Свет44

«Не знаходжу ніякіх адрозненняў ад Беларусі». Айцішнік расказаў, як жывецца і працуецца ва Узбекістане

Яўген (імя зменена) год таму пераехаў з Беларусі ў Узбекістан. Мужчына працуе там на мясцовую кампанію сістэмным адміністратарам, і ён расказаў Devby.io пра асаблівасці жыцця ў гэтай краіне.

Пераехаў ва Узбекістан у ліпені 2023 года — следам за жонкай. Яна працуе ў аўтсорс-кампаніі, якая прыняла рашэнне рэлакаваць сваіх супрацоўнікаў.

Увогуле былі і іншыя лакацыі на выбар, напрыклад, Грузія. Аднак мы гэтыя прапановы адхілілі — нам здавалася, што там дорага здымаць жыллё. Хоць цяпер і ў Ташкенце арэнда ўжо не такая танная.

Працу тут я знайшоў хутка — літаральна за тры дні. Шукаў праз hh.ru, тэлеграм-боты, а таксама мясцовыя сайты. Працадаўца — мясцовая прадуктовая кампанія, агрэгатар дастаўкі ежы — выйшаў на мяне сам праз hh.ru. Але цяпер ужо працую ў іншай кампаніі.

Працуецца тут, як і ўсюды — я не знаходжу ніякіх адрозненняў ад Беларусі. Патрабаванні тыя ж: галоўнае — рабіць сваю справу, закрываць задачы і не канфліктаваць з калегамі. Сувязь у офісе — на рускай мове, у нас шмат людзей з Расіі.

«Размаўляюць на «вы». Па-за офісам да цябе звяртаюцца: «аке» (брат) або «апа» (сястра)»

Калі трэба кудысьці ад'ехаць у працоўны час — пра гэта можна дамовіцца. Адпусцяць.

З цікавага: у пятніцу я не прызначаю ніякіх сустрэч і не планую нічога глабальнага. У Ташкенце ў гэты дзень многія ходзяць у мячэць у абедзенны час, каб зрабіць джума намаз (малітва). І таму да абеду нічога нельга вырашыць па працы, бо хутка на малітву, а пасля — таксама, бо не зразумела, калі супрацоўнікі вернуцца ў офіс.

Што яшчэ заўважыў: тут не крычаць і не размаўляюць на павышаных танах. І размаўляюць з табой на «вы» — так у узбекаў агульнапрынята. Дарэчы, па-за офісам да цябе звяртаюцца: «аке» (што значыць брат) або «апа» (гэта значыць сястра) — гэта мясцовая форма ветлівага звароту. І так, у Ташкенце ў цэлым усе людзі прыязныя і ветлівыя.

Неяк я захварэў — дык у офісе сказалі адлежвацца дома, але быць на сувязі. Так сабе варыянт, калі шчыра: табе ўсе тэлефануюць, пішуць, і ты не можаш не рэагаваць. У выніку наступным разам я аформіў афіцыйны бальнічны, каб мяне не турбавалі.

Дарэчы, прыезджыя, у каго часовая рэгістрацыя (а атрымаць яе не складае цяжкасцяў), абслугоўваюцца тут у дзяржаўных паліклініках бясплатна. Тут, вядома, тыя ж «арэлі», што і ў беларускіх установах: вялікія чэргі і ўсе «чыста спытаць». Але ўсё ж…

Мне тады не пашанцавала з лекарам: паставіў дыягназ ВРВІ і нават не прызначыў аналізы. Потым я для сябе ўжо схадзіў, зрабіў платна флюараграфію — і даведаўся ашаламляльную навіну: у мяне бранхіт.

«Экспаты цэняцца вышэй за мясцовых праграмістаў і заробкі ў іх большыя»

Замежныя грамадзяне плацяць ва Узбекістане падатак 12%. І я таксама.

У айцішнікаў — ва ўсякім разе ў рэзідэнтаў IT-park (аналаг нашага ПВТ) — падатковая нагрузка крыху меншая: з іх утрымліваюць 7,5% падаходнага падатку. Але нават яны бяруць цябе на працу як замежніка.

Я неяк размаўляў з хлопцам з Расіі, ён працаваў ва Узбекістане «па-чорнаму» — то-бок нелегальна. Расказваў, што многія працадаўцы не хочуць замарочвацца з афармленнем, бо за замежніка трэба заплаціць нейкую суму (але, можа, ён і памыляецца).

Дарэчы, айцішнікі тут, як і ў Беларусі, у павазе. Тут шмат ІТ-школ і курсаў, каб «увайсці ў айці». Але я чуў, што экспаты цэняцца вышэй за мясцовых праграмістаў і заробкі ў іх большыя. Чаму — не ведаю.

«Мясцовыя могуць пераходзіць па-за «зебрай» нават васьміпалосную дарогу»

У цэлым тут няма моцных адрозненняў ад жыцця ў Беларусі. Асноўная рэлігія — іслам, таму нямала жанчын ходзяць у хустках. Але калі жанчына ідзе не «пакрытая», ніхто не абураецца і пальцам на яе не паказвае.

Мая жонка за ўвесь час толькі раз надзела капюшон на галаву — падчас падарожжа ў Самарканд. Мы заходзілі на тэрыторыю храма — і гэта было абавязкова.

Варта асобна сказаць пра правы жанчын — з гэтым тут справы кепскія. Хоць актывісты працуюць над паляпшэннем сітуацыі — пра гэта шмат пішуць у навінах. І мясцовыя кажуць, што з прыходам да ўлады Шаўката Мірзіёева ўжо стала лепш.

У тыктоку шмат відэа пра дысцыплінаваных беларусаў, якія чакаюць зялёнага сігналу святлафора. Тут такога няма — мясцовыя могуць пераходзіць па-за «зебрай» нават васьміпалосную дарогу. Аднойчы я бачыў матулю, якая так пераходзіла дарогу з вазком.

На рэгуляваным скрыжаванні не варта спадзявацца на зялёнае святло святлафора. Пераходзіць дарогу трэба вельмі асцярожна. Як у Беларусі тут не пракоціць — за рулём шмат ліхачоў і проста абыякавых да правілаў людзей.

Яшчэ тут бываюць стыхійныя сметніцы — людзі проста скідаюць у купу смецце абы-дзе. Сметніц значна менш, чым у любым горадзе Беларусі. Вельмі многія кідаюць недапалкі на падлогу.

«Сувязь у краме адбываецца так: «Ваш ПІН 1234?» — «Так»

Таргавацца ва Узбекістане можна ўсюды — а на базары гэта наогул абавязкова. Кавуны тут прадаюцца паштучна незалежна ад вагі.

У крамах частая з'ява — спытаць пін-код ад тваёй карты (тут чамусьці мала дзе дазваляюць табе ўводзіць яго самастойна). Я ж выйшаў на новы ўзровень: у краме каля офіса, дзе купляю цыгарэты, наогул перасталі пытацца пін. Бо нашыя зносіны адбываюцца так: «Ваш пін 1234?» — «Так, 1234». С — сек’юрнасць!

На самай справе, першым часам мяне нават падкідала ад абурэння: «Ну як так?!» А цяпер ужо змірыўся.

Але пры гэтым тут вельмі развіты мабільны банкінг. Я забыўся, што такое наяўныя. Усе пераводзяць адзін аднаму грошы і праводзяць любыя разлікі праз пераводы. Нават у краме праз плацежныя сістэмы можна расплаціцца ці праз просты перавод на карту.

Па-за офісам я часта сутыкаюся тут з разгільдзяйствам: людзі робяць сваю працу «ад балды» — фактычна на адзін раз. І гэта амаль ва ўсім. Ствараецца ўражанне, што гэта характэрная рыса.

Тут вельмі развітае «таніш біліш» — кумаўство, на працу ўладкоўваюцца праз сваякоў або сяброў, праблемы вырашаюць праз іх. Такое я заўважаў і ў сваёй кампаніі: мой кіраўнік на мінулай працы быў сваяком дырэктара, але павінен заўважыць, што сваю працу ён рабіў добра.

А яшчэ тая самая кампанія некалі закупляла тэхніку ў нейкага сваяка аднаго з супрацоўнікаў, — і калі я стаў настойваць на змене пастаўшчыка, мне проста сказалі: «Тут цана ніжэйшая!» Я спрабаваў пратэставаць, маўляў, у гэтага пастаўшчыка вельмі доўгі цыкл гарантыйнага абслугоўвання, але мае довады не прынялі.

«Пераехалі ў двухпакаёўку за 500 даляраў. Раён класны, але некалькі разоў на месяц адключаюць электрычнасць»

Я ўжо казаў, што арэнда жылля ў Ташкенце не з самых танных. Мы з жонкай спачатку здымалі жыллё за $700 — гэта была двухпакаёўка ў новабудоўлі. Здавалася б, усё нічога: наш ЖК быў з аховай і прыбіральшчыкамі, побач — тэкстыльная фабрыка, таму ў нас заўсёды была электрычнасць (пазней мы даведаліся, што не ўсюды так). І ўсё ж нам там не спадабалася.

Мы пераехалі ў двухпакаёўку за $500 у доме савецкай пабудовы ў цэнтры. Раён класны. Але некалькі разоў на месяц адключаюць электрычнасць на працягу дня (яна можа быць адсутнай некалькі хвілін, а можа і некалькі гадзін) — на мой погляд, гэта вельмі часта: не памятаю, каб у Беларусі святло ў нашым доме адключалася хаця б два разы на год.

Калі электрычнасць адключаецца, мая жонка, якая працуе дыстанцыйна, ідзе з ноўтбукам у кавярню, дзе ёсць святло — у некага не адключаюць, а нехта ўсталёўвае рэзервовы генератар (такое, дарэчы, тут вельмі распаўсюджана).

Я думаў, як вырашыць праблему, але зразумеў, што на гэта ніяк не паўплываеш: мяркую, што энергасеткі не былі разлічаныя на такі бурны рост горада. Тут паўсюдна будаўніцтва — а кабелі старэнькія, і, па маіх назіраннях, іх не мяняюць. Як рашэнне: улады прымушаюць прыватнікаў ставіць сонечныя батарэі.

Раскажу яшчэ пра камунальныя плацяжы. Спачатку мы плацілі за электрычнасць і ваду $6 у месяц, у чэрвені змяніліся тарыфы, і цана ўзрасла ў 5 разоў: наш апошні рахунак за электрычнасць і ваду (у жніўні) склаў $30.

Прадукты ва Узбекістане каштуюць плюс-мінус як у Беларусі. Садавіна і гародніна таннейшыя — як мінімум у два разы. Але затое давядзецца напружыцца, каб купіць свініну — тут яна прадаецца толькі ў спецыяльных крамах. І так, яна нятанная. Я некалі купляў кавалак вэнджанай свініны, не памятаю, які па вазе — кубік памерам 10×10×10 см, аддаў за яго $5.

Алкаголь тут не купіш паўсюдна — нават у вялікіх крамах, як «Еўраопт». Трэба ісці ў алкамаркет. Піва часта бывае ў ларках і маленькіх крамах. Ну і па цане як у Беларусі.

«У «чылю» таксіст не бярэ дадатковую плату за працу кандыцыянера»

У цэлым мне ва Узбекістане падабаецца: праблем з-за няведання узбекскай мовы я не адчуваю (выключэнні вельмі рэдкія). Мясцовы клімат цёплы. Ёсць перыяд у годзе, які называецца «чыля» — у гэты час тэмпература перавышае +40. І гэта доўжыцца прыкладна 1,5-2 месяцы.

У «чылю» мясцовыя п'юць шмат вады і пастаянна хаваюцца ў цень. А яшчэ ў гэты час не трэба прасіць кіроўцу таксі ўключыць кандыцыянер — і, здаецца, таксіст не бярэ дадатковую плату за гэта (так, у іншы час у кошт паездкі ўключаецца праца кандыцыянера).

Восень ва Узбекістане класная. Я дагэтуль хаджу ў футболцы. У мінулым годзе ў гэты самы час я запісваў «кружочак» для сябра, і ён здзіваўся, што ўсё вакол яшчэ зялёнае.

Каментары4

  • Ахаха, ыліьнае жытло
    28.09.2024
    «Пераехалі ў двухпакаёўку за 500 даляраў. Раён класны, але некалькі разоў на месяц адключаюць электрычнасць».
  • Ну на-ер
    28.09.2024
    Пачытаў і зразумеў, што ва Ўзбекістан дакладна ехаць не трэба. Спякотна, мясцовы "каларыт", шмат расейцаў і адсутнасць доўгатэрміновай перспектывы. У Еўропе хоць бы ёсць сэнс жыць калі не для сябе, дык дзеля будучыні дзяцей: каб атрымалі адукацыю, вывучылі мовы і мелі шмат магчымасцяў. А ў Ташкенце што? Таніш біліш.
  • cat and duck lives matter
    28.09.2024
    Он там бараньих лампочек объелся

Цяпер чытаюць

Муж Сямашкі быў не адзіным, хто атрымаў пашпарт прыкрыцця 13 лютага 2018 года39

Муж Сямашкі быў не адзіным, хто атрымаў пашпарт прыкрыцця 13 лютага 2018 года

Усе навіны →
Усе навіны

Маладыя бацькі ў 100 гадоў. У пары галапагоскіх чарапах упершыню нарадзіліся дзеці

Трамп пракаментаваў падзенне фондавага рынку з-за ўвядзення пошлін4

Еўрапейскі ўніверсітэт залічыў першага студэнта — штучны інтэлект

Мора на майскія: дзе адпачыць і колькі будзе каштаваць2

«Прыехала, каб шэсць гадзін паглядзець тэлевізар». Беларуску са статусам уцекача не пусцілі ва Украіну без візы8

На Ліманскім напрамку ва Украіне абвастраецца сітуацыя1

Журналісты высветлілі, як рэдактара Atlantic дадалі ў чат аб ударах па Емене. Яго зблыталі з чыноўнікам Трампа2

«Традыцыйная жонка» — модны рух, якім захапілася моладзь44

На БТ паказалі затрыманага кіроўцу, які ехаў на бусе з выбухоўкай19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Муж Сямашкі быў не адзіным, хто атрымаў пашпарт прыкрыцця 13 лютага 2018 года39

Муж Сямашкі быў не адзіным, хто атрымаў пашпарт прыкрыцця 13 лютага 2018 года

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць