Грамадства11

«Праз 9 месяцаў узніклі пытанні». Паход у абменнік для 80-гадовага мужчыны скончыўся вялікімі непрыемнасцямі

Гісторыя пачалася яшчэ ў 2023 годзе. Мужчына паехаў у банк, каб абмяняць даляры, вярнуўся дадому і паспеў забыцца пра той візіт у абменнік. Але ў 2024 годзе да яго звярнуліся з пытаннем — дзе 100 даляраў, якія ён забраў з банка? Аказалася, што ў той дзень у банку выявілі недастачу, піша Onliner.by.

Не такая ўжо і рэдкая гісторыя

Выпадкі, калі людзі сыходзяць з банка з грашыма, якія яны не павінны былі забіраць, перыядычна трапляюць у міліцэйскія зводкі.

Апошні такі выпадак, пра які расказалі грамадскасці, адбыўся ў Магілёве: касір па памылцы выдала лішнюю тысячу рублёў. Яна не прыбрала наяўныя, атрыманыя ад папярэдняга кліента, і перадала іх наступнаму.

19-гадовы хлопец з’ехаў дадому ў Шклоў, але яго хутка выявілі і завялі крымінальную справу.

Яшчэ адна гісторыя з Магілёва ўжо дайшла да суда — мужчыну прызналі вінаватым у таемным выкраданні маёмасці (крадзяжы) паводле ч. 1 арт. 205 КК. Яму прысудзілі штраф 90 базавых велічынь (у 2024 годзе гэта складала 3600 рублёў). Касір па няўважлівасці перадала мужчыне лішнія 1120 рублёў.

У Гомелі адбылася гісторыя, у якую складана паверыць: жанчыне замест тысячы даляраў памылкова выдалі 10 000. Гэта здарылася яшчэ ў 2014 годзе, і тады за інфармацыю пра яе абяцалі ўзнагароджанне да тысячы даляраў.

Нават калі ў аперацыях з наяўнымі не ўдзельнічае касір, усё роўна варта пералічыць атрыманыя грошы. Мінчук забраў у банкамаце 600 рублёў, думаючы, што гэта «памылка банка». Вынік — крымінальная справа.

У банках раяць не забіраць чужыя грошы з прылад самаабслугоўвання, калі іх там пакінуў папярэдні кліент. Як правіла, банкаматы настроены так, што праз 30—60 секунд яны аўтаматычна забіраюць забытыя купюры назад.

— Калі грошы ўсё яшчэ ляжаць на відным месцы і іх можа хтосьці забраць, лепш за ўсё паведаміць пра сітуацыю ў банк, якому належаць банкаматы.

«Не памятае, каб браў чужыя грошы»

Гэтую гісторыю расказала дачка мужчыны, які апынуўся ў такой сітуацыі. Сям’я папрасіла не згадваць іх сапраўдныя імёны — гісторыя не з прыемных, а бацьку амаль 80 гадоў, і ён вельмі перажываў.

4 ліпеня 2023 года Аляксей сеў на ровар і паехаў у банк. Ён добра памятае дату — у гэты дзень памёр ягоны сын. Мужчына хацеў абмяняць валюту, каб абнавіць надмагілле. Ён узяў грошы, з’ездзіў у банк з доларамі і вярнуўся з беларускімі рублямі. Сума была складзена разам з іншымі наяўнымі, каб расплаціцца з рабочымі, калі яны скончаць працу.

У сакавіку 2024 года да Аляксея прыйшлі са Следчага камітэта і пачалі распытваць пра грошы, якія ён атрымаў у банку 9 месяцаў таму, і пра лішнія 100 даляраў. На многія пытанні мужчына не мог адказаць праз асаблівасці здароўя — у яго другая група інваліднасці па зроку.

— Калі яму трэба разгледзець дробныя прадметы, ён карыстаецца вялікай лупай. Грошы ён адрознівае па колеры, але некаторыя купюры можа пераблытаць, калі яны падобныя.

— Чаму ў такім выпадку менавіта ён мяняў грошы?

— Бацька заўсёды хадзіў у банк, і праблем не было. Ён можа ездзіць на ровары, нягледзячы на інваліднасць. Дакладную суму ён не памятаў — даляры яму давала жонка, яна ж узяла беларускія рублі і паклала іх разам з іншымі зберажэннямі, не пералічваючы.

Аказалася, што перад Аляксеем да таго ж касіра звярталася жанчына — супрацоўніца гэтага банка. Яна пераводзіла даляры свайму сыну, але 100 даляраў з сумы да яго не дайшлі. Па адной з версій, купюра магла застацца ў латку для прыёму і выдачы грошай.

— Чаму да вашага бацькі прыйшлі праз столькі часу?

— Калі яна выявіла страту, нам не сказалі.

Пакуль ішло разбіральніцтва, улетку 2024 года мужчына перадаў 100 даляраў. Жанчына, якая іх згубіла, дала яму распіску.

— У жніўні 2024-га следчы патэлефанаваў бацьку і сказаў, што яго справа закрываецца па амністыі. Але ў студзені 2025 года яму зноў пазванілі і папрасілі прыйсці на размову. Пракуратура звярнула ўвагу на гэты выпадак.

— Бацька настойваў, што не браў чужыя грошы. Я спытала: «Можа, ты проста не памятаеш?» Але ён казаў, што ні за што не стаў бы хаваць гэта. Для яго гэта сорам — апынуцца ў такой сітуацыі на старасці гадоў.

Нарэшце, справа ўсё ж была закрыта. Але сям’я задаецца пытаннем, якую адказнасць у такіх выпадках нясуць касіры.

— Атрымліваецца, што два звычайныя работнікі банка не заўважылі памылкі, а чалавек з інваліднасцю амаль стаў вінаватым.

Што кажа закон?

Што рабіць, калі ў банку выдалі лішнія грошы, тлумачыць юрыстка Таццяна Равінская.

— Знойдзеныя, залішне выдадзеныя па памылцы грошы — гэта чужая маёмасць, пакідаць іх сабе і нікуды не паведамляць, не вяртаць, вядома ж, нельга.

Знайсці чалавека, які атрымаў лішнія купюры, цяпер нескладана. Таму неабходна вярнуць грошы ў банк альбо ў міліцыю, паведаміўшы пра ўсе абставіны.

— З пункту гледжання грамадзянска-прававой адказнасці гэта неабгрунтаванае ўзбагачэнне. Банк мае права, усталяваўшы асобу чалавека, і ў выпадку невяртання грошай патрабаваць іх праз суд (п. 1 арт. 971 ГК). Пры гэтым, акрамя саміх грошай, банк можа запатрабаваць выплаціць працэнты за карыстанне чужымі грашыма (п. 2 арт. 976 ГК).

Калі будзе дакладна ўстаноўлена, што чалавек прысвоіў «лішнія» грошы, і ён катэгарычна будзе адмаўляць гэты факт, то ў такім выпадку (канешне, пры даказанасці яго віны) можа ісці гаворка і пра крымінальную адказнасць паводле арт. 215 КК (прысваенне знойдзенай маёмасці; караецца грамадскімі работамі, альбо штрафам, альбо арыштам).

Аднак, каб дзеянні вінаватага былі кваліфікаваныя па гэтым артыкуле, ён павінен завалодаць сумай не менш за 1 000 базавых велічынь (зараз — 42 000 рублёў). Прысваенне грашовых сродкаў у памеры да гэтай сумы цягне адміністрацыйную адказнасць паводле арт. 11.4 КаАП (штраф да 5 БВ).

Што тычыцца работніка банка, то ацэнку яго дзеянням дасць адпаведная праверка. Наймальнік павінен праверыць, ці ўсё было выканана работнікам у адпаведнасці з патрабаваннямі, якія прад'яўляюцца да выконваемых аперацый. Пры выяўленні памылак наймальнік павінен разгледзець і ўлічыць наяўнасць прычынна-следчай сувязі паміж прычынай, якая пацягнула матэрыяльную шкоду, і наступствамі, гэта значыць прычыненнем гэтай шкоды. Пры наяўнасці віны работніка яго могуць прыцягнуць да матэрыяльнай адказнасці — яму прыйдзецца пакрыць шкоду.

Каментары1

  • Проста жыхар
    18.02.2025
    А калі раптам памыляецца (або "памыляецца") супрацоўнік банка, то ніякай адказнасці для банка няма. І дзе тут справядлівасць у сацыяльнай дзяржаве?

Цяпер чытаюць

Шакуючая страта года, таямнічыя знікненні, дыкпікі і дэпартацыі — асноўныя людзі і падзеі 2025 года5

Шакуючая страта года, таямнічыя знікненні, дыкпікі і дэпартацыі — асноўныя людзі і падзеі 2025 года

Усе навіны →
Усе навіны

Літва рыхтуе масты на мяжы з Беларуссю і Расіяй да падрыву ў выпадку нападу6

Памёр Вячаслаў Хадасоўскі2

«Стаўленне на найвышэйшым узроўні». Як былыя ўдзельнікі «СВА» адпачываюць у беларускіх санаторыях6

У Варшаве праходзіць развітанне з Мікітам Мелказёравым8

Квадрат у Мінску каштуе рэкордна дорага: нарэшце пабіты рэкорд 2007 года5

Нацбанк прэзентаваў квадратную, прамавугольную манету і манету дзіўнай формы1

«Не было ні гудзення, ні выбухаў». Сур’ёзныя нестыкоўкі ў версіі РФ пра атаку на рэзідэнцыю Пуціна11

На картках Беларусбанка могуць некарэктна адлюстроўвацца балансы

Аднойчы за Беларусь на Алімпіядзе выступаў Канстанцін Каліноўскі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Шакуючая страта года, таямнічыя знікненні, дыкпікі і дэпартацыі — асноўныя людзі і падзеі 2025 года5

Шакуючая страта года, таямнічыя знікненні, дыкпікі і дэпартацыі — асноўныя людзі і падзеі 2025 года

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць