Кампанія Dongfeng прадставіла першы гібрыдны аўтамабіль беларускай зборкі
Кітайскі канцэрн Dongfeng афіцыйна прадставіў у Мінску першы гібрыдны аўтамабіль беларускай зборкі — Forthing X5 EVO. Машыны збіраюць на заводзе «Юнісон». Прэзентацыя першых экзэмпляраў адбылася 4 лістапада з удзелам прадстаўнікоў кітайскай кампаніі і афіцыйнага дыстрыб'ютара, піша Office Life.

Навінка можа стаць прыкметнай з'явай на беларускім аўтарынку. Пасля таго як у 2025 годзе ўтылізацыйны збор на найбольш папулярныя гібрыды з рухавікамі аб'ёмам ад аднаго да двух літраў павялічылі ў 43 разы, іх імпарт у Беларусь амаль спыніўся. Цяпер мясцовая прамысловая зборка дазваляе пазбегнуць гэтага збору і зрабіць аўтамабілі больш даступнымі.
У залежнасці ад камплектацыі Forthing X5 EVO будзе каштаваць ад 92,7 да 98,7 тысячы рублёў. Акрамя таго, беларускі статус аўтамабіля дазволіць купцам разлічваць на больш выгадныя ўмовы крэдытавання, падобныя да тых, якія прапануюць для машын маркі Belgee.
Forthing X5 EVO абсталяваны паслядоўнай гібрыднай сістэмай з бензінавым генератарам, які выпрацоўвае электраэнергію для руху. Паводле кітайскага стандарту, на адной зарадцы батарэі аўтамабіль можа праехаць да 230 кіламетраў. У гібрыдным рэжыме агульны запас ходу заяўлены на ўзроўні больш за 1100 кіламетраў.
Сярод абсталявання — адаптыўны круіз-кантроль, сістэма ўтрымання ў паласе руху і сістэма кругавога агляду. У найбольш дарагой камплектацыі прадугледжаныя восем падушак бяспекі, сядзенні з функцыямі масажу і вентыляцыі, а таксама памяць налад сядзення кіроўцы.

Аўтамабіль таксама адаптавалі да беларускіх умоў эксплуатацыі. На заводзе «Юнісон» выконваюць ацынкаванне і афарбоўку кузава з улікам патрабаванняў кітайскага вытворцы і мясцовага клімату. Узмоцненая антыкаразійная апрацоўка, інтэрфейс русіфікаваны, прадугледжаная падтрымка Apple CarPlay і Android Auto. Пакуль у машыне няма падагрэву лабавога шкла, але вытворца абяцае дадаць гэтую функцыю ў будучыні.
Генеральны дырэктар Dongfeng Liuzhou Motor Ван Вэньюн, які прыехаў у Беларусь на прэзентацыю, заявіў, што кампанія разглядае мясцовы рынак як перспектыўны для такіх аўтамабіляў. У Dongfeng таксама вывучаюць магчымасць пашырэння мадэльнага шэрагу беларускай зборкі.
Афіцыйны дыстрыб'ютар запэўнівае, што праблем з абслугоўваннем не будзе: у Беларусі ўжо працуюць 14 аўтацэнтраў Dongfeng ва ўсіх рэгіёнах краіны. Да гэтага часу на «Юнісоне» збіралі толькі традыцыйныя аўтамабілі з рухавікамі ўнутранага згарання. Паводле звестак дыстрыб'ютара, за 2026 год прадпрыемства выпусціла больш за 5850 аўтамабіляў маркі Forthing.
У гэта складана паверыць, але некаторыя аўто ў Беларусі каштуюць нашмат танней, чым у Еўропе. Як такое магчыма?
JAC, BMG, Citroen і не толькі. Якія яшчэ маркі аўто збіраюць у Беларусі — апроч Geely
Не толькі Geely. Якія яшчэ кітайскія аўто сталі папулярныя ў Беларусі
Брэнд Forthing прадставіў у Беларусі новы электрычны ліфтбэк
Dongfeng выпусціў спецыяльную серыю электрамабіляў з беларускім арнаментам
Каментары