Цэнтральную ролю ў арганізацыі перамоваў з амерыканцамі адыграў муж Наталлі Пяткевіч. Чаму ён?
Кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў не прысутнічаў на першай за доўгі час сустрэчы з амерыканцамі ў Мінску. Ці ўтрымаецца Рыжанкоў на пасадзе? А калі Дзмітрый Круты перасядзе ў крэсла прэм'ер-міністра, то Пяткевіч — натуральны кандыдат, каб узначаліць Адміністрацыю прэзідэнта.

Звычайна бывае так, што арміі дыпламатычных пасярэднікаў гадамі рыхтуюць глебу для сустрэчы першых асобаў. Асабліва калі ёсць разыходжанні ў поглядах на прынцыповыя рэчы. Тады, па стандартах Венскай школы, трэба знайсці месцы, з якімі згодныя ўсе бакі, раскінуць вакол іх мосцікі, па якіх перайсці да іншых пытанняў.
Новы амерыканскі прэзідэнт лічыць такую структуру неэфектыўнай, ракіруе парадак згодна з бізнэс-падыходам: спачатку мы дамовімся пра асноўныя прынцыпы ў вузкім коле, а дыпламаты хай потым ужо падганяюць сваю работу пад рашэнні дарослых.
Лукашэнка ў пералік гэтых «дарослых», з кім Трамп рашае справы наўпрост, не ўваходзіць. Але яму таксама дасталася хуткая і канкрэтная прапанова: усе палітычныя ў абмен на аслабленне санкцый з магчымасцю працягнуць дыялог.
Калі бачыць у сустрэчы намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША з Аляксандрам Лукашэнкам нейкую ўверцюру да зніжэння градуса канфрантацыі, то адно з галоўных адрозненняў ад папярэдніх такіх паваротаў у тым, што Міністэрства замежных спраў як інстытут амаль выключаны з працэсу перамоваў.
На сустрэчы Лукашэнкі з Крысам Смітам не было ні беларускага міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова, ні ягоных намеснікаў. У гэты дзень міністр даваў інтэрв'ю БелТА па выніках камандзіроўкі ў Ліван і расказваў пра гатоўнасць Беларусі пастаўляць туды тэхніку.
Можна сказаць, што Лукашэнка дабіўся таго, чаго хацеў: МЗС як ведамства з наймацнейшымі прабеларускімі і праеўрапейскімі інстынктамі ад палітычных пытанняў адхіленае, а займаецца гаспадарчымі, «прасоўваннем беларускай прадукцыі на знешніх рынках». МЗС ператварылася ў такі «аддзел маркетынгу на знешніх рынках».

У той жа час, выглядае, што цэнтральную ролю ў арганізацыі перамоваў з амерыканцамі адыграў муж Наталлі Пяткевіч, шматгадовы рэзідэнт Нью-Ёрка, былы памочнік Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў. Менавіта з ім сустракаўся Лукашэнка напярэдадні візіту амерыканскага госця.
У гэтым факце хтосьці можа пабачыць з'яўленне новага моцнага кандыдата на месца міністра замежных спраў.
Для Рыбакова такая перамена была б пажаданай хаця б і з асабістых прычын — ён ужо паўгода жыве ў адрыве ад уплывовай жонкі.
У той жа час Рыжанкоў — лёгка замяняльны міністр, у якога няма моцных канкурэнтных пераваг. Ён вялікая фігура ў Беларусі, але незаўважная ў свеце.
Вопыт Рыжанкова ў асноўным адміністратыўны, а не дыпламатычны, і сканцэнтраваны ён унутры краіны.
З моманту сканчэння ўніверсітэта ў 1994-м Рыжанкоў сумарна адпрацаваў за мяжой няпоўныя 6 год: чатыры ў Ізраілі (1996—2000) і два ў Польшчы (2003—2005).
Старыя знаёмствы ў Ізраілі (калі яны і маглі з кімсьці завязацца ва ўчорашняга студэнта) сёння неактуальныя.
З Польшчы Рыжанкова выслалі ў адказ на высылку польскіх дыпламатаў з Мінска. Але нечым Максім так даўся ў знакі палякам, раз тыя не далі прызначыць яго паслом у Румынію, напісаўшы разгромную характарыстыку для калег па Еўрасаюзе.
З 2020 года Рыжанкоў пад санкцыямі, на папярэдніх пасадах у Адміністрацыі прэзідэнта ён быў сярод архітэктараў канфрантацыі з Еўропай, а ў статусе міністра, кажуць, не зрабіў нічога для наладжвання хаця б міжасабовых кантактаў. Рыжанкоў зусім не ведае ЗША, рэдка бываў у Амерыцы.
Між тым добрае веданне амерыканцаў — моцны бок Рыбакова. Ён — дыпламат дасведчаны.
У 1994 годзе пасля Лінгвістычнага ён прайшоў трохмесячныя курсы пры Дзярждэпе ЗША. 2001—2005 правёў у ЗША. З 2006 па 2013 быў памочнікам Лукашэнкі. З 2013 па 2017 — намеснікам Макея. З 2017 па цяперашні час, амаль рэкордны перыяд, — прадстаўнік Лукашэнкі ў ААН.
Пасля смерці Алега Краўчанкі Рыбакоў — самы вопытны дыпламат на амерыканскім кірунку. У той жа час для расіян ён свой, бо нарадзіўся ва Уфе.
Але галоўны момант — роля Наталлі Пяткевіч, жонкі Рыбакова. Яна апраўдала надзеі Аляксандра Лукашэнкі. Крыніцы «Нашай Нівы» кажуць, што ён моцна задаволены тым, якую выбарчую кампанію яна арганізавала.
І калі Дзмітрый Круты перасядзе ў крэсла прэм'ер-міністра, то Пяткевіч — натуральны кандыдат, каб узначаліць Адміністрацыю прэзідэнта.
Прэцэдэнту, каб адначасова жонка і муж, муж і жонка займалі дзве настолькі важныя пасады, у Беларусі яшчэ не было. Але выключаць такі варыянт няможна.
У той жа час нельга выключаць, што Рыбакоў ці Пяткевіч могуць сабе працягваць курыраваць кантакты з Захадам на іншых пасадах, а міністр — Рыжанкоў ці іншы — будзе сабе паспяхова займацца продажам трактароў. Тым больш што Мінск жыве чаканнем абвалу расійскай эканомікі.
Большасць беларусаў скажуць, што няма ніякай розніцы ў тым, хто міністр. Усё адно як Лукашэнка скажа — так і будзе. І гэта праўда.
Але тут трэба зрабіць дапушчэнне на гістарычны момант: сёння, калі ва Украіне з удзелам ЗША рашаецца лёс свету, з ім і лёс Лукашэнкі таксама, з ім — і лёсы беларусаў таксама. І таму і міністр, які здольны пра нешта гаварыць і ведае з кім гаварыць і як гаварыць, лепшы, чым міністр, які на тое не здольны.
Што адназначна — лёс магчымай здзелкі з ЗША «зняццё часткі санкцый узамен за вызваленне часткі палітвязняў» не будзе залежаць ад таго, хто будзе займаць пасаду міністра замежных спраў Беларусі. Ён будзе залежаць ад сітуацыі на ўкраінска-расійскім фронце і прагнозаў стану расійскай эканомікі. Калі датацыі з Расіі патэнцыйна зменшацца, Аляксандр Лукашэнка сам спыніць канфрантацыю з Захадам.
Больш пра Наталлю Пяткевіч глядзіце ў відэафільме «Нашай Нівы»:
Каментары