Беларускія памежнікі абвінавацілі літоўскага калегу ў парушэнні мяжы. Літоўцы не пярэчаць
Супрацоўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы падчас афармлення грамадзян у пункце пропуску «Меднікі» («Каменны Лог») 13 ліпеня парушыў беларускую мяжу, як паведаміла сёння прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі. Літоўцы ў прынцыпе не пярэчаць, што інцыдэнт мог быць, але адмаўляюць злы намер.

«Узброены прадстаўнік літоўскага памежнага ведамства зайшоў на беларускую тэрыторыю на некалькі метраў і вярнуўся назад. Інцыдэнт зафіксаваны камерамі назірання. Пра факт незаконнага перасячэння беларускай мяжы ў акрэсленым парадку праінфармаваны сумежны бок», — гаворыцца ў паведамленні ДПК.
Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, у сваю чаргу, паведаміла, што ў чацвер яе службовая асоба сапраўды магла зайсці на тэрыторыю Беларусі. Як паведаміла служба, у чацвер у другой палове дня да памежнікаў, якія працуюць на прапускным пункце ў Медніках, звярнулася жанчына з немаўлём на руках, якая рухалася ў Літву, і сказала, што хоча хутчэй перасекчы мяжу.
«Калі памежнік пачаў суправаджаць яе да аўтамабіля, па папярэдніх звестках, па неасцярожнасці ён мог заступіць на беларускі бок», — паведаміла служба.
У яго не было службовай зброі. Памежнік служыць у САДМЛ два тыдні. У сувязі з тым, што адбылося, у віленскім падраздзяленні САДМЛ распачата службовая праверка, вядзецца ўдакладненне абставін.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары