Ціханоўская пра ліст часткі былых палітвязняў: Такія адкрытыя лісты трэба пісаць Лукашэнку
«Мы на што спадзяёмся? На праяву гуманізму з боку Лукашэнкі? Ну я б на гэта не спадзявалася».

Святлана Ціханоўская ў інтэрв'ю DW Беларусь у Берліне растлумачыла сваю пазіцыю наконт адкрытага ліста групы былых палітвязняў да еўрапейскіх лідараў і Еўрасаюза. Аўтары ліста заклікаюць Еўропу больш актыўна спрыяць вызваленню палітвязняў у Беларусі. Ціханоўская кажа, што падтрымлівае ўсе яго месэджы, аднак, паводле яе слоў, ліст адрасаваны не таму, каму трэба, і «можа проста расколаць грамадства».
Журналістка Аляксандра Багуслаўская нагадала, што Ціханоўская падтрымала ліст і нават казала, што падпісала б яго, калі б мела такую магчымасць. Тым не менш у грамадстве склалася ўражанне, што яна выступае супраць.
«Я запісала відэазварот, што я падпісваюся пад кожным месэджам, які там прапісаны, бо ўсе мы, беларусы і дэмакратычнае грамадства, хочам, каб людзей вызвалілі, хочам, каб рэпрэсіі спыніліся, каб людзі маглі вярнуцца дадому і каб транснацыянальныя рэпрэсіі спыніліся», — сказала Ціханоўская.
«Адзінае, у мяне выклікаў пытанні адрасат гэтага ліста. Ён быў накіраваны еўрапейскім партнёрам, нібыта яны адказныя за тое, што адбываецца ў Беларусі. Адрасат гэтага ліста — гэта Лукашэнка. Мы ўсе ведаем, хто саджае людзей, хто працягвае барацьбу супраць беларусаў. Такія адкрытыя лісты трэба пісаць і ў той бок таксама», — заявіла палітык.
Ціханоўская расказала, што нядаўна разам з тымі, хто пісаў і падпісваў ліст, сустракалася з еўрапейскімі партнёрамі. Паводле яе слоў, тыя растлумачылі, што спробы ўзаемадзейнічаць з рэжымам працягваюцца ўсе шэсць гадоў: Лукашэнку тэлефанаваў Макрон, у Мінск ездзяць дэлегацыі Еўрасаюза і асобных краін.
«Справа ў тым, што рэжыму [гэта] нецікава, ім не хочацца гаварыць пра вызваленне людзей. У іх адзін адказ: у нас у турмах злачынцы, у нас няма палітвязняў. Давайце пагаворым пра бізнэс, пра гандаль, пра зняцце санкцый, але ніяк не пра людзей», — сказала Ціханоўская.
Яна лічыць, што пазіцыю ЕС чамусьці падаюць як неактыўны ўдзел у вызваленні палітвязняў.
«Ствараецца такая ілжывая дылема, што вы або за санкцыі, або за вызваленне», — сказала яна.
«Такое адчуванне, што тыя, хто супраць таго, каб даваць легітымнасць рэжыму Лукашэнкі, супраць прамога дыялогу, тыя, значыць, супраць вызвалення людзей, а астатнія — за. Але так не бывае. Гэты ліст можа проста раскалоць грамадства», — заявіла Ціханоўская.
Паводле яе слоў, месэджы ліста правільныя, але пытанне ў тым, як ім можа скарыстацца рэжым. Яна таксама звярнула ўвагу, што ў лісце няма фактару вайны і няма беларусаў як суб'екта.
Ціханоўская сумняваецца, што прамыя перамовы Еўропы з рэжымам дадуць вынік. «Ёсць гарантыі, што рэжым адпусціць людзей? Няма. Але гэта ўзвысіць рэжым Лукашэнкі. Яму не патрэбны дыялог як такі. Яму трэба паказаць, што Еўропа са сваёй прынцыповай пазіцыяй наконт свабод чалавека, наконт вызвалення палітвязняў здалася і хоча вярнуцца да нармалізацыі адносін», — сказала яна.
«Канечне, чалавечае жыццё важнейшае за ўсё, але якім спосабам гэтага дасягнуць? Лукашэнка хацеў бы, каб і беларусы, і еўрапейцы прыпаўзлі на каленях, прасілі прабачэння, і давайце вернемся ў 2019 год. Але так ужо не будзе», — сказала Ціханоўская.
Яна мяркуе, што большасць беларусаў не хацела б вярнуцца ў стан, калі палітвязняў вызваляць, але рэпрэсіі працягнуцца, а тых, хто выехаў, будуць і далей пераследаваць. «Без ціску не вызвалялі і тых людзей, якіх, дзякуй богу, ужо вызвалілі», — падкрэсліла яна.
Паводле Ціханоўскай, еўрапейскія партнёры падтрымліваюць месэджы ліста, аднак для іх, акрамя палітвязняў, важныя пытанні бяспекі і вайны ва Украіне. Яна звярнула ўвагу, што ўжо шмат месяцаў ЕС не ўводзіць новых абмежаванняў супраць рэжыму менавіта за парушэнні правоў чалавека, і заклікала працягваць ціск.
«Мы на што спадзяёмся? На праяву гуманізму з боку Лукашэнкі? Ну я б на гэта не спадзявалася», — сказала Ціханоўская.
Каментары