Меркаванні66

Бясконцае цярпенне беларусаў — праўда ці міф? Сацыёлаг Генадзь Коршунаў разважае пра страх і тлумачыць логіку цяперашніх рэпрэсій

«Рэжым сваю хваробу пераносіць на народ і хоча гвалтам вярнуць людзей назад у часе. Масавыя рэпрэсіі — стратэгія, каб трымаць усіх пад дамоклавым мячом затрымання ў любы час за любое дзеянне цяпер ці ў мінулым». Старшы аналітык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў аналізуе, як працуе рэпрэсіўны каток і як пад ім змяняюцца беларусы.

Тры ўзроўні рэпрэсій

Сацыёлаг выдзяляе тры ўзроўні рэпрэсій.

Першы — чысткі на прадпрыемствах. Калі з палітычных матываў людзей звальняюць з працы, не працягваюць ім працоўныя кантракты. Статыстыкі такіх звальненняў няма, але па звестках, якія трапляюць да журналістаў і праваабаронцаў, бачна, што гэта ідзе па ўсёй краіне.

Другі ўзровень — сістэматычныя арышты за падзеі 2020—2022 гадоў. Калі ідзе адпрацоўка розных спісаў — хто данаціў на дапамогу пацярпелым, хто затрымліваўся па адміністрацыйных артыкулах і г. д.

Трэці ўзровень — узровень рэакцыі, калі па такіх спісах (тэрытарыяльна ці па прафесійнай прыналежнасці, у залежнасці ад кожнага канкрэтнага выпадку) адпрацоўваюць людзей па факце нейкай падзеі. Як, напрыклад, пасля дыверсіі ў Мачулішчах.

«Яшчэ адна добрая ілюстрацыя: здараецца нешта, што не мае нават палітычнай падкладкі, а сілавікі ўключаюць рэжым «хапуну». Менавіта гэта мы назіралі пры затрыманнях падлеткаў з субкультуры «ПВК Родан».

Гэта адна і тая ж стратэгія — масавыя рэпрэсіі, каб трымаць людзей усіх узростаў усіх прафесій на ўсёй тэрыторыі Беларусі пад дамоклавым мячом затрымання ў любы час за любое дзеянне зараз ці ў мінулым». 

Чаму вал рэпрэсій не спадае

Таму, што рэпрэсіі не змяншаюцца, Коршунаў бачыць некалькі прычын.

«Па-першае, пасля 2020-га вялікі кавалак улады адгрызлі сабе сілавікі: яны паказалі, што яны апора ўлады, яны змаглі давесці, што без іх Лукашэнка страціў бы ўладу — і праз гэта яны робяць тое, што ўмеюць. А ўмеюць яны ціснуць, арыштоўваць, гвалтаваць і гэтак далей.

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў. Фота: фэйсбук Коршунава

Другі, таксама немалаважны момант палягае ў тым, што нічога іншага ўлада не здольная зрабіць. Калі паглядзець на мінулыя тры гады, выявілася, што ўладам проста няма чаго прапанаваць народу. Прынцып «пугі і перніка» вядомы ўсім.

Дык вось, пугай улада працуе вельмі ўдала — напрактыкаваліся. А дзе пернік?

Планаў на будучыню, бачання развіцця краіны няма, эканамічных паляпшэнняў не назіраецца. Адзінае, што здолелі з сябе выціснуць за тры гады, — выдаць указ пра замарозку цэн. Усё! А цяпер уключылі здзеклівае паніжэнне цэн на аўтамабільнае паліва: раней штомесяц падымалі на 2 капейкі, а цяпер з такой жа рэгулярнасцю зніжаюць ужо на капейку. 

У палітычным плане мы назіраем выключна прапаганду і папулізм: вакол ворагі, здраднікі, адзінае апірышча ў Беларусі — Лукашэнка. Адзінае, што цяпер працуе ў прапагандысцкай рыторыцы, — гэта тое, што беларускіх войскаў няма ва Украіне. Але і тут пытанне: як беларусы адрэагуюць на перспектыву размяшчэння ядзернай зброі на сваёй тэрыторыі?

Да ўсяго трэба дадаць псіхалагічную траўму, якую атрымаў і Лукашэнка, і ягоныя зацятыя прыхільнікі ў 2020-м. Навукоўцы называюць гэта «зломам анталагічнай бяспекі», калі казаць па-простаму — зламалася іх карціна свету, у якой яны былі цэнтрам, у якой прыхільнікаў Лукашэнкі была большасць, у якой, як сказаў нехта з сілавікоў, беларусы былі «ціхай спакойнай нівай», з якой можна было рабіць што заўгодна.

Калі ў галаве ламаецца сістэма ўспрыняцця свету, то гэта вельмі балюча. І цяпер дубінкамі яны намагаюцца закалаціць назад у людскія галовы зламаную карціну свету. Сваю хваробу яны пераносяць на іншых і хочуць гвалтам вярнуць людзей назад, у стан да 2020 года, такім чынам «перагарнуўшы старонку». Але гэта так не працуе. 

Таму рэпрэсіі застаюцца адзіным і палітычным, і эканамічным, і сацыяльна-псіхалагічным чыннікам іхняга існавання».

Які ўзровень страху ў беларускім грамадстве?

Ацэньваць узровень страху па адчуваннях Коршунаў не бярэцца.

«Акрамя знешніх фактараў: ціску, рэпрэсій, якія дакаціліся ці не да кожнага, — пачынаюць дзейнічаць іншыя законы. Пастаянна жыць у стане стрэсу проста немагчыма — псіхіка не вытрымлівае. Таму працуюць механізмы ментальнай самаабароны, калі людзі самаізалююцца ад праблем, занурваюцца ў паўсядзённасць, менш чытаюць навіны. Выбудоўваюць дыстанцыю паміж стрэсавай сітуацыяй і сваёй псіхікай, іначай псіхіка не вытрымае. 

Што і на якім узроўні працуе — гэта глыбокая праблема, якую трэба было б вывучаць комплексна: і сацыялагічнымі, і сацыяльна-псіхалагічнымі, і чыста псіхалагічнымі даследаваннямі. 

Да ўсяго трэба дадаць і фактар расійска-ўкраінскай вайны, які ўплывае значна на агульную сітуацыю. Па некаторых звестках бачна, што перспектыва ўступлення Беларусі ў вайну (не проста даць тэрыторыю, а непасрэдна войскам) для часткі грамадства больш стрэсагенны фактар, чым рэпрэсіі ў краіне».

Як доўга беларусы гатовыя цярпець?

Сацыёлаг разважае наконт таго, да якіх межаў можна трымаць грамадства ў страху, і ці праўдзівы міф пра бясконцае цярпенне беларусаў.

«На гэтае пытанне можа адказаць толькі гісторыя. У такіх выпадках я раблю спасылку на 2022 год: хто мог прагназаваць рэйкавую вайну падчас наступу расіян з тэрыторыі Беларусі? Ніхто, відаць. Дагэтуль працуе «Беларускі Гаюн»: дзякуючы беларусам у краіне любыя перасоўванні і вайсковай тэхнікі, і вайсковых часцей становяцца вядомымі. Пры ўсім ціску і рэпрэсіях.

Таму тут пытанне хутчэй не пра тое, колькі часу людзі могуць трываць. З аднаго боку, рэпрэсіі ідуць штодзённа, з іншага — людзі ўсё роўна выбудоўваюць механізмы самаабароны.

Але галоўнае пытанне: як будуць развівацца падзеі і з якой дынамікай? Як зрэагуе грамадства, калі адкрыецца акно магчымасцяў для яго?

Толькі на рэпрэсіях і атмасферы страху я б не зацыкліваўся — на праблему трэба глядзець шырэй».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары6

  • ты змагар, ці халуёк пры пагонах?
    10.04.2023
    Чаркашкварка, Змагацца ва ўмовах канцлагера, калі над людзьмі стаіць гаўляйтэр з карнікамі і зброяй, могуць толькі сапраўдныя героі. Не трэба абесцэньваць учынкі тых, хто змагаўся і змагаецца. Ды і дзе ты сам, каментатар? У турме сядзіш? Ці можа в/ч самаробнай выбухоўкай закідваеш? А мо ў брсм план па гнілым каментам робіш?
  • Valadzimir
    10.04.2023
    [Рэд. выдалена]
  • Федзя
    11.04.2023
    Ну что тут сказать? Только одно, это ХОРОШО! Жаль что мало! За выбор 1994 года, народец должен хорошенечко настрадаться!

Цяпер чытаюць

«Абмяркоўваем пытанне аб вызваленні яшчэ 1300 зняволеных». Трамп расказаў, пра што гаварыў з Лукашэнкам27

«Абмяркоўваем пытанне аб вызваленні яшчэ 1300 зняволеных». Трамп расказаў, пра што гаварыў з Лукашэнкам

Усе навіны →
Усе навіны

Загінуў 20-гадовы лунінецкі міліцыянер5

Маладога айцішніка з Магілёва асудзілі па чатырох палітычных артыкулах і адправілі ў калонію2

Кіты, карабель-прывід і чырвонае святло: беларус перасёк Атлантыку пад ветразем3

Колькасць машын на польскай мяжы пераваліла за 3500 — гэта рэкорд6

Сустрэча Трампа і Пуціна пачнецца а 22-й гадзіне

Толькі 1% тых, хто выжыў пасля Хірасімы і Нагасакі, пасля памерлі ад ракавых хвароб, выкліканых радыяцыяй9

«Нёман» урваў перамогу ў «Клаксвіка» па пенальці і прабіўся ў плэй-оф кваліфікацыі Лігі канферэнцый13

Прарыў расіян каля Дабраполля: ці сапраўды УСУ ўдалося нейтралізаваць пагрозу2

Трамп спадзяецца на добрую сустрэчу з Пуціным, але не лічыць яе самай важнай5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Абмяркоўваем пытанне аб вызваленні яшчэ 1300 зняволеных». Трамп расказаў, пра што гаварыў з Лукашэнкам27

«Абмяркоўваем пытанне аб вызваленні яшчэ 1300 зняволеных». Трамп расказаў, пра што гаварыў з Лукашэнкам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць