Генпракурор распавёў, колькі «экстрэмісцкіх» злачынстваў налічыла яго ведамства з 2020 года
У Беларусі па-ранейшаму ідзе «праца па выяўленні і ліквідацыі арганізацый дэструктыўнай накіраванасці», а «калектыўны Захад працягвае спробы дэстабілізаваць абстаноўку ў Беларусі», заявіў на форуме генпракурораў краін ШАС генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед, перадае «Спутнік».

Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед заявіў, што з 2020 года ў краіне зарэгістравалі больш за 16 тысяч злачынстваў «экстрэмісцкага» характару. Пад гэтым эўфемізмам хаваюцца справы палітычнага толку.
Як сказаў Швед, у Беларусі па-ранейшаму працягваюць выяўляць і ліквідаваць арганізацыі дэструктыўнай накіраванасці. Так лукашэнкаўцы называюць непадкантрольныя сабе ініцыятывы.
Паводле яго, больш за 70% злачынстваў «экстрэмісцкага» характару ўчынена з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій, таму «інфармацыйнай прасторы сёння нададзеная асаблівая ўвага».
Па словах Шведа, колькасць экстрэмісцкіх злачынстваў у краіне «значна зменшылася і прадаўжае зніжацца, а грамадска-палітычная сітуацыя стабілізавалася».
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі выбары суправаджаліся нерэгістрацыяй і арыштамі праціўнікаў Лукашэнкі і назіральнікаў на выбарчых участках. Нягледзячы на гэта, Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы са звестак з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграваў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў улады.
З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць і за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.
За гэты час у краіне адбылося не менш за 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары