць вірусападобныя структуры, і гены, якія актывуюцца, калі вірус заражае клетку. Многія вірусныя гены інтэграваныя ў іх геном — у гэтым можа быць сакрэт непрабівальнасці абароны кажаноў ад вірусаў.

Яшчэ адно пытанне, што цікавіць даследчыкаў, — як кажаны спраўляюцца з вялізнымі дозамі глюкозы, якая выклікалі б праблемы з абменам рэчываў у любога чалавека. Адказ на гэта пытанне мог бы даць разуменне таго, як кантраляваць такое захворванне, як дыябет.

Чытайце яшчэ:

Дзе шукаць кажана-гіганта і рабога сусліка? Сем захапляльных фактаў пра дзікую прыроду Беларусі

У адным з гродзенскіх інтэрнатаў пасялілася сотня кажаноў

«Цяпер я маці барсукоў». Мінчанка пераехала на Палессе і стала правадніцай па дзікай прыродзе

У іх цячэ самая каштоўная кроў у свеце. Яна блакітная і лечыць людзей

Каментары1

  • Суйміцеся
    24.04.2023
    Суета сует.

Цяпер чытаюць

Азараў адкрыў у Варшаве дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс»

Азараў адкрыў у Варшаве дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс»

Усе навіны →
Усе навіны

У трансляцыі інаўгурацыі Лукашэнкі выкарысталі камп'ютарную графіку. Вось у якім моманце17

«Я схапіў яе за сцёгны, каб не паслізнуцца». У Парыжы ідзе судовы працэс над Жэрарам Дэпард'ё па абвінавачванні ў сэксуальным гвалце5

Колькі ў Беларусі можна зарабіць на валасах? Іх набываюць нават з вошамі3

Джэй Дзі Вэнс вырашыў далучыцца да жонкі падчас візіту ў Грэнландыю. На востраве візіт назвалі правакацыяй4

Рубель умацоўваецца. Што гэта азначае для эканомікі і для кашалькоў5

«Ён добры чалавек». Трамп не стаў звальняць свайго дарадцу пасля ўцечкі інфармацыі ў чат Signal8

Як беларусы па ўсім свеце адзначылі Дзень Волі ФОТЫ8

Еўрапейскія кампаніі адмаўляюцца ад амерыканскіх сэрвісаў праз Трампа6

Брэсцкі блогер паказаў, як кітайскі электракар бачыць зданяў на могілках ВІДЭА2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Азараў адкрыў у Варшаве дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс»

Азараў адкрыў у Варшаве дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць