11 жніўня Віталю Тысеву са Стоўбцаў у нямецкай клініцы «Шарытэ» зрабілі складаную аперацыю на пазваночніку, вялікія грошы на якую збіралі беларусы ўсёй супольнасцю. Цяпер «Радыё Свабода» апублікавала відэа, на якім Віталь ужо спрабуе хадзіць.

Падчас зняволення ў 2020 годзе ў жыхара Стоўбцаў Віталя Тысева абвастрылася хранічнае захворванне. Пасля ўцёкаў з Беларусі лекары дыягнаставалі ў Тысева сур’ёзную праблему.
Віталю сабралі грошы на лячэнне — амаль 20 тысяч еўра. Аднак польская клініка ў апошні момант пабаялася рабіць складаную аперацыю і адмовілася. Таксама Тысеў прайшоў абследаванне ў Літве, але і там атрымаў адмову ў аперацыі.
Берлінская клініка «Шарытэ» пагадзілася прыняць беларуса і зрабіць аперацыю. Цана яе — 55 100 еўра, і на гэтую суму таксама збіраюць ахвяраванні.
Шмат гадоў таму ў Віталя Тысева была траўма пазваночніка, але яна дазваляла яму жыць і працаваць. Складанасці пачаліся ў 2020 годзе, калі арышт у ізалятары справакаваў запаленне.
У Віталя развіўся анкілазіруючы спандыліт (аўтаімунная хвароба злучальнай тканкі), зрасліся ўсе суставы пазваночніка і іншыя суставы. Лекары казалі, што калі ў найбліжэйшыя тыдні не зрабіць аперацыі, то мужчыну можа паралізаваць.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары