Міністр Іван Кубракоў і дарадца міністра абароны Украіны Аляксандр Кубракоў — сваякі? Не, фэйк
У медыя і сацыяльных сетках распаўсюджваецца інфармацыя пра тое, што міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў нібыта даводзіцца родным дзядзькам украінскаму палітыку Аляксандру Кубракову. Гэтая гісторыя шырока разышлася ў беларускіх выданнях, аднак выглядае, што яна беспадстаўная. Радыё Свабода разабралася, адкуль узялася гэтая навіна, а таксама сабрала факты і дакументы, якія яе абвяргаюць.

Хто такі Аляксандр Кубракоў?
Аляксандр Кубракоў нарадзіўся 20 жніўня 1982 года ў Першатравенску (цяпер Шахтарскае) Днепрапятроўскай вобласці Украіны. Да 2019 года працаваў у сферы маркетынгу і IT, пасля быў абраны дэпутатам Вярхоўнай Рады ад партыі «Слуга народа». Пазней ён заняў пасаду кіраўніка «Укравтодора», а ў 2021 годзе стаў міністрам інфраструктуры Украіны. У 2022 годзе ён увайшоў у склад стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага Украіны, а пасля быў прызначаны віцэ-прэм’ер-міністрам у пытаннях аднаўлення краіны. З 7 студзеня 2025 года займае пасаду дарадцы міністра абароны Украіны.
Хто такі Іван Кубракоў?
Іван Кубракоў нарадзіўся 5 траўня 1975 года ў вёсцы Малінаўка Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. З 1995 года працаваў у міліцыі, займаў розныя пасады ў Заслаўі, Віцебску і Мінску. У 2018 годзе атрымаў званне генерал-маёра і ўзначаліў сталічную міліцыю. З 29 кастрычніка 2020 года займае пасаду міністра ўнутраных спраў Беларусі.
Кіраваў разгонам пратэстаў 2020 года, пасля чаго трапіў пад санкцыі ЕС, ЗША, Вялікай Брытаніі і Канады.
Фэйк, які выйшаў за межы Украіны
Першае паведамленне пра сваяцтва Івана і Аляксандра Кубраковых з'явілася 1 снежня 2020 году ва ўкраінскіх выданнях, вядомых публікацыямі неправеранай інфармацыі, — «Політрада» і «Знай.UA». «Політрада» спаслалася на «ўласныя крыніцы», якіх не канкрэтызавала, а «Знай.UA» падало як доказ матэрыялы «Нашай Нівы» і «Зеркала», у якіх была згаданая толькі біяграфія Івана Кубракова.
Гэтае сваяцтва ўкраінскія выданні абгрунтавалі супадзеннем імёнаў родзічаў — Кубракова Мікалая Уладзіміравіча. Так завуць і бацьку ўкраінскага палітыка, і брата беларускага міністра. Яны поўныя цёзкі. За межы ўкраінскіх медыя гэтая інфармацыя ў 2020-м не выйшла, але яе падхапілі беларускія выданні і публікуюць час ад часу дагэтуль.
Сапраўды, брата беларускага міністра Івана Кубракова завуць Кубракоў Мікалай Уладзіміравіч. Так жа завуць і бацьку дарадцы ўкраінскага міністра абароны Аляксандра Кубракова. Але, як паказалі сабраныя Свабодай дакументы, гэта два розныя чалавекі.
Беларусь: Мікалай Кубракоў, брат беларускага міністра ўнутраных справаў
У 2015 годзе ў раённай дзяржаўнай газеце «Голас Касцюкоўшчыны» было апублікаванае інтэрв'ю з маці цяперашняга беларускага міністра Івана Кубракова — Ганнай Кубраковай. Яна 1937 года нараджэння, з вёскі Маліноўка Касцюковіцкага раёна. У артыкуле называюцца імёны ўсіх яе 5 сыноў, а таксама даты іх нараджэння.
«У 1960 годзе нарадзіўся Мікалай, 1961 — Міхаіл, 1964 — Віктар, 1969 — Сяргей, 1975 — Іван. […] Усе яны маюць свае сем’і, жывуць у Мінску, працуюць», — пісала газета «Голас Касцюкоўшчыны» з словаў маці Івана Кубракова.

Тое ж самае расказвала і цётка Івана Кубракова па бацьку Валянціна Кубракова ў 2020 годзе, калі да яе прыязджалі журналісты TUT.BY. З яе словаў, усе пяцёра братоў правялі дзяцінства на вёсцы. Паступова, адзін за адным, яны пераехалі ў Мінск.
«Іван Кубракоў — наймалодшы з пяці братоў. Ён апошнім з іх з'ехаў у Мінск, але пабудаваў самую паспяховую кар’еру. Старэйшы брат Мікалай выехаў у Мінск першым і таксама працаваў у міліцыі, пайшоў на пенсію па выслузе гадоў, але працягвае працаваць у цывільным сектары. Міхаіл — кіроўца «ў нейкага начальніка», Віктар таксама кіроўца ў нейкай арганізацыі, кажа Валянціна Мацвееўна. Маці новага міністра ўнутраных справаў памерла ў сакавіку 2020 года, кажа Валянціна Кубракова. Ёй было больш за 80 гадоў. Бацька памёр даўно і даволі рана — у 58 гадоў: сардэчны прыступ».

Пра тое, што нехта з дзяцей нібыта пераехаў ва Украіну, жанчыны не ўзгадвалі.
Але менавіта старэйшага брата міністра Івана Кубракова — Мікалая Кубракова — некаторыя медыя звязалі з яго ўкраінскім цёзкам.

Як паведамілі Свабодзе «Кіберпартызаны», ва ўзламанай імі базе звестак МУС Беларусі ёсць дасье на маці Івана Кубракова Ганну. Але няма ніякіх звестак пра яе дзяцей, акрамя аднаго — Івана. Мужам пазначаны Кубракоў Уладзімір Цімафеевіч, 1934 года нараджэння, без аніякіх падрабязнасцяў.
Радыё Свабода знайшла ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» чалавека з імем Мікалай Кубракоў. Годам нараджэння ў яго пазначаны 1960-ы, што супадае з годам, названым у артыкуле «Голасу Касцюкоўшчыны». Фатаздымку на старонцы няма. У сябрах у яго ў асноўным людзі за Дзяржынска і Станькава, гэта побач з Мінскам. Частка з іх былыя вайскоўцы, сілавікі, людзі прарасійскіх поглядаў. Таксама тут жа адзін сябар з Касцюковічаў — Віктар Глушакоў. У апошняга на старонцы ёсць фатаздымкі з братамі Кубраковымі, зробленыя ў Касцюковічах.

У тым жа артыкуле газеты «Голас Касцюкоўшчыны» ў 2015 годзе ёсць і каментар самога Мікалая Кубракова. Для гэтага, як сцвярджаецца, журналісты пазванілі яму «ў Мінск»:
«Наша мама — рукадзельніца. Кожнай нявестцы ў падарунак да вяселля яна вышыла пасцельную бялізну і ручнікі. Мы вельмі беражліва захоўваем яе працы. Цяпер я на пенсіі, жыву на дачы, і пакоі хаты ўпрыгожваюць вышытыя наўлечкі. […] Пагоду ў бацькоўскай хаце заўсёды стварае мама, дзякуючы ёй атмасфера да гэтага часу захавалася сонечнай, цёплай, жыццесцвярджальнай, сюды хочацца заўсёды прыязджаць».
Украіна: Мікалай Кубракоў, бацька дарадцы міністра абароны
Мікалай (Микола) Кубракоў, бацька дарадцы ўкраінскага міністра абароны Аляксандра Кубракова, вонкава не падобны ні на кога з братоў беларускага міністра. Больш за тое, год нараджэння ягоны таксама іншы. Ён старэйшы на 5 гадоў за беларускага Мікалая Кубракова.
Старонкі Міколы Кубракова мы знайшлі ў сацыяльных сетках «Одноклассники» і фэйсбук.

Фота і дата нараджэння Міколы Кубракова супадаюць з дакументамі, якія атрымала Свабода з украінскіх пашпартных базаў. З іх жа вынікае, што ўкраінскі Мікола Уладзіміравіч Кубракоў нарадзіўся на ўсходзе Украіны, у Луганскай вобласці, таксама каля мяжы з Расіяй, але за 700 кіламетраў ад Касцюковічаў. Жыў у Крывым Розе і Першатравенску (цяпер Шахцёрскае) Днепрапятроўскай вобласці, а цяпер жыве ў Кіеве.

Яго сын Аляксандр Кубракоў, які 7 студзеня 2025 года стаў дарадцам украінскага міністра абароны, нарадзіўся ў Першатравенску (цяпер Шахтарскае) і ўжо доўгі час таксама жыве ў Кіеве.
У сацыяльных сетках Міколы Кубракова не знайшлі ніякіх узгадак пра Беларусь. Там жа можна пабачыць, што няма людзей з Беларусі сярод ягоных сеткавых сяброў. Большасць іх з Першатравенска. Таксама ў яго на старонцы пазначана, што ў гэтым горадзе ён вучыўся ў школе № 2 з 1962 па 1972 гады.
Радыё Свабода звярнулася па каментар як да Аляксандра Кубракова, так і да Міколы Кубракова. Абодва адказалі, што не прыходзяцца родзічамі міністру ўнутраных справаў Беларусі Івану Кубракову.
«Не, ніякага дачынення да яго не маю, у Беларусі ніколі не быў», — адказаў Мікола Кубракоў.
Такім чынам, ніводнага рэальнага доказу роднасці і сваяцтва ўкраінскага Аляксандра Кубракова і беларускага міністра Івана Кубракова няма.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
быу другi артыкул.там даказвалi ,што вельмi блiзкая радня.
I сумесны бiзнес!