Грамадства1010

«Дні і месяцы, калі я проста была адна». Блогерка Ася Паплаўская расказала, як рыхтавалася стаць манашкай і чаму не стала

Немагчымасьць карыстацца сацсеткамі і навіны аб пратэстах і рэпрэсіях ад знаёмых. У манастыры Паплаўская пражыла пяць гадоў, цяпер вымушаная будаваць жыцьцё з нуля.

Ася Паплаўская ў манастыры
Ася Паплаўская ў манастыры

Блогерка і журналістка Ася Паплаўская ў 2019 годзе пайшла ў каталіцкі кляштар. Там яна правяла 5 гадоў у падрыхтоўцы да прыняцьця манаскіх абяцаньняў. За гэты час у Беларусі прайшлі пратэсты 2020-га, хваля рэпрэсій і масавая эміграцыя з краіны. Ася таксама выехала зь Беларусі, але не з прычыны рэпрэсій, а ў межах падрыхтоўкі да прыняцьця манаскіх абяцаньняў. У выніку ёй адмовілі і цяпер Ася вяртаецца да сьвецкага жыцьця. У размове з «Радыё Свабода» яна ўпершыню расказала пра тое, якімі былі яе апошнія гады.

«Я была ў шоку, калі атрымала адмову ад кіраўніцы манастыра ў прыняцьці манаскіх абяцаньняў, бо ў мяне не было іншых плянаў на жыцьцё. Цяпер я стараюся апамятацца. У Польшчы, апроч манастыра і знаёмых сясьцёр, па сутнасьці, нікога няма. Я шукаю жыльлё і працу. Пяць гадоў я не была ў прафэсіі, гэта вельмі шмат, для журналіста гэта прафэсійная сьмерць. Але я веру: калі Госпад дапусьціў, што мой лёс складваецца так, то ён мне дапаможа прайсьці гэта шлях пасьпяхова», — разважае Ася.

Ася Паплаўская ў манастыры падчас пастуляту
Ася Паплаўская ў манастыры падчас пастуляту

Пасьля адмовы ў прыняцьці абяцаньняў чалавек ня можа больш знаходзіцца ў манастыры, тлумачыць суразмоўца. У каталіцкіх манастырах некалькі этапаў фармацыі. Калі чалавек толькі прыходзіць у кляштар, ён знаходзіцца на этапе кандыдатуры. Пасьля яго прымаюць у пастулят, наступны этап — навіцыят. Усе этапы вызначаюць настаяцелі.

«У мяне быў досыць доўгі пастулят, тры гады. Пасьля я паехала ў Польшчу, каб там распачаць наступны этап фармацыі, непасрэдна перад абяцаньнямі. Першы год навіцыяту — вельмі закрыты фармат. Чалавек толькі працуе і моліцца. У другім этапе навіцыяту ўжо ёсьць практыкі: праца ў каталіцкім садку, на кухні. Але і гэты этап закрыты ў пляне камунікацыі з вонкавым сьветам. Пасьля навіцыяту настаяцелі прымаюць рашэньне, ці дапускаць чалавека да першых манаскіх абяцаньняў», — расказвае Ася.

Прычынаў адмовы яна не называе. Сярод іх могуць быць розныя. Настаяцель проста можа палічыць, што чалавеку будзе цяжка. Гэтага дастаткова, каб адмовіць.

«Ёсьць тры манаскія абяцаньні: паслухмянасьці, чысьціні і беднасьці. Напрыклад, прыярыса бачыць, што чалавеку цяжка даецца паслухмянасьць — ня хоча працаваць, спрачаецца. Тады прыярыса разумее, што чалавеку будзе цяжка. Чалавек можа быць не гатовы прысьвяціць усё сваё жыцьцё таму, чым займаюцца сёстры. Бо ў іх абмежаванае кола заняткаў. Журналістам у манастыры ня будзеш», — прыводзіць прыклад суразмоўца.

Таксама ёсьць выпадкі, калі сёстры захапляюцца сьвятарамі, улюбляюцца, і ня ўсе могуць з гэтым справіцца. Гэта яшчэ адна з прычын выхаду з манастыра. Часам чалавек сам прымае рашэньне выйсьці перад даваньнем абяцаньняў.

