Кватэры ў новабудоўлі ў цэнтры Гродна распрадалі за лічаныя хвіліны, але толькі зірніце, што там набудавалі
У новым квартале побач з гістарычным цэнтрам Гродна кватэры распрадалі за 2,5 хвіліны. На жаль, на такое жытло ўсё яшчэ ёсць попыт.

Што за дом і чаму такі попыт?
Новы квартал будуецца ў непасрэднай блізкасці ад гістарычнага цэнтра Гродна, дзе раней знаходзіліся гаражы і склады. І гэта, бадай, адно з апошніх, калі не апошняе месца ў цэнтры, дзе можна пабудаваць квартал са шматкватэрнымі дамамі.
Квартал будзе складацца з шасці шматпавярховікаў вышынёй ад 6 да 10 паверхаў, у якіх будзе 570 кватэр. Забудоўшчык — «Гроднажылбуд», які вядомы будаўніцтвам аднастайных панэлек.

Нягледзячы на тое, што там і без таго самы дарагі квадрат у дамах, якія будуе «Гроднажылбуд», кватэры ў гэтых панэльках карыстаюцца шалёным попытам.
Напрыклад, так было яшчэ ў снежні мінулага года, калі кватэры ў 10‑павярховым доме разабралі за гадзіну.
Хто не паспеў — той праляцеў
Днямі забудоўшчык запусціў анлайн-рэгістрацыю для браніравання кватэр а 12‑й гадзіне 28 мая і, па словах людзей, якія не паспелі зарэгістравацца, усе 100 месцаў у анлайн-чарзе ў доме на 90 кватэр разабралі за 2,5 хвіліны.

Праз гэта людзі, якім не хапіла месцаў, гатовыя за грошы выкупіць месца ў чарзе на куплю кватэры.

«Гродна! Хто сёння паспеў зарэгістравацца на новабудоўлю на Астроўскага, 4, звяжыцеся са мной, гатовы выкупіць ваша месца», — напісаў мужчына ў Трэдсе.
Пазней мужчына адпісаў, што, дзякуючы Трэдсу, знайшліся добрыя людзі, гатовыя аддаць сваю рэгістрацыю за сімвалічную плату, але ўсё гэта аказалася бессэнсоўным, бо ў «Гроднажылбудзе» не далі магчымасці памяняцца з іншым чалавекам.
Маўляў, калі сам зарэгістравацца не паспеў, то, лічы, ты праляцеў, дадае ён.
І калі перакупіць месца ў чарзе немагчыма, то перапродаж кватэры цалкам рэальны.
У забудоўшчыка квадрат у двушках каштаваў 3500 рублёў. У адным з суседніх дамоў аналагічную планіроўкай і памерам кватэру на 55,8 метра прадаюць за 220 тысяч рублёў (80 тысяч даляраў), што амаль па 4000 рублёў за метр.

Адметна, што 3 500 за метр ад забудоўшчыка і 4 000 ад прыватніка — гэта не самы дарагі квадрат у гэтым квартале.
У доме на рагу метр у аднапакаёўках на 50 квадратаў прадаецца па 4 500 рублёў (каля 1 600 даляраў). У двухпакаёўках на 85 метраў — па 3 900 рублёў (каля 1 380 даляраў), а ў трошках на 90 квадратаў метр па акцыі каштуе 3 600 рублёў (каля 1 272 даляраў). Гэта пры тым, што сярэдні кошт метра жытла ў Гродне складае каля 1 163 даляраў.
Чаму такі попыт на кватэры ў квартале на Астроўскага?
Нягледзячы на тое, што гэта і без таго самае дарагое жытло ад забудоўшчыка, шалёны попыт на кватэры ў гэтым квартале перш за ўсё абумоўлены не тым, што само па сабе жытло якасна іншага ўзроўню, а перш за ўсё лакацыяй.
Бо фактычна гэта шараговыя панэлькі ад «Жылбуда» без падземных парковак і іншых атрыбутаў якаснага дарагога жытла.
Па словах месцічаў, якія цікавіліся купляй нерухомасці ў гэтым квартале, многія аб'екты выкупляюць дзеля таго, каб пасля можна было выгадна здаваць кватэры на суткі, бо гістарычны цэнтр там літаральна за пару крокаў.

Кажуць, што кватэры ў гэтых дамах выкупляюць у тым ліку сталічныя інвестары. А паколькі пад здачу ў асноўным бяруць невялікія па плошчы кватэры, то менавіта на іх самы вялікі попыт, бо ў некаторых дамах, якія ўжо дабудавалі, у самога забудоўшчыка ёсць па некалькі кватэр. Але гэта жытло з вялікай квадратурай.
Дорага, але не крута?
Нягледзячы на высокі попыт і выдатную лакацыю, многім гараджанам недаспадобы гэты квартал праз тое, што гэта шараговыя панэлькі, якія ўваткнулі амаль у самы цэнтр горада. Пра рэакцыю гараджан на гэтую забудову «Наша Ніва» пісала раней.
У прыватнасці краязнаўца Мечыслаў Ян Супрон, які шмат гадоў змагаецца за захаванне гістарычна-культурнай спадчыны Гродна, называе такую забудову ў цэнтры жахлівай.

Многія гарадзенцы лічаць, што ў такой лакацыі варта было будаваць сучаснае нізкапавярховае жытло, а не панэлькі вышынёй да дзесяці паверхаў. Тым больш, што калі і такія кватэры разбіраюць як гарачыя піражкі, то цалкам магчыма, што быў бы попыт і на больш дарагое, але больш сучаснае жытло, якое магло б стаць годным працягам старога горада, а не чарговым кварталам са шматпавярховымі панэлькамі, якімі забудоўваюць ускраіны.
Каментары