Жыве 30 гадоў і сыходзіць у зімовую спячку. Дзе ў Беларусі можна сустрэць рэдкую балотную чарапаху?
Фатографка дзікай прыроды Іна Субоціна апублікавала кадры, якія марыла зрабіць некалькі гадоў. На іх — еўрапейская балотная чарапаха, занесеная ў Чырвоную кнігу. Дзе ў Беларусі можна паглядзець на гэтую рэптылію, і чаму яе так складана сфатаграфаваць у дзікай прыродзе, даведалася выданне «Смартпрэс».

«Мы з сябрамі паехалі на Палессе ў Жыткавіцкі раён паглядзець на белую сініцу.
Толькі спыніліся на дамбе каля вёскі Крэмнае: у вадзе на ствале сядзіць чарапаха. Грэецца. Імгненна вызначыла — гэта ж еўрапейская балотная чарапаха!
Столькі гадоў марыла яе зняць», — расказвае Іна Субоціна.
Іна — фатографка, у якой нядаўна прайшла выстава «Беларусь — краіна райскіх птушак». Як толькі заканчваецца яе змена ў бальніцы, дзе яна працуе доктаркай, жанчына падарожнічае па краіне ў пошуках унікальных кадраў. Так выйшла і гэтым разам.
«Варта было нам з сябрамі падысці бліжэй, чарапаха тут жа нырнула ў ваду, — успамінае Іна. — Усе разышліся, а я засталася чакаць. Села ў траву, замёрла, у галаве прачнулася: «Тут жа кляшчы! Нічога страшнага, страсу».
Спачатку з'явілася адна чарапаха, потым другая. Вылезлі на сушу, сталі грэцца на сонцы. Здаецца, гэта былі самка і самец. Каб вы разумелі, пакуль здымала, не варушылася, каб іх не напалохаць».

Еўрапейская балотная чарапаха занесеная ў Чырвоную кнігу Беларусі.
«У нас жыве некалькі тысяч такіх чарапах, гэта вельмі мала. Да меліярацыі Палесся яна была звычайным відам, — адзначае біёлаг Аляксандр Вінчэўскі. —
У сярэднім еўрапейская балотная чарапаха жыве 30 гадоў. І не кожны год размнажэнне заканчваецца поспехам: іх яйкі любяць лісы і крумкачовыя птушкі. Дарэчы, яйкі яны закопваюць у пясок на сушы, як і марскія чарапахі».
Пастаянна балотная чарапаха жыве на Палессі, хоць асобных жывёлін можна ўбачыць у любым раёне краіны. Але шанцаў больш каля Пружанаў, Белаазёрска, Целяхан, Дзякавіч, Добруша, у Жыткавіцкім раёне.
Дарэчы, вясна — гэта час, калі балотная чарапаха з'яўляецца пасля працяглай зімоўкі. Яна закопваецца ў глей у кастрычніку-лістападзе і можа спаць так 4-6 месяцаў.

Яна добра плавае і нырае, можа доўга заставацца пад вадой. На паверхню падымаецца праз кожныя 15-20 хвілін, каб глынуць паветра. Харчуецца жукамі, чарвякамі, макрыцамі, малюскамі.
За сезон самка робіць 1-3 кладкі па 5-10 яек у кожнай, але праблема ў вельмі высокім узроўні смяротнасці чарапашак — ад 15-20%, а часам у кладцы гінуць усе яйкі. Паводле прыкладных ацэнак, да вясны наступнага года дажывае не больш за 5% агульнай колькасці новай генерацыі.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
на ўскрайку горада. Пасля спаду вады зручна адшукваць па шамаценні на
глеіста-травяной корцы.