Ася Паплаўская ў манастыры падчас пастуляту
Ася Паплаўская ў манастыры падчас пастуляту

«Не магла падтрымліваць сваіх»

Падчас выбараў і пратэстаў 2020 году Ася знаходзілася ў Беларусі і праходзіла пастулят. Тады ёй яшчэ можна было карыстацца тэлефонам, а ў Польшчы на наступным этапе інтэрнэтам карыстацца было ўжо нельга.

«У мяне ў Беларусі яшчэ быў тэлефон. Быў унутраны дыскамфорт ад таго, што я не магла падтрымліваць сваіх. У мяне былі абмежаваньні на карыстаньне сацыяльнымі сеткамі, я не магла прачытаць нейкі камэнтар, нешта напісаць. Усе абмяркоўвалі навіны, я сазвоньвалася зь сябрамі, ведала ад іх, што адбываецца. У Польшчы было яшчэ менш інфармацыі. Але нешта я даведвалася з каталіцкай прэсы, так я дазналася пра арышт нашай журналісткі Аксаны Ючкавіч», — прыгадвае Ася.

Аксана Ючкавіч працавала на партале catholic.by, яе арыштавалі 23 студзеня сёлета, пасьля прысудзілі 3 гады «хатняй хіміі» нібыта за арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Некаторыя навіны Ася прасіла паглядзець сясьцёр па кляштары.

«Я даведалася пра ад’езд зь Беларусі сьвятароў Вячаслава Барка, яшчэ аднаго знаёмага сьвятара. У Беларусі цяпер быць католікам — значыць быць палякам. А калі сьвятар ці сястра яшчэ і беларускамоўныя, то гэта момант незадаволенасьці ўлады. Пра шырокі перасьлед сясьцёр-манашак я ня ведаю. Але выехалі тыя, хто ня мог маўчаць і ня мог не выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю», — кажа Ася.

Па словах суразмоўцы, у беларусаў у Польшчы цяпер ёсьць свае сьвятары і яны могуць маліцца на сваёй мове.

«Глыбокая псыхатэрапія»

У кляштар Ася Паплаўская пайшла папулярнай блогеркай, журналісткай, а гэта шмат часу ў інтэрнэце і сацыяльных сетках. І раптам усяго гэтага больш нельга. Найбольш цяжка яна пераносіла дэфіцыт камунікацыі зь сябрамі ды знаёмымі.

«Ты адчуваеш сябе адарваным. Нібыта ты ўжо не ў Беларусі, але яшчэ не ў Польшчы. Па-чалавечы гэта цяжка. Дапамагала разуменьне, што гэта неабходны этап для ўсіх, хто прыходзіць у манастыр. Па-іншаму не бывае. Пасьля прынясеньня першых абяцаньняў сястра можа карыстацца тэлефонам і сацыяльнымі сеткамі, але з абмежаваньнямі», — расказвае Ася.

Ася Паплаўская ў манастыры падчас пастуляту
Ася Паплаўская ў манастыры падчас пастуляту

Час у кляштары Паплаўская параўноўвае з доўгай псыхатэрапіяй, але больш глыбокай.

«У мяне былі дні і месяцы, калі я проста была адна, бо нікога не было на маім этапе фармацыі. Калі чалавек увесь час адзін, то падчас малітвы пачынаеш па-новаму сябе ўсьведамляць. І гэта самапаглыбленьне дае зразумець, хто ты. Прыходзяць адказы на экзыстэнцыйныя пытаньні. Пасьля манастыра чалавек выходзіць зусім іншым», — гаворыць Ася.

Ася Паплаўская ў манастыры падчас навіцыяту
Ася Паплаўская ў манастыры падчас навіцыяту ў Польшчы

«Зразумела, што гэта маё месца»

У 2019 годзе Асю Паплаўскую запрасілі прачытаць лекцыю пра сацыяльныя сеткі ў парафіі.

«Мяне запрасіў ксёндз як журналістку, каб я правяла лекцыю пра этыку ў сацыяльных сетках. Я правяла занятак, мяне пасялілі там на пару дзён. У нейкі момант я ясна зразумела, што гэта маё месца. Гэта цяжка патлумачыць нават сабе самой. Я была ўпэўнена, што мне паказалі маё месца, што я прыйшла дадому і мушу быць тут».

Па словах Асі, у кляштар звычайна прыходзяць у больш маладым узросьце. Часта бяз досьведу дарослага самастойнага жыцьця.

«У кожнага свае прычыны. Я была нетыповым выпадкам, бо прыйшла ў манастыр у 31 год. Большасьць прыходзяць пасьля школы ці ўнівэрсытэту. Як правіла, у іх не было досьведу працы, дарослага жыцьця. Таму ім прасьцей успрымаць рэчаіснасьць. Гэта для іх варыянт уладкаваць сваё жыцьцё. А ў мяне быў досьвед абсалютна іншы. Але асноўнае, прыход у манастыр для ўсіх сясьцёр — вынік сустрэчы з Госпадам», — тлумачыць Ася.

Ася Паплаўская падчас навіцыяту ў Польшчы
Ася Паплаўская падчас навіцыяту ў Польшчы

«У любы момант могуць прыйсьці проста так»

Варыянт ехаць у Беларусь пасьля кляштара Ася не разглядала. Раней працавала журналісткай, у сябрах — экстрэмісты і неўязныя.

«Я разумею, што ў любы момант могуць да мяне прыйсьці проста таму, што я працавала журналісткай, пра мяне зьяўляюцца навіны ў незалежных СМІ. Тэма манастыра цікавая для чалавека, гэта такая тэра інкогніта, я хачу гэтым падзяліцца. А стаўшы суразмоўцам незалежных СМІ неразумна нават думаць ехаць у Беларусь», — падсумоўвае Паплаўская.

Каментары10

  • Прау́да ёсць!
    03.07.2024
    Твоя ошибка, милочка - блогерство!
    Иди и занимайся тем, что протянешь, монашество - не твоё!
  • исповедь бывшей послушницы
    03.07.2024
    "Журналістам у манастыры ня будзеш», — прыводзіць прыклад суразмоўца."
    а пасля манастыра? слабо праўду расказаць?
  • Юзик
    03.07.2024
    Прабачце мяне, канешне...
    Вообще, я считаю себя очень толерантным..
    Хоть геи, хоть цыгане, хоть ябацьки, хоть свидетели макаронного монстра..
    Но вот это, по-моему, уже чересчур.
    Именно тут напрашивается принудительное лечение.

Цяпер чытаюць

Удава Мікіты Мелказёрава ўпершыню публічна расказала пра ноч яго смерці

Удава Мікіты Мелказёрава ўпершыню публічна расказала пра ноч яго смерці

Усе навіны →
Усе навіны

Насупраць ЗАГСа Савецкага раёна Мінска адкрылася тэматычная зона адпачынку «Шлях да шчасця»5

Унікальныя здымкі будаўніцтва Старога моста ў Гродне. Хто фатаграфаваў небяспечныя кесоны, у якіх людзі рызыкавалі на дне Нёмана, каб паставіць апоры? ШМАТ ФОТА7

Купілі занядбаны дом, у які не хацелася заходзіць, і ператварылі ў цукерку5

Расіяне масавана атакавалі Адэсу

У адносінах бывае чатыры віды хлусні — але фінал адзін і той жа5

Мінчук зламаў шыю падчас адпачынку ў Пружанах1

Расіяніну, які п'яным пабіўся з ахоўнікамі мінскага метро, вынеслі прысуд10

Мінскія ўлады паказалі, як утылізуюць кінутыя машыны ВІДЭА1

«Беларусьфільм» распачаў здымкі серыяла пра міліцыю, сцэнарый якога прабіў Кубракова на слязу11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Удава Мікіты Мелказёрава ўпершыню публічна расказала пра ноч яго смерці

Удава Мікіты Мелказёрава ўпершыню публічна расказала пра ноч яго смерці

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць